Шляхі Уладзіміра Сіўчыкава
Умоўна жыццё кожнага з нас можна падзяліць на пэўную колькасць этапаў, праз якія мы крочым рознымі дарогамі. Вядомы пісьменнік і выдавец Уладзімір Сіўчыкаў падобных выбараў зрабіў нямала, аб чым па просьбе аўтара ён і ўспамінае...
Уладзімір Сіўчыкаў. Мастак Арлен Кашкурэвіч. 2005 г.
Шлях у жыццё
Пабачыў свет я ў 1958 годзе, у дзень, пазначаны ў календарах як Дзень сонца, Сусветны дзень вольнага друку, Дзень Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 Мая і Дзень Канстытуцыі ў Японіі, дні нараджэння такіх знакамітасцяў, як італьянскі мысляр Мікола Макіявелі, 5-ы прэм’ер-міністр Ізраіля Голда Меір дый многіх іншых славутых людзей. Сярод іх і ваенны і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, мецэнат князь Багуслаў Радзівіл, які ў 1643 годзе заснаваў маё роднае Жодзіна.
Дагэтуль бытуе стэрэатып пра маладосць горада, а між тым яму больш за 370 гадоў. Нават найменняў ён меў некалькі — Жодзіна Слабада, Жодзін, Жодынь і Багуслаў Поліс, што азначала — горад Багуслава.
Па мячы род мой вядзецца з мясцовых, а па кудзелі — з беларуска-расійскага памежжа, з Невельшчыны.
Мама Лідзія Кузьмінічна, якая на Каляды пайшла ў лепшы свет, мела працоўны стаж, пераважна на беларускай чыгунцы, 37 гадоў 5 месяцаў і 23 дні. Можа таму нярэдка згадваецца мне ў працоўным, паўвайсковым строі правадніцы вагона. Дый першым жытлом маім быў чыгуначны барак (з пакоем на сям’ю з чатырох чалавек у 11 квадратных метраў), які стаяў да рэек настолькі блізка, што сваякі, калі прыязджалі ў госці, не маглі спаць начамі, бо ў абодва бакі несупынна праносіліся эшалоны.
З маці перад ад’ездам у Карэлію ў будатрад, 1983 г.
У дзяцінстве нямала гасцяваў я ў бабы Варкі ў вёсцы Старая Мётча на Барысаўшчыне, а таксама ў бабы Пашы з дзедам Нупрэем у Неўлі з ягонымі бясконцымі азёрамі. Але ці не другім маім прытулкам быў дом на жодзінскай вуліцы Маскоўскай, 41, — дом з шыкоўным вішнёвым садам дзядзькі Вані і цёткі Вольгі Аўчарэнак.
Сядзіба стаяла непадалёк ад вадасховішча на рацэ Плісе, дзе ў вольны час з аднагодкамі і сябрамі можна было знайсці безліч заняткаў дый забавак. Вадасховішча ўтварылася, калі напачатку 50-х гадоў збудавалі колішнюю Смалявіцкую ДРЭС, і заўсёды аказвала на жодзінцаў магічны, прыцягальны, магнетычны ўплыў.
Усё лета можна было купацца, катацца на лодках, здабываць аер, вадзяны арэх ці лілеі, праседжваць на беразе з вудамі або эцюднікам.
Нават узімку ў лепшыя гады вадасховішча не замярзала, бо проста ў рэчку праз берагавую насосную з цыркуляцыйнымі вадаводамі, якія ў прастамоўі зваліся «брызгалкай» і «бурлілкай», інжынеры-«цудадзеі» надумаліся скідаць адпрацаваную пару і гарачую ваду!
Цяпло даўно ўжо ашчаджаюць, і электрастанцыя цяпер завецца Жодзінскай цеплаэлектрацэнтраллю. «Брызгалка» з яе абсалютна ўнікальнай сістэмаю труб ужо колькі гадоў як парэзаная на металалом. Разабраныя драўляны басейн, дзе трэніраваліся плыўцы і ватэрпалісты, а таксама агароджа «жаботніка».
Першыя тры гады я правучыўся ў Жодзінскай школе-інтэрнаце.
Калі стаў школьнікам мой малодшы брат Жэня, дык маці перавяла мяне, каб хадзілі разам, у СШ №3, у будынках якой працуе цяпер адзіная ў краіне жаночая гімназія. А з-за пераездаў паспеў я павучыцца яшчэ ў 4-й і 5-й школах, і такім чынам пабыць вучнем чатырох гарадскіх школ з тагачасных шасці.
У ліку жодзінскіх школьнікаў меў за шчасце вучыцца ў такіх выдатных педагогаў, як гісторык Міхась Ткачоў, мастак Аляксей Марачкін, фізкультурнік Міхаіл Элімелах. Наведваў таксама студыі выяўленчага мастацтва Уладзіміра Макарава і Анатоля Казарэза, а таксама баскетбольную секцыю Генадзя Носава. Мастацтва перамагло спорт, і пасля 8-га класа паступіў я ў Мінскую мастацкую вучэльню.
Потым была служба ў войсках сувязі, некалькі год у якасці мастака-афарміцеля Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў і філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта.
Шлях у літаратуру
Размеркаваўся я ў часопіс «Бярозка». Працаваў напачатку тэхрэдам, а потым літсупрацоўнікам і намеснікам галоўнага рэдактара. У трыццаць гадоў упершыню патрапіў за мяжу ў складзе дэлегацыі кіраўнікоў моладзевага друку Беларусі. Праўда, быў у ёй яшчэ толькі Уладзімір Някляеў, які рэдагаваў тады часопісы «Крыніца» і «Родник». Калі вярнуліся з Чэхаславаччыны, дык неўзабаве ляснуўся тамтэйшы моладзевы саюз, а нашы камсамольскія бонзы, калі адбіралі ў нас замежныя пашпарты, бурчэлі напаўжартам: «Ну вось, з’ездзілі Някляеў з Сіўчыкавым у Прагу ды Пльзень дый развалілі чэхаславацкі камсамол!»
Але і папраўдзе атмасфера мянялася, прыйшоў час шматлікіх суполак, аб’яднанняў, партый і франтоў. Я з тагачаснымі сябрамі ўвайшоў у літаратурна-грамадскае аб’яднанне «Тутэйшыя», а неўзабаве, у 1990 годзе, атрымаў сяброўскі білет Саюза пісьменнікаў з рук яго старшыні Васіля Зуёнка.
Мінск, сядзіба БНФ, агульнанацыянальная дыктоўка, 2008 г.
А калі лічыць за пункт адліку першую публікацыю яшчэ студэнтам-другакурснікам у рэспубліканскай прафесійнай прэсе, у штотыднёвіку творчай інтэлігенцыі «Літаратура і Мастацтва» ў 1982 годзе, дык шчырую на ніве айчыннага прыгожага пісьменства больш за тры дзесяцігоддзі. Але і сёння ўпэўнены, што шмат чаго дзеля Беларушчыны робіцца рупліўцамі і сапраўднымі патрыётамі не дзякуючы, а насуперак дзяржаве.
Што значыць быць беларусам? У адказ, каб пазбегнуць патэтыкі альбо банальнасцяў, працытую словы паэта Леаніда Дранько-Майсюка, напісаныя пра мяне: «...Этычныя адносіны да людзей, вера ў нацыянальнае хараство, шанаванне фамільнай прыгажосці, захапленне ўніверсальнасцю беларускай прасодыі, выбудоўванне свайго жыцця паводле сумленных правілаў».
З «Бярозкі» запрасілі мяне ў адну прыватную выдавецкую ўстанову, потым з суполкай паплечнікаў зарэгістраваў і ачоліў установу з цяжка вымаўляльнай назваю БАДППР (Беларуская асацыяцыя дэтэктыўнага, прыгодніцкага і палітычнага рамана). Але адносіны і абставіны склаліся так, што адкрыў прыватнае выдавецтва «Радыёла-плюс». Можа, гэта і заканамерна, бо цялок, якім я ёсць паводле гараскопа, як вядома, заўсёды шукае свой, хай сабе і невялікі, паплавец.
З кніг не аўтарскіх, а «чужых», на пачэсныя месцы на паліцах выстаўляю аздобленыя Арленам Кашкурэвічам «Руны Перуновы» Рыгора Барадуліна, «Інтымны дзённік» Максіма Багдановіча, але перадусім — своеасаблівую анталогію «Яна і Я. Вершы і песні пра каханне». Склалі мы яе з жонкаю Раісай Шастак і, лічу, у Францыі (далоў залішнюю сціпласць!) атрымалі б за падобнае выданне Ордэн ганаровага легіёна. А ў нас 3,5-тысячны наклад давялося рэалізоўваць сем гадоў, прытым што ў краіне дзясяткі тысяч школ і бібліятэк.
Хочацца прыгадаць і абсалютна ўнікальнае выданне — «ЕўраСлоўнік» Лявона Баршчэўскага, у які ўвайшло каля 100 000 адзінак перакладу на 28 еўрапейскіх мовах. Трэба нагадаць, што пазней ён «рассыпаўся» на дзясятак кароткіх граматык еўрапейскіх моў і на (покуль што) два размоўнікі-даведнікі: беларуска-польскі і беларуска-славацкі.
Яшчэ ў школах дзён перад вакацыямі я чакаў з асаблівым жаданнем, бо наcтаўнікі надыктоўвалі спісы абавязковай да прачытання літаратуры. Наіўна верылася, што кнігі тыя — самыя лепшыя, самыя цікавыя. Але, здаецца, паспяваў прачытваць нашмат болей, таму, можа, і праз гэта мушу насіць акуляры яшчэ з пятага класа.
Зразумела, аддаваў належнае купанню і рыбалцы на Плісе, гульням у лесапасадцы пры чыгунцы. Але ж вабілі ўрачыстасцю і стэлажы дзіцячай бібліятэкі, між якіх таямніча парыпвалі маснічыны. Была ў тым пэўная наканаванасць і святасць. Можа, праз тое, што мясцілася бібліятэка ў былым доме святара Яўгена Зубовіча, які паспеў ахрысціць мяне ў зруйнаванай неўзабаве царкве, ці з-за таго, што зычліва і ветліва сустракала бібліятэкарка Марыя Казіміраўна Палішчук, ці праз тое, што прадчуваў насалоду з томікам на лаве пад шатамі старасвецкіх ліпаў на ўдзірванелым царковішчы.
З Рыгорам Барадуліным на офісе выдавецтва
Шлях вяртання
Час ад часу кожны з нас думкамі вяртаецца ў сваё дзяцінства. І гэта цалкам натуральна, бо менавіта там вытокі АСОБЫ.
Для мяне яны былі ў кнігах. Не сказаць, каб самых любімых, а, хутчэй, у тых, што ўразілі і запомніліся як цэльныя творы. Назаву «Рабінзона Круза» Даніэля Дэфо (страшэнна шкадаваў небараку, які пражыў на выспе на самоце дваццаць восем гадоў!) і «Падарожжы Гулівера» Джанатана Свіфта. Праўда, куды пазней, ужо студэнтам-філолагам дазнаўся, што былі тое «дарослыя» творы, але скарочаныя і адаптаваныя для дзяцей! Ну і казкі, казкі братоў Грым і Ханса Крысціяна Андэрсена!
Мабыць, і праз беларускія народныя казкі прыйшоў пазней і да беларускага прыгожага пісьменства. А найяскравей запомніліся Лынькоўскі «Міколка-паравоз» (відаць, праз тое, што быў галоўны герой, як і я, сынам чыгуначнікаў), Маўраўскія «Палескія рабінзоны» (верагодна таму, што разам з сябрукамі ладзіў зямлянкі ды буданы, катаўся на лодках і спрабаваў запрудзіць рачулку Жодзінку). Хаця многае і ў тых рэчах не адразу прымалася ці пераасэнсоўвалася пазней: зразумела, рабінзонам трэба было неяк выжываць на выспе ў паводку, але ж забіць вожыка, змайстраваць з яго булаву, а потым засвяціць ёю між вачэй мядзведзю — гэта, як кажуць сённяшнія падлеткі, крута!
Але несумненна, што немалы мой даробак — у дзіцячай літаратуры і ў перакладах.
Часам напачатку бывае не натхненне, а вытворчая неабходнасць, бо ў выдавецкай справе вельмі шчытна пераплятаюцца творчыя і вытворчыя моманты. Да прыкладу, аднаго разу ўкладальніца і перакладчыца кнігі польскай паэзіі дзецям, нібыта той паштальён Печкін, да апошняга не здавала рукапіс, а калі рэдактары пабачылі прапанаванае да друку, дык жахнуліся, тым болей што спадарыня катэгарычна адмовілася штосьці правіць і дапрацоўваць.
Давялося ў аўральным парадку рыхтаваць новы рукапіс. Разам з Лявонам Баршчэўскім паднялі і падрэдагавалі перакладзенае раней Анатолем Вялюгіным і Сяргеем Дзергаём, а таксама Петрусём Макалём, Уладзімірам Мархелем, Алегам Мінкіным. Сем вершаў са спадчыны Яна Бжэхвы бліскуча ператварыў на заказ Рыгор Барадулін, а рэшту давялося перакладаць мне самому і зноў жа Лявону Баршчэўскаму. Гэта быў выпадак, калі, як кажа адзін мой аднагодак-празаік, проста неабходна было ўперціся пузам у стальніцу.
На радзіме Алеся Адамовіча: Вольга Іпатава, Уладзімір Сіўчыкаў, Сяргей Законнікаў, Генадзь Бураўкін, Валянцін Тарас, 2009 г.
Згадайма, што пасля сталінскага тэрору і ваеннага ліхалецця пісьменніцкі саюз налічваў менш за паўсотню сяброў, і далёка не кожны з іх займаўся перакладам. Нацыі спатрэбілася не адно дзесяцігоддзе, каб выгадаваць перакладчыцкія кадры.
Сёння дзякуючы незалежнасці і суверэнітэту маладыя людзі могуць вучыцца не толькі ў ВНУ былога СССР, але і ў далёкіх краінах. Некаторыя з іх валодаюць некалькімі, а ў тым ліку і досыць экзатычнымі мовамі, жывуць за мяжою, непасрэдна кантактуюць з тамтэйшымі літаратарамі. Многія самі сталі бацькамі і хочуць, каб лепшыя ўзоры сусветнай літаратуры прыходзілі да іх дзяцей без мовы-пасярэдніцы, каб гадаваліся іх дзеці са сваім нацыянальным менталітэтам.
І яшчэ. Нам пашчасціла, што на Беларусі працавалі і працуюць некалькі амбасадараў, якія па-сапраўднаму прапагандуюць свае мовы, літаратуры і культуры. Я абсалютна перакананы, што калі б не трыванне і высілкі кіраўніка Пасольства Швецыі Стэфана Эрыксана, дык і сёння не былі б збеларушаныя «Карлсан-з-даху» і «Піпі Доўгаяпанчоха» Астрыд Ліндгрэн.
Разам з так званымі дзіцячымі творамі дзеці сталеюць, становяцца падлеткамі, а потым юнакамі і, нарэшце, дарослымі. А хто найчасцей чытае дзятве першыя кніжкі, як не бабулі з дзядулямі?
Дарослыя пішуць і перакладаюць для дзяцей, а нярэдка выступаюць і цэнзарамі — у арыгінальнай версіі літаратурнай казкі «Чырвоны Каптурок» Шарля Перо ўнучка несла сваёй бабулі не толькі піражкі і масліца, але і бутэлечку чырвонага вінца! Тыя ж дарослыя дагэтуль не парупіліся выправіць даўнія недарэчнасці ў перакладзе — дапытлівае дзіця мусіць запытацца, як Папялушка здолела таньчыць, чаму яе крышталёвыя (у старафранцузскім тэксце было падобнае па гучанні слова са значэннем «аздобленыя вавёрчыным футрам»!) пантофлікі не пабіліся ці не скрывавілі ёй ногі?!
Дый увогуле трэба было б казаць аб літаратуры для дзяцей і аб літаратуры пра дзяцей, па магчымасці размяжоўваць іх. Амаль што ва ўсіх рэчах Сэлінджэра ёсць героі-дзеці, але ці дзецям адрасаваныя яны?
З пытаннем размежавання і з не менш складанымі за яго давялося сутыкнуцца, калі прыйшоў я пасля ўніверсітэта працаваць у часопіс для дзяцей і падлеткаў «Бярозка», а таксама калі здаваў у выдавецтва дзіцячай літаратуры «Юнацтва» рукапіс сваёй першай кніжкі «Гульня ў тастамант».
Нялёгкія дылемы ставіліся колісь і на міжнароднай канферэнцыі па дзіцячай культуры «Думаеш пра будучыню — дзейнічай сёння!» на шведскай выспе Готланд, дзе пашчасціла пабываць. Дзяліліся дэлегаты і сваім пазітыўным досведам. Да прыкладу, палякі расказалі, што стварылі фундацыю «АВСХХІ», адна з ініцыятыў якой «Cala Polska czyta dzieciom» («Уся Польшча чытае дзецям»). Калі спрошчана, дык сутнасць яе — штодня бацькі павінны чытаць услых сваім дзецям добрыя кнігі хаця б дваццаць хвілін. За гонар лічаць чытаць услых у дзіцячых калектывах і аўдыторыях знакамітыя педагогі, акцёры, спартоўцы, палітыкі! Напэўна ж, згадваюць яны сваё дзяцінства і спрабуюць патлумачыць дзецям складанасці свету дарослых.
Устрымаюся ад катэгарычнасці наконт таго, што намерваюся перакладаць творы для дзяцей, а вось выдаваць іх буду напэўна. Адносна нядаўна ў выдавецтве «Радыёла-плюс» выйшлі два паэтычныя зборнікі: «Выпаў грук у грома з рук» Рыгора Барадуліна і «Выйшаў зайчык пагуляць» Артура Вольскага. У абодвух ёсць раздзелы арыгінальных вершаў і перастварэнняў з моваў блізкіх і далёкіх. Гэтаксама як і ў маёй леташняй кніжцы вершаў дзецям «Кошык Велікодны».
З Аляксеем Марачкіным і Уладзімірам Арловым
Сямейны шлях
У хату да будучай жонкі ў літаральным сэнсе прывёў мяне дырэктар Траянаўскай СШ Генадзь Журавель. Нізавошта не хацеў ён «адмацоўваць» маладога спецыяліста, бо мастака ў іх не было больш за дзесяць гадоў. Вось і прывёў кватарантам у хату, дзе дачушка, аказалася, давучваецца ў сталічным політэхнічным інстытуце.
Было восем гадоў сустрэч і расставанняў, але потым і сціплае студэнцкае вяселле, бо быў я на перадапошнім курсе філфака. Дужа дапамагалі, асабліва па першым часе, яе бацькі — «Зяць любіць узяць!» Дый першапачатковым капіталам сям’і была двухпакаёўка ва Уруччы, якую атрымала Рая на сваёй працы. У шлюбе мы ўжо тры дзясяткі гадоў, а апошні мой пашпарт нават цвердзіць, што браліся мы двойчы: пашпартыстка паставіла памылковую дату рэгістрацыі, а праз гэта мусіла ануляваць адзін штамп, а ніжэй паставіць на старонцы гэткі самы, але з правільнай датаю.
У сямейным атачэнні: з жонкай і дочкамі
Этымалагічна слова «супругі» азначае «запрэжаныя ў адзін воз», ну дык і цягнем той воз як можам. Тэхнару давялося перакваліфікавацца ў гуманітарыя, зрабіцца на пэўны час выдатным і ўчэпістым выдавецкім рэдактарам, а пры патрэбе яшчэ і бухгалтарам. Чалавек яна вельмі адказны — магла вычытваць тэрміновую карэктуру і глыбокае ночы. Вельмі ўпарты — расчытала апошні, практычна нечытэльны рукапісны верш Рыгора Барадуліна. А ўжо сціплы — часам аж залішне!
Склала яна некалькі кніжак non-fiction, найперш па кулінарыі, а таксама паўдзясятка чытанак, прычым падрыхтаваная ёю «Крынічка» вытрымала ўжо пяць перавыданняў. Ад літаратурна-выдавецкай справы, а часам і ад мяне, адпачывае Рая ў падарожжах, а таксама на лысагорскіх сотках, дзе цешыцца са сваіх гадаванцаў — блізу ста гатункаў кветак.
Старэйшая дачушка Алеся скончыла элітарную сталічную матэматычную школу №19, а потым і Белдзяржуніверсітэт па спецыяльнасці «псіхалогія». Працуе практычна па спецыяльнасці — арганізоўвае міжнародныя навуковыя канферэнцыі ў брытанскай фірме, а значыць, ёсць не меншым «інжынерам чалавечых душ», чым татка-літаратар.
Але і беларускую культуру ведае. Зайшоў быў аднаго разу да яе ў пакой, а Алеся штосьці паспешліва прыхавала. «Ну што ўжо за сакрэты?» — пытаюся. — «Ды вось, аднакласнікі далі пачытаць на адзін толькі вечар», — адказала яна і паказала кніжку Рыгора Барадуліна «Здубавецьця. Рагаццё. Прыбабунькі...», што «стаіць» на падмурку народнага гумару. Прынёс я тады са свайго кабінета асобнік з аўтарскай дэдыкацыяй «Шаноўным Уладзіміру й Раісе — на марцовы настрой і кугіклівы вынік! Дзядзька Рыгор. 19.XII.99. Менск» і словамі: «Чытай, дачушка, і нікуды не спяшайся!» і аддаў ёй.
Мае яна і несумненны літаратарскі талент. Калі зайшла гаворка пра ўступленне ў Беларускую асацыяцыю журналістаў, дык акрамя тых публікацый, пра якія я ведаў, прынесла яшчэ і важкі стос матэрыялаў з часопісаў па псіхалогіі дый эканоміцы. Аднаго разу, як аказалася, падвёў яе дыктафон, дык яна дома цалкам узнавіла гутарку з кіраўніком адной з найбуйнейшых кампаній сотавай сувязі... па памяці, а той вельмі ўпадабаў публікацыю.
Малодшая дачушка Хрысціна вучылася спачатку ва ўручанскай школе, потым у Парнаце — Рэспубліканскай гімназіі-каледжы мастацтваў, а сталася выпускніцай легендарнага Коласаўскага ліцэя. Мае яна дыплом культуролага Варшаўскага ўніверсітэта, але і чыста мастакоўская адукацыя прыдалася — есць хлеб са свайго агенцтва «Маляванне эмоцыямі».
Дачушкі птушкамі разляцеліся па свеце, а вось трохколерная котка Тайга, прынесеная імі ў хату, дваццаць гадоў жыве сабе ў нас дый у вібрысы не дзьме.