Праваабаронца года — Сяргей Драздоўскі
Гэту гісторыю мужнасці і
пераадолення мы ўпершыню апублікавалі пяць гадоў таму. А ў снежні 2016-га Сяргей атрымаў Нацыянальную правабарончую прэмію ў намінацыі «Праваабаронца года». І мы
вырашылі, што гэты артыкул варты паўтору.
Аднойчы прачытаў, што вочы інваліда-вазочніка глядзяць на свет
па-іншаму. З іншага ракурсу. Пасля сустрэчы са старшынёй рэспубліканскай
Асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Сяргеем Драздоўскім
да гэтага выключна фізічнага тэрміна я б дадаў і грамадска-палітычны
сэнс.
Пачатак
Нарадзіўся Сяргей Драздоўскі 24 лістапада 1973 года. Сталічная вуліца імя партызана Фёдара Сурганава стала першай, якую ён убачыў у сваім жыцці.
Яго бацька, Яўген Вячаслававіч Драздоўскі (на жаль, ужо сышоў), усё сваё жыццё працаваў фрэзероўшчыкам. Меў салідны шосты разрад і славу спецыяліста найвышэйшай кваліфікацыі. Самыя складаныя,
нестандартныя заданні па эксперыментальных праектах даручаліся яму. Працаваў на заводах Вавілава, парашковай металургіі, на «Тэрмапласце».
Маці, Галіна Аляксандраўна, зараз на пенсіі, а раней увесь час працавала на паліграфкамбінаце.
Бацькі Сяргея заўсёды захапляліся водным турызмам, і гадоў з пяці бралі сына на розныя турысцкія злёты. На той час — мерапрыемствы вельмі прэстыжныя і папулярныя. Я не вельмі добра
разбіраюся ў рэгаліях гэтага віду спорту, але ведаю, што Курылы, Сярэдняя Азія, Камчатка — крута. Думаю, пералічваць усе беларускія рэкі, па якіх прайшлі бацькі Сяргея, сэнсу няма —
спіс будзе доўгім.
Напэўна, яны спадзяваліся, што сын вырасце знакамітым спартсменам. Але гэтага не адбылося. Выбітнай спартсменкай стала яго малодшая сястра Таццяна. Упершыню ў сучаснай беларускай гісторыі яна стала
чэмпіёнкай свету па ветразеваму спорту.
Першая частка жыцця
Вучыўся Сяргей у сярэдняй школе №130, вядомай на той час сваім помнікам-самалётам (які дзяліла з суседняй 65-й школай). Ніякіх «уклонаў» там не было, толькі набор у мясцовы хор.
Сяргея праслухалі, і абодва бакі ўпэўніліся, што гэта не яго. На першым месцы для яго быў спорт.
Спачатку Драздоўскі захапіўся класічнай барацьбой. У іх чацвёрты клас завітаў трэнер адпаведнай секцыі. З паловы класа, што запісаліся ў секцыю, праз чатыры гады застаўся ён адзін. І раптам перайшоў
на «байдаркі і каноэ». Праз год астыў і да гэтага.
Сапраўдным захапленнем сталі ўсходнія адзінаборствы. Імі Сяргей пачаў займацца з восьмага класа і працягваў да самага завяршэння БДТУ. Да моманту, калі няшчасны выпадак змяніў усё. Але не абарваў
захаплення. Сёння Сяргей плануе «прыстасаваць» гэты від спорту для інвалідаў-вазочнікаў.
Пасля школы Сяргей Драздоўскі абраў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны інстытут імя С.М. Кірава (зараз БДТУ). Спецыяльнасць — лясныя машыны і механізмы. Чаму? Адказ просты — дакладныя
навукі даваліся значна лягчэй і прасцей, чым гуманітарныя.
Пра студэнцкія гады распавядаць падрабязна няма сэнсу па той прычыне, што, хаця праз іх і прайшлі многія з нас, ёсць нешта агульнае для ўсіх — было весела.
Да 7 мая 1996 года... Да абароны дыплома заставаўся ўсяго месяц, калі Сяргей з сябрамі паехаў на пікнік. Тую рэчку нельга назваць самай глыбокай у Беларусі. Да таго ж за зіму на яе дно, напэўна,
нанесла нейкіх невядомых рэчаў. Сяргей Драздоўскі нырнуў і… зламаў пазваночнік.
Другая частка
Другая частка жыцця пачалася менавіта ў той момант, калі Сяргей нырнуў. У такіх выпадках жыццё ўмоўна дзеліцца на дзве часткі — «да хваробы» і «з ёй».
Наступны год амаль цалкам прайшоў «па бальніцах». Спачатку — востры перыяд, потым — рэабілітацыя, якая звычайна заканчваецца санаторыем.
Мне шэсць гадоў таму пашанцавала пабываць у знакамітых Саках — маленькім райцэнтры ў 40 кіламетрах ад Сімферопаля. Амаль напалову гарадок складаецца з санаторыяў. Напэўна, такой колькасці
інвалідаў-вазочнікаў у былым Савецкім Саюзе больш няма нідзе. Ім там вельмі камфортна. Некаторыя нават туды пераязджаюць жыць.
Вядома, заўсёды разам з хваробай прыходзіць і выпрабаванне на сяброўства. У гэтым сэнсе ў Сяргея Драздоўскага не было шмат расчараванняў. Падтрымка сяброў (разам са сваякамі) дапамагла вярнуцца ў
звычайнае жыццё і ў 1998 годзе абараніць дыплом.
Больш за тое, за год да гэтага Уладзімір Пятровіч Патапенка (сёння старшыня Рэспубліканскага таварыства інвалідаў) «выцягнуў» яго на спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. Нічога
падобнага Сяргей Драздоўскі нават не мог уявіць. Свае першыя сто метраў ён ехаў больш дзвюх хвілін. Вазок увесь час цягнула ў бок і «прыбівала» да борту. Прыходзілася
ад’язджаць назад. Сёння ён успамінае гэта амаль са смехам. Галоўны ж, вынік спаборніцтва — разуменне, што можна жыць па-іншаму.
Па часе супала, што амаль адразу пасля тых спаборніцтваў адбыліся і першыя ў гісторыі Беларусі «зборы актыўнай рэабілітацыі», якія ў іншых краінах існавалі даўно. Новую методыку
прывезлі шведы, і разам з літоўцамі, палякамі, украінцамі (у іх адпаведны досвед ужо быў) навучалі ёй беларусаў.
Там Сяргей Драздоўскі ўпершыню і асвоіў так званы «актыўны вазок». У тым і быў асноўны сэнс — паказаць, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць весці актыўны лад
жыцця. Гэта было сапраўднае адкрыццё. Пагадзіцеся, для маладога чалавека ў адзін момант страціць усе жыццёвыя арыенціры, а потым вярнуць іх назад — вельмі складана.
Цалкам натуральна, што калі людзі робяць падобныя адкрыцці, ім адразу ж хочацца падзяліцца сваімі ведамі з іншымі. Перш за ўсё для таго, каб тыя не паўтарылі іх памылак, пазбеглі іх адчаю, хутчэй
вярнуліся да паўнавартаснага жыцця.
Так у 1997 годзе і была створана Асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў.
Новы змест
Пэўны час Сяргей Драздоўскі займаўся танцамі (зараз каго-небудзь гэтым здзівіць цяжка), але даволі хутка зноў зразумеў, што гэта таксама не яго. Грамадская дзейнасць была больш даспадобы, і ён
поўнасцю «пераключыўся» менавіта на яе. Таму цалкам невыпадкова, што ў 2001 годзе яго абралі старшынёй Асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў.
Канешне, яму хацелася больш увагі аддаваць непасрэдна спорту, але ў нашай краіне ён настолькі не развіты, што інвалідам трэба быць адначасова спартсменамі, менеджэрамі і трэнерамі. Словам, прага да
грамадскай дзейнасці перамагла.
Цікава, што заняўся Сяргей ёй толькі ў сталым узросце, а ў школе свой камсамол «прагуляў». У прамым сэнсе гэтага слова. Не, вучыўся ён добра, але ў той момант, калі трэба было ісці
ў райкам, яго проста не знайшлі, а мабільных тэлефонаў тады не было.
Прыемна, калі чалавек займаецца тым, што яму падабаецца, але яшчэ больш прыемна, калі не спыняецца на дасягнутым. Новае захапленне вельмі спадабалася Сяргею Драздоўскаму, але з часам ён адчуў, што
будзе лепш працаваць, калі атрымае яшчэ і юрыдычныя веды. Так ён стаў зноў вучыцца. На гэты раз у Акадэміі кіравання, якую скончыў у 2006 годзе.
Уладкаваўся на пасаду юрыст-консульта ў Рэспубліканскае таварыства інвалідаў. Там ён сустрэў Мікалая Ігнатавіча Калбаску, пад кіраўніцтвам якога працаваў у 1998 годзе спецыялістам па тэхнічных
сродках рэабілітацыі. Асоба добра вядомая для найноўшай беларускай гісторыі. Няма сумневу, што многія памятаюць адзінага «вазочніка» ў складзе Вярхоўнага Савета 12 склікання. Пазней
ён нават спрабаваў стаць прэзідэнтам краіны, але сышоў з дыстанцыі на этапе збору подпісаў.
Асобна трэба сказаць і пра тое, што Сяргей Драздоўскі не спыніўся на дыпломах БДТУ і Акадэміі кіравання. Асабліва важным у яго жыцці стала вучоба на Вышэйшых курсах па правах чалавека ў Варшаве.
Менавіта гэта значна паўплывала на жыццёвыя прыярытэты і сфармавала прафесійную накіраванасць.
Каб не было ніякай блытаніны, патлумачу, што грамадскую дзейнасць часта ажыццяўляюць на грамадскіх пачатках, а за штатную работу атрымліваюць пэўны заробак. Гэта я да таго, што новая пасада не
перашкаджала Сяргею, як і раней, узначальваць Асацыяцыю інвалідаў-вазочнікаў.
У 2009 годзе ён хацеў пакінуць сваю пасаду на карысць стварэння Офіса па правах людзей з інваліднасцю. Тады не атрымалася, але «сыход па ўласным жаданні» заставаўся не болей чым
справай часу.
І яшчэ. У Сяргея Драздоўскага сярод іншага ёсць досвед выкладання для студэнтаў, на семінарах і трэнінгах, а таксама (апошнія пяць гадоў) работа ў праекце ПРААН тэматычным кансультантам.
Працяг
Не буду пералічваць усё, што было зроблена з пачатку стварэння Асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў, адзначу толькі, што час ад часу адносіны з беларускай дзяржавай у яе складваюцца даволі не проста. У тым
сэнсе, што яна больш-менш эфектыўна працуе па тых напрамках, якія сама і вызначае. З «трэцім сектарам» такое атрымліваецца далёка не заўсёды. Адсюль і пастаянныя
«накладкі».
Найбольш паказальны прыклад — праца лагераў актыўнай рэабілітацыі. Спачатку іх ладзілі разам, а потым дзяржава палічыла, што незалежны партнёр ёй больш не патрэбны, і стварыла цалкам
падкантрольную структуру. Урэшце, колькасць тых, хто прымае ўдзел у актыўнай рэабілітацыі, зменшылася ў некалькі разоў, аднак дзяржава перастала чуць непрыемныя пытанні...
І ўвогуле, у вачах дзяржаўных чыноўнікаў Сяргей Драздоўскі — апанент, якому неаднаразова адмаўлялі ва ўдзеле ў розных перадачах дзяржаўнага тэлебачання, а яго дзейнасць па ўмацаванню
незалежнасці і свабоды людзей у вазку — «наўпрост супярэчыць іх інтарэсам».
Калі параўнаць умовы існавання інвалідаў у Беларусі з умовамі краін, што абралі дэмакратычны шлях развіцця (напрыклад, Польшчай), розніца атрымліваецца каласальная. А стартавыя ўмовы былі амаль
аднолькавымі.
Нават дакладную лічбу інвалідаў-вазочнікаў у Беларусі назваць сёння не можа ніхто, бо іх, нягледзячы на шматгадовыя размовы пра гэта, пакуль папросту не палічылі. Прыблізна 10–12 тысяч
чалавек. Гэта толькі тыя, хто «прывязаны» да вазка пастаянна альбо чыя хвароба носіць доўгатэрміновы характар. Колькасць ж тых, хто туды трапляе часова і мае перспектывы на поўнае
выздараўленне, яшчэ большая.
Самае цікавае, што падобны ўзровень уласцівы амаль усім краінам свету. Незалежна ад узроўню развіцця. Розніца толькі ў стаўленні да такіх хворых. Любыя формы дыскрымінацыі ў нармальных (чытай
— дэмакратычных) краінах знаходзяцца пад жорсткай забаронай.
Упэўнены, што зараз прагучала багата пытанняў кшталту «А прычым тут дэмакратыя?» Пры тым, што яна дапамагае людзям дапамагаць самім сабе, а не чакаць «міласць» ад
розных чыноўнікаў. Да і «міласць» гэта часцей за ўсё зводзіцца да банальных ільгот і адсутнасці відавочных перашкод.