Крымскія татары абяцаюць захаваць Крым у складзе Украіны
Лідэр меджліса крымскіх татараў Рефат Чубараў абураны выказваннямі ў Маскве кіраўніка парламента АРК Уладзіміра Канстанцінава, які не выключыў магчымага аддзялення Крыма ад Украіны.

Пра гэта ён заявіў на сцэне Майдана.
Чубаров лічыць, што Канстанцінаў адкрыта запрасіў расійскія сілавыя структуры ўмяшацца ў крымскую сітуацыю.
"Гэтыя людзі робяць не меншае злачынства, чым тыя, якія страляюць на вуліцах Кіева", - сказаў Чубараў.
"У выпадку з Канстанцінавым... я ўспрымаю гэта як прамое падбухторванне, калі хочаце, запрашэнне расійскіх сілавых структур у Крым, тыпу "зрабіце нешта такое, каб мы
сабралі сесію і абвясцілі тыя рашэнні, якія мы і самі хочам, і вы чакаеце", - абурыўся ён.
Чубараў заявіў, што крымскія татары не дадуць магчымасць рэалізаваць заявы такіх палітыкаў, як Канстанцінаў.
"Гэта палітычнае шулерства ў цяжкі для краіны перыяд. Крымскія татары проста не дадуць гэта зрабіць! Гэта і наша зямля, гэта зямля ўсіх, хто жыве ў Крыме, у нас іншай Радзімы няма. Мы
будзем у адной дзяржаве", - запэўніў ён.
Кіраўнік меджліса спадзяецца, што Канстанцінаў панясе пакаранне пасля таго, як ва Украіне стабілізуецца абстаноўка.
Як вядома, Канстанцінаў 20 лютага заявіў у Маскве, што Расея можа дэнансаваць рашэнне прэзідыюма ЦК КПСС аб перадачы Крыму Украіне.
УНІАН