“Нябесная сотня” як сымбаль ахвяры ўкраінскага народу

У гэтыя дні Ўкраіна развітваецца з “Нябеснай сотняй” — людзямі, якія загінулі на Майдане: былі застрэленыя снайперамі, забітыя да смерці “цітушкамі”, задушаныя і ўтопленыя, спаленыя жыўцам у Доме прафсаюзаў… А я з жахам думаю: “Няўжо і нашу краіну чакае гэткае ж гора?”



majdan1.jpg

Думаю — і прыхожу да непрыемнай высновы: чакае. Можа нават яшчэ горшае.

Думаю і пра іншае: у імя чаго загінулі тыя маладыя хлопцы, сярод якіх у тым ліку адзін наш суайчыннік? У імя чаго пойдуць аднойчы на смерць беларускія хлопцы, якія не пабаяцца ўстаць у поўны рост пад кулі снайпераў?

Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба зразумець, што зараз адбываецца з украінцамі. Я маю магчымасць дзякуючы сучасным тэхналогіям размаўляць са шмат кім з Украіны. Я чытаю, што кажуць пра тыя падзеі мае сваякі і сябры, знаёмыя палітыкі і журналісты, жыхары сталіцы і рэгіёнаў.

І яшчэ ў мяне перад вачыма стаіць адзін фотаздымак, які абыйшоў Фэйсбук — прывязаны да ганебнага слупа карумпаваны начальнік мытні ў паўднёваўкраінскім горадзе Чоп, што на мяжы з Румыніяй. На маю думку, гэты вобраз сімвалізуе тое, за што гэтымі днямі змагаецца Ўкраіна, і за што загінулі яе маладыя хлопцы.

Гэта маральнае ачышчэнне. Гэта выгнанне дэманаў карупцыі, блата і кумаўства. Гэта агульнанацыянальнае пакаянне за абыякавасць адных і скарбакрадзтва іншых. Менавіта гэтага зараз патрабуюць актывісты Майдану і шараговыя грамадзяне ад свайго палітычнага класу. Бо яны, звычайныя жыхары Ўкраіны, сваю страшную цану ўжо заплацілі, і цяпер чарга элітаў расплочвацца за той рэжым, які яны збудавалі, і з дапамогай якога набівалі кішэні як улада, так і апазіцыя.

Галоўнай песняй Майдана-2014 сталася песня гурта “Мандры”, прыспеў якой гучыць па-беларуску так: “Ня спі, мая родная зямля! Прачніся, мая Украіна! Раскрый свае вочы ў святле далёкіх зорак! Гэта глядзяць на цябе забітыя героі Майдана — усе тыя, хто паклаў жыццё за тваю будучыню”.

У гэтым і ёсць пасланне “Нябеснай сотні” — украінцы павінныя прачнуцца, азірнуцца навокал сябе, зразумець усю глыбіню свайго маральнага падзення, асэнсаваць гэта і пачаць жыць па-новаму. Толькі ў гэтым выпадку краіна атрымае шанец на перараджэнне і нацыянальны поспех.

Паглядзеўшы на нашых паўдзённых суседзяў і ацаніўшы іх ахвяру, я цяпер гляджу на наш беларускі народ.

Скажыце, ці вы лічаце, што ў нас няма карупцыі? Ці вы лічыце, што ў тым, куды зайшла краіна, вінаваты толькі Лукашэнка і больш ніхто? Няўжо няма віны нашай з вамі — звычайных грамадзянаў?!

Хіба не ўспрымаем мы як норму, калі некага з нас уладкоўваюць на добрую працу “па блаце”? Хіба мы лічым амаральным “дамовіцца” з інспектарам, каб пазбегнуць штрафу? Ці шмат хто з нас гатовы ўступіцца за калегу, якога выганяюць з працы ці з вучобы толькі за тое, што ён мае смеласць думаць інакш? Ці не зайздросцім мы тым, хто зарабляе больш за нас, і ці ня марым забраць у яго і прысабечыць сабе? Ці ніхто з нас ня марыць патрапіць “ва ўладу” цяперашнюю ці будучую “дземакрацічаскую”, каб лёгка рабіць кар’еру дзякуючы блізкасці да карыта? Урэшце ці шмат сярод нас тых, каму неабыякава тое, хто будзе намі кіраваць заўтра?

Калі я быў у гэтыя выходныя на дэманстрацыі ўкраінцаў у Ню-Ёрку, якія святкавалі зрынанне Януковіча, адна нашая сяброўка з марай у голасе спыталася: “Калі ж у нас будзе такое свята?!” Я тады адказаў ёй, што свята ў беларусаў будзе тады, калі на заклік у Інтэрнэце выйдзе хаця б 1000 чалавек… не, ня ў Менску, а тут, у Ню-Ёрку. Калі знойдзецца 1000 неабыякавых беларусаў, якія прыдуць на дэманстрацыю не дзеля фатаздымкаў для ліпавых справаў на палітычны прытулак, а па закліку сэрца. Вось тады я пачну паважаць свой народ і скажу: “Мой народ саспеў да зменаў”.

Але гэта толькі палова справы. Другая палова ў тым, што ў Менску мусіць знайсціся хаця б сотня тых хлапцоў, што гатовыя ахвяраваць сваім жыццем, бо ўсведамляюць, што за імі на нашай Плошчы стаяць сотні тысячаў, і што сваімі грудзямі яны прыкрываюць іх, а сваё жыццё прыносяць у ахвяру за выбаўленне ад грахоў свайго народу.

Украінцы імкнуцца ў гэтыя дні памірыцца з Богам і ўласным сумленнем. Бо няма іншага шляху да шчасця як пакаянне ва ўласных злачынствах. Немагчыма збудаваць справядлівую і моцную дзяржаву, калі не пакараць з усёй строгасцю тых, хто здзейсніў злачынствы і ня бачыць у гэтым нічога кепскага. Няма іншай магчымасці збудаваць шчаслівую краіну і будучыню, як жыць па законах маралі і Бога.

Ці гатовыя мы, беларусы, да гэтага шляху? Няхай кожны адкажа за сябе асабіста — ці гатовы ён сам? І няхай гэты адказ станецца першым крокам на доўгім шляху да зменаў у краіне, у канцы якога нас чакае Плошча з яе ахвярамі — але і наступныя ўцёкі уладнай банды і далейшае свята са слязьмі на вачах.