Слонімец, які рэстаўрыруе Каран
Сулейман Байрашэўскі — грамадскі і рэлігійны актывіст, імам-старшыня аб'яднання мусульман Слонімшчыны, былы намеснік муфція Беларусі. А яшчэ — выдатны чалавек, добры знаўца гісторыі роднага краю, гісторыі татарскага руху ў Беларусі, сардэчны беларускі мусульманін.
Сулейман Байрашэўскі
Сулеймана Байрашэўскага мы ў Слоніме шчыра называем Сулейман Мацвеевіч. Нават і не верыцца, што гэтаму фізічна моцнаму і па-армейску падцягнутаму чалавеку ўжо 70 гадоў. Мне здаецца, што яму значна менш. Знешне для мяне ён застаецца такім, які быў тады, калі я з ім пазнаёміўся дзесьці ў пачатку 1990-х гадоў.
Мячэць
Пра гісторыю татараў у Беларусі Сулейман Байрашэўскі можа распавядаць доўга. Таму што гэту гісторыю стваралі і яго далёкія і блізкія продкі. А пра Слонім і слонімцаў ён заўсёды расказвае з радасцю і нават нейкай балючай настальгіяй. «У гэтым доме некалі жыў мой дзед. А вось тут былі бабуліны агароды, там — цётчыны, а там стаяла старая мячэць. Яе перад адступленнем спалілі немцы ў 1944 годзе. Мячэць стаяла на былой Татарскай вуліцы, цяпер гэта вуліца Кірава. На ёй сёння жыве пару татарскіх сем'яў. А перад Другой сусветнай вайной у Слоніме налічвалася аж 600 татараў. На жаль, татараў са Слоніма прымусова высялялі тры разы: у 1929, 1944 і ў 1946 гадах», — распавядае Сулейман Байрашэўскі.
Мы непрыкметна падыходзім да ладнага аднапавярховага будынка з паўмесяцам на даху. Гэта слонімская мячэць. Яна адкрыла свае дзверы для слонімскіх мусульман летам 1994 года. «Адкрыць мне тады дапамог былы старшыня беларускага парламенту Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч, — успамінае Сулейман Мацвеевіч. — Я напісаў яму ліст, расказаў пра слонімскіх татараў, пра іх лёс і пра гэты будынак. Ён даў загад аддаць будынак мясцовай суполцы мусульманаў. Так нам і дастаўся гэты будынак».
Зімой мячэць не ацяпляецца, бо сёння вельмі дорага каштуе гэтая паслуга. Тым не менш, кожную пятніцу а 13 гадзіне адданыя вернікі-мусульмане спяшаюцца ў мячэць. Яны па-ранейшаму разам, абшчынай, хоць невялікай, але заўсёды спраўляюць свае святы — то Курбан-байрам, то Рамадан-байрам і г.д. Працуе і нядзельная школка, дзе вывучаецца арабская мова, гісторыя ісламу, праводзяцца розныя мерапрыемствы і ў мячэці, і ў іншых месцах Слонімшчыны. І гэта дзякуючы Сулейману Байрашэўскаму.
Родам Сулейман Мацвеевіч са Слоніма. Пасля школы паступіў у ваеннае вучылішча, шмат займаўся спортам, стаў майстрам спорту па баскетболе. Службу праходзіў у Расіі — на Чукотцы (Анадыр), на Украіне, а потым вярнуўся ў родную Беларусь. Служыў добра, бо мае медалі былога Савецкага Саюза. Праўда, да пенсіі даслужыцца не паспеў: калі Байрашэўскаму споўнілася 40 гадоў, яго ў званні маёра звольнілі са Узброеных сіл СССР.
Пасля звальнення Сулейман Байрашэўскі прыехаў у Слуцк, дзе працаваў інжынерам спарткомплексу. Але праз год вярнуўся ў родны Слонім, дзе пэўны час узначальваў спарткомплекс горада, потым быў намеснікам дырэктара школы.
Мусульманскае таварыства
У 1992 годзе Сулейман Мацвеевіч арганізаваў у Слоніме мусульманскае рэлігійнае таварыства і стаў яго кіраўніком, а больш канкрэтна — аднавіў праз 48 гадоў.
Як кіраўнік мусульманскай абшчыны, ён найперш звярнуў увагу на добраўпарадкаванне мусульманскіх могілак, якім 300 гадоў. Могілкі знаходзяцца ў лясным масіве на адлегласці каля пяці кіламетраў ад горада. Займаюць яны плошчу 2,7 гектара зямлі. Сярод памерлых слонімцаў-мусульман там ёсць шмат магіл вайскоўцаў-мусульманаў, якія служылі ў рускай арміі і загінулі альбо памерлі ад атрыманых ранаў падчас Першай сусветнай вайны. Гэтыя вайскоўцы былі родам з Уфінскай, Казанскай і Самарскай губерняў Расіі.
На могілках паспелі тады паставіць агульны помнік-абеліск. А на кожнай магіле цяпер зроблены пліты з пазначэннем прозвішча, імя і палка, дзе той служыў, і інфармацыі, з якой губерні паходзіць вайсковец. Усё гэта, дзякуючы Сулейману Мацвеевічу і іншым мусульманам, падтрымліваецца ў належным стане і сёння. Праўда, некалькі разоў вандалы шкодзілі помнікі, разбівалі, пераварочвалі. Але прыходзілася іх аднаўляць зноў.
Па словах Сулеймана Байрашэўскага, у першай палове ХХ стагоддзя і да пачатку Другой сусветнай вайны, у Слоніме ўсе дзеці мусульман навучаліся рэлігіі ў Годжэго муадзіма слонімскай мячэці Сулеймана Шчэнсновіча. А жаўнеры-мусульмане прымалі прысягу на Каране. З адстаўных жаўнераў-мусульман быў створаны атрад стралкоў, якім камандаваў адстаўны маёр Войска Польскага Давід Яновіч-Чаінскі. Маёр Чаінскі быў арыштаваны НКУС і ў 1940 годзе расстраляны пад Мінскам. Яго жонку з дзвюма маленькімі дочкамі вывезлі ў Сібір. Наогул, у Сібір у 1939–1949 гады бальшавікамі былі вывезены са Слоніма 20 заможных сем'яў мусульман, 24 чалавекі. Чацвёра з іх памерлі з голаду на высылцы, а астатніх лёс раскідаў па розных краінах свету. Чатыры слонімскіх мусульманіна загінулі ад рук немцаў — сям'я адваката Багдана Шэгідзевіча.
Сёння Сулейман Байрашэўскі ўсё робіць, каб памяць пра знакамітых слонімскіх і беларускіх мусульман на Бацькаўшчыне ўшаноўвалася. У жніўні 1994 года ў Слоніме быў праведзены Міжнародны з'езд татараў, на які прыехалі госці з Англіі, ЗША, Польшчы, Расіі і з іншых краін свету, а таксама з розных куткоў Беларусі.
Імам-старшыня аб'яднання мусульман Слонімшчыны Сулейман Байрашэўскі ніколі не сядзіць без справы. У 1996 годзе ён выдаў малітоўнік для мусульман, напісаны кірыліцай. Пачаў рэстаўрыраваць Караны, якім па 100 і болей гадоў. Выдаў малітоўнік арабскім шрыфтам. Усе гэтыя выданні сталі настольнымі кнігамі ў дамах мусульман не толькі Беларусі, але і за яе межамі.
Тры гады Сулейман Байрашэўскі за свае ўласны грошы выдаваў газету «Нур-свет», якая распаўсюджвалася ў 18 гарадах Беларусі. Ён і зараз жадаў бы яе выдаваць, але не хапае на гэта сродкаў.
Проста добры чалавек
Імя Сулеймана Байрашэўскага цесна звязана і з дэмакратычным рухам на Слонімшчыне. Ён заўсёды наведваў розныя мерапрыемствы, семінары, сустрэчы. І калі слонімскіх грамадскіх актывістаў выганялі з памяшканняў, не давалі іх пад арэнду, Сулейман Байрашэўскі клікаў усіх да сябе ў мячэць. Нават заклік у сланімчан узнік такі: усе — у мячэць! І там шмат разоў праводзіліся і семінары, і сустрэчы, і канферэнцыі. Цяпер час змяніўся, ды і не так актыўна сёння наладжваюцца тыя ж семінары і канферэнцыі, асабліва звязаныя з гісторыяй роднай Беларусі.
Па-ранейшаму, Сулейман Байрашэўскі шмат увагі аддае добраўпарадкаванню мусульманскіх могілак. Амаль штотыдзень наведвае іх, аглядае, прывозіць на экскурсію гасцей з іншых краін, наладжвае мерапрыемствы па ўшанаванні ўсіх тых, хто загінуў падчас розных войнаў.
А аднойчы, калі ён вяртаўся па лясной дарозе дамоў на скутары, убачыў дзвюх дзяўчынак. Узяўшыся за рукі, малыя крочылі проста яму насустрач. «Куды вы ідзяце, дзяўчаткі?» — спытаўся Сулейман Мацвеевіч. «У Слонім», — адказалі дзеці. «Але Слонім знаходзіцца зусім у іншым баку. Ці не заблукалі вы?» — пацікавіўся дарослы.
Дзяўчынкі сапраўды заблукалі і ўжо паўтары гадзіны хадзілі па лесе, шукаючы дарогу на Слонім. Разам з бацькамі яны прыехалі на дачу. Калі бацькі працавалі, дзеці вырашылі нарваць лясных кветак для сваіх матуль. Збіраючы кветкі, малыя заблукалі, адной з іх было пяць гадоў, другой — тры. Сулейман Мацвеевіч напаіў іх вадой, пасадзіў на скутар і накіраваўся ў Слонім. Па дарозе ён сустрэў нарад міліцыі, які ўжо даўно шукаў дзяцей. У суправаджэнні міліцыянераў дзяўчынак вярнулі іх бацькам.
У 2009 годзе Сулейман Байрашэўскі здзейсніў Хадж у Мекку. Дый за сваё жыццё шмат дзе быў, пабачыў і шмат з кім сустракаўся, гутарыў, працягвае сябраваць. «Але лепш за ўсё дома», — кажа Сулейман Мацвеевіч.