Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі салідарныя з народам Украіны

Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, якая аб'ядноўвае больш за 60 арганізацый, выказала салідарнасць з народам Украіны.



protest_245.jpg

"У гэтыя дні, напоўненыя і горам, і радасцю, калі Украіна перажывае пераломныя моманты сваёй найноўшай гісторыі, мы звяртаемся да ўсяго ўкраінскага народа з выказваннем салідарнасці і надзеі, — гаворыцца ў звароце прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. — Разам з Украінай мы смуткуем аб яе ахвярах, аб героях, якія аддалі сваё жыццё за агульначалавечыя каштоўнасці — свабоду, дэмакратыю, гуманізм і справядлівасць! Мы будзем памятаць пра іх".
Як адзначаюць аўтары дакумента, жыццё і здароўе людзей — "гэта вельмі высокая цана, якую ўкраінскі народ заплаціў за сваю свабоду ад бязмежжа і бескантрольнасці ўлады". "Гэтай крыві магло б не быць, але яна пралітая не дарма. Няхай яна паслужыць урокам для тых, хто ўсё яшчэ лічыць, што такой цаной можна ўтрымацца ва ўладзе, што жыццё людзей можна аддаваць за прадметы раскошы і асабістыя амбіцыі", — гаворыцца ў звароце.
Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі "захапляюцца гераізмам простых украінскіх грамадзян, іх пачуццём абавязку і адказнасці, самаарганізацыяй, самаадданасцю і воляй да перамогі". 
"Наперадзе Украіну чакаюць нялёгкія месяцы ўладкавання краіны, вяртання да нармальнага жыцця, фарміравання новых адносінаў паміж дзяржавай і грамадзянінам. Мы выверым у тое, што наш добры сусед — народ Украіны — зможа выбудаваць сваю новую дзяржаву як члена вялікай агульнаеўрапейскай сям'і, заснаванай на ідэалах гуманізму, на прынцыпах дэмакратыі. Украінскі народ заслужыў права будаваць гэтую дзяржаву сам, і тады карупцыі, злачыннасці, бяспраўнасці і прыгнёту людзей там не будзе месца", — падкрэсліваецца ў звароце.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН