Няўжо збіраюцца сарваць свята 100-годдзя БНР?

Каб людзі не прыйшлі на святочны канцэрт да Опернага тэатру ў Мінску 25 сакавіка? Прынамсі такое ўражанне можа міжволі ўзнікнуць, калі пазнаёміцца з афішай мінскіх дзяржаўных і прыватных музеяў і галерэй на бліжэйшыя выходныя.

Экспазіцыя твораў Сальватора Далі

Экспазіцыя твораў Сальватора Далі

 Але ўражанне — памылковае. Некалькі парадаў — куды варта ці не варта наведацца ў вольны час.

Нацыянальны гістарычны музей (вул. Маркса, 12) адкрывае сэт новых эксклюзіўных экспазіцый менавіта паказам дакументаў, фота і артэфактаў да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларусі — 3-й Статутнай граматы БНР ад 25 сакавіка 1918 г., абвяргаючы тэзу пра няўвагу музеяў да хуткага свята. На выставе можна бачыць экспанаты з фондаў як самога музею, так і Нацыянальнага архіву РБ, Беларускага дзяржаўнага архіву-музею літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага гістарычнага архіву, Цэнтральнага архіву КДБ, Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музею, што перадаюць жывы дух эпохі і вырашальных гістарычных падзей. У тым ліку і выключна рэдкія: 3-ю Статутную грамату, арыгінальныя спісы дэлегатаў першага Усебеларускага народнага сходу 1917 года, дакументы Народнага Сакратарыяту і Рады Народных Міністраў БНР, пячатку Рады БНР, якую насіў Вацлаў Ластоўскі, асабістыя рэчы ўдзельнікаў падзей. Экспазіцыя працуе па 7 мая.

Выстава да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларусі 

Выстава да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларусі 


На другім паверсе музея наведвальнікі задаволяць самы вытанчаны мастацкі густ. У вялікай залі — экспазіцыя твораў Сальватора Далі (калі Мінск бачыў такое!) — 100 гравюр — каляровых ілюстрацый да “Боскай камедыі” Дантэ. Яны лічацца лепшым са створанага мастаком у кніжнай ілюстрацыі, а былі замоўленыя да святкавання 700-годдзя Дантэ ў 1951 г. Выставу суправаджае спецыяльная асветная праграма, у рамках якой у суботу 24 сакавіка а 14-й гадзіне можна будзе праслухаць лекцыю па ксілаграфіі (за кошт уваходнага білету). Побач з Далі — невялікая выстава вытанчаных фарфоравых твораў — утылітарных і мастацкіх, “Мой Ікігай” (японскія алюзіі відавочныя), маладой творцы Аляксандры Баўтрук.

Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага (пл.Свабоды, 15) заваблівае гледача творамі супермоднага расійскага жывапісца Нікаса Сафронава (выстаўляюцца па 22 красавіка). Між іншым, яго папярэдні паказ 3 гады таму ў Мінску наведала 20 тысяч гледачоў. Шмат хто, у тым ліку мастацкія крытыкі, лічыць яго працы кан’юнктурнымі — найперш касцюмаваныя партрэты, дзе, скажам, Лукашэнку можна ўбачыць у вобразе Францыска Скарыны, а Мядзведзева — у абліччы іспанскага арыстакрата 16 стагоддзя. Можна пагадзіцца, што доля рацыі ў такім меркаванні прысутнічае, але хто ж забароніць мастаку зарабляць грошы і падтрымку? (Дарэчы, сярэдні кошт яго прац — каля 6 тысяч даляраў).

Нікас Сафронаў

Нікас Сафронаў

Тое ж, што зараз прывезена ў Мінск — пераважна складаецца з вельмі жывых і сакавітых краявідаў, безумоўна майстэрскіх. Часткова з Блізкага Усходу — выстава рыхтавалася для паказу таксама ў Бахрэйне, таму адлюстроўвае экзотыку арабскіх пейзажаў. Дадамо, што Нікас Сафонаў нам не зусім чужы: яго маці — літоўка, нарадзіўся ён у Панявежысе, а мастацкую адукацыю атрымліваў у Вільні. Можа, адсюль касцюмаваныя “статусныя” партрэты, падобныя да старабеларускіх шляхецкіх, так званых “сармацкіх”?

Не менш цікавая (тамсама, па 15 мая) выстава “Браніслаў Пілсудскі (1866 –1918). З Сахаліна да Закапанэ. Этнаграфічнае падарожжа”. Не такі вядомы, як брат (кіраўнік міжваенннай Польшчы Юзаф), гэты ураджэнец беларускай Свянцяншчыны (зараз тэрыторыя Летувы) быў выдатным калекцыянерам этнаграфічных рарытэтаў для кіраванага ім Татраўскага музея ў Закапанэ. Адтуль, з Польшчы, у Мінск і прыехалі шматлікія цікавосткі і падбор характэрных фота з народнага побыту. Варта параўнаць з этнаграфічнай калекцыяй Музея старажытнабеларускай культуры НАН (Сурганава, 1/2).

Аляксандра Баўтрук

Аляксандра Баўтрук

Нарэшце, дзве экспазіцыі для задавальнення “народнага густу”. Музей сучаснага мастацтва (пр.Незалежнасці, 47) па 8 красавіка знаёміць з выставай твораў “кожнага, хто пажадае”, другой (пасля прайшоўшай з фурорам у мінулым годзе) стадыяй праекту “Я Манэ, Я Шышкін, Я Малевіч”. Праўда, у меншым памяшканні — калі год таму выставіліся 661 творца, то ў гэтым — каля 300. У тым ліку мінулагодні пераможца, гіперрэаліст Сяргей Трухан (памятаеце зімовы лясны краявід?).

Выстава праекту “Я Манэ, Я Шышкін, Я Малевіч"

Выстава праекту “Я Манэ, Я Шышкін, Я Малевіч"

У моры добрых, сярэдніх і выразна кічавых прац вылучаюцца творы сапраўдных майстроў — Зоі Луцэвіч, Сяргея Баленка, Андрэя Плясанава, Сяргея Плотнікава, Анастасіі Бурко. Але ўсе схаваны пад нумарамі. Цікава, што дасць народнае галасаванне (можна паставіць нумар на квітку і апусціць у скрыню) у гэтым годзе?

isaczou_logo.jpg

Парад кічу працягвае галерэя “Артэль” (пр.Незалежнасці, 58/1-6) паказам твораў Аляксандра Ісачова (па 4 мая). Гэты мастак з цяжкім лёсам сваімі творамі — хутка пасля заўчаснай смерці — паставіў рэкорд наведвання. У Палац прафсаюзаў, дзе яны экспанаваліся, у 1998 г. прыйшлі каля 200 тысяч чалавек! Але гэта — не паказчык якасці работ. На яго загадкавыя міфалагічныя вобразы, вытачаныя, як на фатграфіі, цягнуліся людзі, якіх вабіў “забаронены плод” неафіцыйнага мастацтва. І загадка лёсу — зрэшты, даволі простая: мастак з Рэчыцы памёр ад наркотыкаў, да якіх прызвычаіўся ў піцерскай тусоўцы. Зрэшты, Ісачоў пісаў вельмі добрыя, густоўныя рэлігійныя карціны. Але яны раскіданы па цэрквах вакол Рэчыцы. Тым не менш, аматарам Ісачова раім наведаць “Артэль”.

Прыемных выходных!

Фота аўтара