Крымскія татары пачалі мітынг супраць сепаратызму

Мэджліс крымска-татарскага народу склікаў крымчан на мітынг супраць сэпаратызму пад мурамі крымскага парламенту.  



kryskija_tatary_na_mitynhu.jpg

Яны заклікаюць захаваць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і не дапусьціць прыняцьця Вярхоўнай Радай Крыму рашэньняў, накіраваных на дэстабілізацыю сытуацыі ў аўтаноміі.
Пра гэта паведаміў прадстаўнік Мэджліса Заір Сьмядляеў у Фэйсбуку. Афіцыйная старонка Мэджліса цяпер з-за хакерскіх нападаў не працуе.
 
Са спасылкай на старшыню Мэджлісу Рэфата Чубарава Сьмядляеў паведаміў, што старшыня Вярхоўнай Рады Крыму Ўладзімер Канстанцінаў прыняў рашэньне склікаць пазачарговую сэсію мясцовага парлямэнту «пад ціскам унутраных і зьнешніх сіл, якія выношвалі ідэі адрыву Крыму ад Украіны».
 
Чубараў лічыць, што Вярхоўная Рада Крыму можа прыняць непапраўныя рашэньні («невосполнимые решения»), якія «ўзарвуць мір і згоду на паўвостраве».
Лідэр Мэджліса яшчэ раз зьвярнуўся да кіраўніцтва парлямэнту Крыму з прапановай адмяніць пазачарговую сэсію і «пазьбегнуць такім чынам рашэньняў, якія могуць істотна абвастрыць грамадзка-палітычную сытуацыю ў Крыме», — паведаміў Заір Сьмядляеў.
 
Прэзыдыюм крымскага парлямэнту пастанавіў учора склікаць 26 лютага пазачарговае пасяджэньне Вярхоўнай Рады АРК. У парадак дня ўнесены два пытаньні — «Аб грамадзка-палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне і АРК» і «Аб справаздачы Савету міністраў АРК».
 
Каля крымскай Вярхоўнай рады таксама сабраліся на мітынг прыхільнікі ідэі далучэньня Крыму да Расеі.
 
Абодва мітынгі, у якіх бяруць удзел па некалькі тысяч чалавек, разьдзяляе кардон міліцыі, паведамляе Грамадзкае тэлебачаньне.
 
У сваім выступе на мітынгу кіраўнік Мэджліса Рэфат Чубараў заявіў, што заплянаваная на сёньня сэсія ВР Крыму можа дэстабілізаваць сытуацыю ў рэгіёне.
 
«Мы іх папярэдзілі, каб яны не прызначалі сэсію. Не падрывайце сытуацыю ў Крыме. Бо было зразумела, што сэсію прызначаюць, каб распачаць дзеяньні для адрыву Крыму ад Украіны. Мы папярэдзілі, што крымскія татары не дазволяць гэтага. Татары не дазволяць вырашаць бязь іх лёс гэтай зямлі», — заявіў лідэр крымскіх татараў.
 
Паводле ягоных слоў, галоўным фактарам дэстабілізацыі ў Крыме застаецца кіраўнік парлямэнту Канстанцінаў.
 
«Канстанцінаў і дэпутаты павінны выступіць цяпер з запэўненьнем, што ні цяпер, ні потым ня будзе сэсіяў, на якіх будзе закранацца пытаньне аб статусе Крыму», — заклікаў Чубараў.
 
На мітынгу татары масава скандуюць: «Украіна!», «Слава Ўкраіне! — Героям слава!».
 
Бюджэт Крыму на 66% датуецца зь дзяржбюджэту Ўкраіны, а Севастопаля — на 80%. Пра гэта ў эфіры «5 каналу» заявіў дэпутат ВР Крыму Леанід Пілунскі.

www.svaboda.org