Тастамент Рыгора Барадуліна

10 красавіка — саракавіны па Рыгору Барадуліну. Ён пайшоў у даравальную нядзелю, увечары 2 сакавіка. Са ўсімі ў апошнія свае дні пагаварыўшы, са ўсімі, па сутнасці, так ці іначай развітаўшыся.



1_2_sakavika_2014_fota_g_labadzenki.jpg

Апошняе фота Рыгора Барадуліна. 1 сакавіка 2014 года, 20 гадзін 30 хвілін. Фота Глеба Лабадзенкі

За тыдзень да гэтага ён адзначыў сваё 79-годдзе і 53 гады, як пабраўся шлюбам з жонкай Валянцінай Міхайлаўнай. І апошнія яго словы былі звернуты менавіта да яе: «Якая ты ў мяне прыгожая»…

Ён даўно ўжо прадчуваў свой сыход — пра тое Барадулін пісаў у вершах, пра тое папярэджваў блізкіх сяброў, пра тое без ані ценю засмучэння гаварыў падчас нашых з ім сустрэч і гутарак…

— УУладзіміра Огнева ёсць такія радкі: «Самое страшное в старости — когда не стареешь. Живу, как тот мальчик у Брэдбери — без возраста, во времени где-то остановившегося возраста…» Гэта сугучна выказванню Оскара Уайльда: «Страшно не то, что человек стареет, а что душой остается молод». Дый вы самі некалі напісалі: «…душа маладая, Ты, як вецер, стары…»

— Фізічная старасць сапраўды страшная, але самае галоўнае, каб душа заставалася маладой — чалавек датуль жыве, пакуль яго душа маладая, а ўжо калі старэе і душа, тады ніякае цела не ўратуе. Менавіта душа трымае чалавека на зямлі. Калі ж яна, састарэўшы, адыходзіць, тады і чалавек адыходзіць следам за ёй.

— Але колькі гадоўвашай душы?

— Ну, гэта як калі: парой гадоў трыццаць пяць, парой — пяцьдзесят. Але не болей. Вось калі табе добра, тады і нешта пішацца, і вяртаешся ў ранейшыя гады, а як дрэнна, дык адразу адчуваеш, што ўжо стары. Так што гэта ўсё перманентна.

— Такім чынам, на працягу толькі аднаго дня вы можаце быць і маладым, і старым?

— Так. Бывае, што прачынаешся і думаеш: хачу на Бутаўшчыну, да мамы. А на другі дзень думаеш: не, яшчэ рана. Ды і нельга сабірацца… Калі ж усё-такі сабраўся паміраць… усё як Бог дасць…

2_z_zhonkaj_valiantinaj_mihajlaunaj.jpg

Рыгор Барадулін з жонкай Валянцінай Міхайлаўнай

«Я хацеў бы быць блізкім па духу Купалу»

— Старэйшы сын Васіля Быкава Сяргей распавядаў, як неяк заўважыў бацьку, што той нарадзіўся не ў той час і не ў той краіне, але Васіль Уладзіміравіч адказаў на гэта, што сапраўды не ў той час, але ў краіне — той. А што б вы сказалі, калі б нехта сказаў у ваш адрас тое ж самае?

— Я лічу, што нарадзіўся ў той час і, канешне, толькі ў гэтай краіне павінен быў нарадзіцца. І калі б у мяне быў такі выбар, я б не сумняваўся і сказаў: толькі тут, менавіта тут.

— І менавіта на Вушаччыне?

— І менавіта на Вушаччыне — там, дзе жылі ўсе мае продкі. Я ніколі не хацеў у другой краіне нарадзіцца. У гэтай краіне нарадзіўся, тут і хачу памерці… Вось многія баяцца, што іх не пахаваюць на Маскоўскіх могілках, што трэба нейкія заслугі, але я не хачу стаяць у гэтай чарзе, якая ў савецкі час… Дый, урэшце, у традыцыі крывічоў хаваць на той зямлі, на якой нарадзіўся, туды і павінен вярнуцца. Мне спакойна будзе з мамай, на Бутаўскім могільніку. З гэтай зямлі я прыйшоў — у гэтую зямлю пайду. Думаю, што там я сустрэну сваіх землякоў, сяброў… Душа, паўтаруся, яна вечная, а цела, як вам сказаць, яно як, дапусцім, адзенне — сёння моднае манто, заўтра — паліто, а паслязаўтра — фуфайка ў савецкіх канцлагерах.

— Аднойчы падчас паездкі на Вушаччыну мы наведалі з вамі бычкоўскія могілкі, дзе пахаваныя бацькі і брат Васіля Быкава, і ўпершыню за многія гады вырашылі паглядзець усе могілкі. А яны пэўна ж надта старыя, яшчэ з паганскіх часоў, таму што далей ляжалі адны толькі старажытныя валуны, да якіх даўно ніхто не прыходзіць. І пасля калі мы наведалі месца, дзе некалі стаяла хата сябра дзяцінства Быкава Валодзі Галавача, вы раптоўна сказалі: «Хачу, каб у мяне на магіле быў валун»…

— Так, валун і крыж. Не хачу я помнікаў. Па-першае, помнік не будзе за што ставіць, да таго ж, гэта традыцыя яшчэ савецкіх часоў. Я хачу, каб быў толькі вушацкі валун. Я некалі пісаў пра гэта:

Калі я адыду, пастаўце мне

Валун сівы і крыж на валуне.

Я ж многа могільнікаў бачыў, у тым ліку і на Вушаччыне, але каб было цэлае поле камянёў, як на бычкоўскім могільніку… Камяні — яны як людзі: кожны са сваім абліччам, са сваім характарам. І каб на вушацкіх каталіцкіх могілках былі б не крыжы, нават і гранітныя, а камяні, іх не знішчылі б. Камень — гэта надмагілле з часоў паганства, з сівой даўніны, крыж з’явіўся пазней. Таму, як бы там ні было, але хрысціянства ўсё-ткі падладжвалася…

— Глебай для хрысціянства было паганства.

— Так, паганства.

— Ці лепей было б сказаць: паганства — гэта тая глеба, на якой узрос крыж хрысціянства.

— Так-так. Таму самае лепшае надмагілле — гэта камень.

— У адным з апошніх вашых вершаў:

Я пачынаю баяцца вечара.

Бо за вечарам следам прыйдзе яна,

Мая апошняя ноч. І вечная.

Адкуль гэтае веданне ці прадчуванне?

— Гэта нейкае падсвядомае адчуванне, што я павінен адысці ноччу. Не ведаю, калі я прыйшоў на свет, — мама мне гаварыла, але я не помню, аднак на спачын і так, і на спачын вечнасці лепш ісці ноччу. Днём яшчэ многа незакончаных спраў… Клопаты і справы могуць не адпусціць. Праўда, там таксама будуць справы, але ўжо новыя.

— Таксама будуць?

Канешне. Там трэба будзе даваць справаздачу, што зрабіў, Усявышняму, спавядацца перад Усявышнім. Я ў гэта свята веру.

— А іначай навошта гэта ўсё было?

— Так. Бог паслаў нас на зямлю на выпрабаванне, каб, паўтараючыся, жыць далей. Я лічу, што душа паўтараецца — яна пасля зноў сюды вяртаецца… Канешне, такіх ведаў у мяне няма, але ёсць такое адчуванне.

— Значыць, і вашая душа тут не ўпершыню.

— Канешне, не.

— У гэтай сувязі: хто вам бліжэй з гістарычных асобаў — ці прыкладам свайго жыцця, ці па характары?

(Задумваецца.) З гістарычных асобаў… (Паўза.) Каліноўскі, які быў пасланы падняць дух беларускі… (Праз паўзу.) Купала! Купала, канешне.

— У першую чаргу ўсё-ткі Купала?

— Так, Купала. Я не раўняю сябе з Купалам, але хацеў бы быць блізкім яму па духу, таму што Купала — гэта самаахвярніцкая натура, і ён таксама быў пасланы на гэтую зямлю на выпрабаванне…

Гэта ж вядома па Бібліі, што няма прарока ў сваёй Айчыне. І сучаснікі ніколі не маглі ацаніць… Калі падняць крытыку тых гадоў, дык як тады вульгарна ацэньваўся Купала! І як цяпер — гэта вялікая розніца. Але тут яшчэ ёсць элемент абагаўлення — ён таксама не бяспечны, таму што апосталаў трэба ўспрымаць як жывых людзей, усё-ткі гэта зямныя апосталы. У іх трэба бачыць і самае высокае, і нейкія зямныя чалавечыя недахопы. А калі рабіць з іх ікону, гэта таксама не на карысць нацыі, не на карысць развіццю думкі, літаратуры і культуры.

— А вось тое, што Бог даў вам жыццё даўжэйшае, чым, дапусцім, Янку Купалу, у гэтым жа таксама ёсць нейкі сэнс?

— Я, канешне, удзячны Богу за тое, што жыву, а з другога боку, часам мне хочацца ўжо туды, як гэта ні сумна, таму што… Таму што я баюся перажыць сябе самога. І адзінае, што хачу, — гэта памерці Барадуліным.

«Я ўпаў бы ў ногі маме і папрасіў прабачэння…»

— Раней вы казалі, што думаеце, што пасля яшчэ сустрэнеце ўсіх — родных, сяброў…

 

— Я лічу, што з усімі і ў першую чаргу з мамай, з усімі-ўсімі роднымі яшчэ сустрэнуся. Ну, і з ворагамі.

— Прабачце, калі ласка, за гэта пытанне, але калі можаце, адкажыце: што першае вы сказалі б… што скажаце сваёй маме?

 

— Як убачу маму… Я сказаў бы… я ўпаў бы ў ногі і папрасіў прабачэння за ўсё, што зрабіў дрэннага… А пасля падзякаваў бы… Па-першае, папрасіў бы прабачэння, таму што я многа-многа зрабіў ёй непрыемнага, дрэннага — як цяпер разумею. Я й да гэтага часу не магу сам сабе дараваць, што ў апошнія гады жыцця мамы мала ёй увагі ўдзяляў, што многа прынёс ёй гаркоты. Я заўсёды малю яе, каб яна мне даравала. І хоць і пісаў ёй вершы, але ўсё-ткі мала вярнуў маме той дабрыні, якую яна мне дала. Яна ж на мяне жыццё паклала… А тады мне здавалася, як вам сказаць…

Тое, што вы сёння называеце — «геніяльна пілі»?

— Так, была ў мяне і чарка, і ўсё астатняе, гэта, канешне, таксама паскорыла маміну смерць, я дужа яе здароўе падарваў. Гэта самы большы мой грэх… Канечне, я падзякаваў бы маме, што яна дала мне жыццё, што дала мне свет, мову… Я часта паўтараю: усё добрае ў мяне ад мамы, усё дрэннае — ад сябе.

— А што пераважвае?

 

— Пад настрой. Усё-ткі з гадамі я больш скептычна да сябе стаўлюся. Гэта ў маладыя гады здавалася, што я такі ўжо дужа добры, а з гадамі пачынаеш думаць, што не такі ты і добры… Ну, перарабіць тое, што было, перарабіць жыццё немагчыма. Чарнавік жыцця немагчыма перапісаць набела і даводзіцца дажываць — менавіта дажываць — з віной перад мамай, перад сябрамі… Я заўсёды, калі кладуся спаць, дзякую маме, прашу прабачэння ў мамы і ў тых, хто можа мне прабачыць, каму я зрабіў нешта дрэннае, каго абразіў ці пакрыўдзіў наўмысна і ненаўмысна… Я жадаю маме царства нябеснага, раю, дзякую і прашу прабачэння адначасова.

— Як вы думаеце, Акуліна Андрэеўна бачыць вас?

— Я думаю, што бачыць.

— І дапамагае вам?

— Памагае, я сам пра гэта прашу ў яе… (Праз паўзу, шэпча.) Мамачка мая, светлая мая мамачка ранішняя, мамачка мая родная, прабач мне і дай хоць на хвілінку спакою…

— Вы бачыце яе ў снах?

— Рэдка. Зараз я сны нейкія размытыя сню: бачу іх, а прачынаюся, і сны размываюцца, быццам ветравое шкло. Хаця бываюць і яўныя…

3_vokladka_baradul_n_6_1.jpg

«Каб я малады не чырванеў за сябе цяперашняга»

— Каго б вы хацелі яшчэ ў першую чаргу ўбачыць і пра што запытацца? Ці што сказаць, ці памаўчаць з кім?

— З Быкавым я хацеў бы памаўчаць. З Караткевічам хацеў бы… (Задумваецца.)

— Ну, чарку там падняць нельга…

— Я думаю, што там ужо, відаць, можна, таму з Караткевічам я падняў бы чарку, пажартавалі б. А з Быкавым я б памаўчаў і сказаў, як мне было самотна без яго, самотна і няўтульна на зямлі. Яшчэ добра, што застаўся са старых сяброў Генадзь Бураўкін. З астатнімі аднагодкамі мы і не перазвоньваемся, дый мне і хадзіць зараз цяжка… Карацей кажучы, я цяпер жыву, як мядзведзь у бярлозе.

— Дазвольце яшчэ запытацца…

— Калі ласка, калі ласка.

— Але там жа будзе магчымасць — прынамсі, спадзяюся на гэта — убачыць Янку Купалу. Мяркую, у гэтым выпадку вы не станеце маўчаць?

— Я не думаў аб гэтым... (Праз паўзу.) Я б сказаў… Я падзякаваў бы Богу, што Ён паслаў на Беларусь Купалу, а пасля адбіў бы чалом, як чалавеку, які замацаваў дух нацыі… Багдановічу я пачытаў бы ягоныя вершы і сказаў бы, што ў тыя, савецкія часы, калі ўся адукацыйная праграма па літаратуры была ўшчэнт савецкая, ягоныя вершы давалі ўражанне пра сапраўдную паэзію. Справа ў тым, што сапраўдных Купалавых вершаў не было ў праграмах — толькі «савецкія», а Багдановіча нічога іншага даць не маглі… Можа, гэта прагучыць як кашчунства, але дзякуй Богу, што Багдановіч не дажыў да савецкага часу і таму не напісаў нічога савецкага.

— Дзядзька Рыгор, калі загаварылі на гэтую тэму…

— Калі ласка, калі ласка.

— Лявон Баршчэўскі пісаў пра вас: «Паэт жахаецца ад думкі, што «адышоў далёка ад сябе, ад утрапёнага і маладога», «ад шчырага ў сваім святым наіве», і моліць Бога, каб ён даў яму яшчэ пэўны тэрмін на здзяйсненне апошняга жадання — «хачу вярнуцца да сябе самога». Як вы думаеце, якімі б вачыма паглядзеў на вас сённяшняга той Рыгор Барадулін, які з адным чамаданчыкам, у якога прама на вакзале адарвалася ручка, прыехаў летам 1954 года з Вушачы ў Мінск?

— На сённяшняга ён паглядзеў бы як на старога, хворага і… (праз паўзу) мала каму патрэбнага чалавека… Хоць нешта яшчэ мяне цешыць і трымае — трымае тое, што я яшчэ самому сабе патрэбен. А так адчуванне, што… ну, я мала каму патрэбен. І не ў тым сэнсе, што хачу быць на разрыў, як «хуткая дапамога»… А вярнуцца да сябе маладога — гэта, канешне, толькі мара, гэта немагчыма… На мой цяперашні розум, я многага б не рабіў — многае б не пісаў, многае б не перакладаў. Але з другога боку, я не магу не рабіць. Гэта не ад мяне залежыць, гэта наканаванне такое, гэта лёс такі… Ужо не гаворачы пра быт, пра тое, што палова той адзежы, што ёсць, мне не трэба, аднак у маладыя гады хацелася і апрануцца, але з узростам ужо абы хутчэй, абы цяплей і зручней. Між тым, чалавек усё жыццё нешта набывае-набывае, стараецца, а ён жа які прыходзіць, такі практычна і адыходзіць — ён прыходзіць голы і адыходзіць голы. І пад старасць пачынаеш разумець, што ўсё гэта прах прахам. У тым ліку і грошы, якіх у мяне ніколі многа не было. Так што… З другога боку, я не мог бы размінуцца той з цяперашнім. Пасядзелі б, падумалі: ці варта было ўсё гэта?.. Самае галоўнае, каб таму маладому не было сорамна за мяне цяперашняга.

— Вы б гэтага хацелі ці ўпэўнены ў гэтым?

— Я хацеў бы, таму што я не ўпэўнены. Я б хацеў, дужа хацеў, каб яму было не сорамна за мяне цяперашняга, за ўсе мае ўчынкі, правіны, грахі, за набыткі, за страты. Гэта самае галоўнае — каб не было сорамна, каб не чырванеў за сябе цяперашняга.

 «Маё Ватэрлоа»

— Гэта адзін з галоўных матываў вашых апошніх вершаў — тэма непазбежнага сыходу:

…І чую,

Як маркотна плача,

Пакуль маркоўнік не прычах.

І адчуваю,

Як Вушача

Змяркаецца ў маіх вачах.

І як не вырвецца з сяродкі

Душа —

Яе гукнулі продкі.

У гэтай сувязі прыгадваецца зноў жа Уладзімр Огнеў, які пісаў: «Долгое время говорили, что Наполеона отравили мышьяком англичане. Недавно установили: отравления не было, умер смертью естественной — рак желудка. Вспоминается Герцен: Наполеону сказали, что у него рак внутри. Он возразил: «У меня внутри Ватерлоа».

Калі карыстацца вызначэннем Огнева, у чым заключаецца Вашае Ватэрлоа?

— Параза?.. (Пасля паўзы.) Мне не дае спакою вынішчэнне ўсяго беларускага, якое адбываецца проста на маіх вачах. На маіх жа вачах было хай фармальнае, але хоць нейкае адраджэнне, гэта яшчэ пры камуністах…

— Маеце на ўвазе гарбачоўскую перабудову?

— Так-так, а тут кожны дзень, кожны дзень усё знішчаецца, знішчаецца, знішчаецца… Я не магу гэта перажыць, не магу… Невыпадкова я калісьці напісаў: «Хаця б памерці давялося У беларускай Беларусі».

— Калі б Беларусь была беларускай, тады і настрой ваш…

— Быў бы абсалютна нармальны. Я б сябе чалавекам адчуваў. Я ўсё-такі гаспадар гэтай зямлі, я сын гэтай зямлі, але адчуваю сябе тут абарыгенам.

— Іншаземцам.

— Так-так, мне вельмі даспадобы гэты геніяльны ясенінскі радок: «В своей стране я словно иностранец», памятаеце? Я пераклаў яго: «Я ў родным краі, як іншакраінец».

— А ў вас ніколі не было спакусы з’ехаць з Мінска, як гэта некалі зрабілі тыя ж Ігар Шклярэўскі, Іван Бурсаў, Ванкарэм Нікіфаровіч?

— Ніколі. Нельга так пра сябе гаварыць, але я занадта беларус. Нават занадта. Па свайму светаўспрыманню я сябе не беларусам не ўяўляю. Іначай я б быў загінулым чалавекам. Я не ўяўляю сябе за межамі Беларусі і за межамі беларускай мовы, культуры. Інакш мяне проста не было б. І калі ёсць ува мне што добрае, дык гэта ў тым ліку дзякуючы беларускасці.

4_aposhni_versh.jpg

Апошні верш Рыгора Барадуліна датаваны 28 лютага і прысвечаны сябру маладосці Генадзю Бураўкіну

— У Міхася Скоблы: «Хто з творцаў носіць пярсцёнак з выявай «Пагоні» — як знак вечнага шлюбу з Айчынай? Адзін Барадулін». Тут адна толькі вобразнасць ці ўсё-ткі Міхась не памыліўся?

— Канешне, Міхась не памыліўся. «Пагоня» ў маёй душы яшчэ ад Багдановіча, калі я ў школе чытаў яго «Пагоню», якая мне вельмі падабалася.

— Між іншым, запомнілася, як рыжскі мастак Вячка Целеш тлумачыў, чаму з’ехаў з Беларусі і чаму не хоча вяртацца сюды, — ён сказаў: «Лепей быць чужым у чужой краіне…»

— Геніяльна!

— «…чым чужым на сваёй зямлі».

— Правільна-правільна. Разумееце, вось сядзіш дома і нешта пішаш, чытаеш і быццам бы жывеш у беларускай Беларусі. Аднак як толькі ўключаеш тэлевізар ці радыё ці выходзіш за дзверы, на цябе глядзяць як на туземца! Толькі што не зрабілі рэзервацыі для беларусаў, як у Амерыцы — рэзервацыі для індзейцаў. Гэта настолькі падточвае арганізм, настолькі раздражняе і псуе нервы, выклікае такую гаркоту… Трэба мець металічныя нервы ці іншы выхад — піць альбо кідацца з дваццатага паверха. Але трэба жыць…

Гэта і ёсць самае страшнае маё Ватэрлоа, прынамсі, як у кожнага нармальнага беларуса… Я ж не супраць Расіі, я не супраць нікога і нікога не прымушаю гаварыць па-беларуску, але яны ж павінны паважаць. Ды дзе там — нават павагі няма! І самае цікавае, што ў першую чаргу не паважаюць не прыезджыя расіяне — свае. І ўсё таму, што такі прыклад падае наша «вертыкаль»…

«Прыйдзецца паміраць у тым, што ёсць…»

— У вашых вершах:

Нябыт абыякава ўсё праглыне.

Я цешыцца

Марнай надзеяй гатовы,

Што нехта захоча

Сказаць пра мяне:

Ён быў на паслугах

У матчынай мовы.

                      

* * *

Калі мая трывога спала,

Калі калоссе налілося

Тугой?

Сказаць я не бяруся.

Як нарадзіцца не прыпала,

Хаця б памерці давялося

У беларускай Беларусі…

            Ці ёсць гэта вашыя апошнія жаданні — памерці ў беларускай Беларусі і, пайшоўшы назаўсёды, застацца на зямлі беларускім словам?

— Так-так, гэта мае пажаданні, спадзяванні. Праўда, спадзяванні, якія, відаць, ніколі не здзейсняцца, асабліва апошняе. Ну, прыйдзецца паміраць у тым, што ёсць. Нікуды ад сябе не ўцячэш.

— Я вам, шаноўны дзядзька Рыгор, сапраўды шчыра жадаю яшчэ многіх гадоў жыцця і добрага здароўя, але калі б вас папрасілі нейкі тастамент нашчадкам пакінуць, што б вы сказалі ў будучыню, у вечнасць?

— Тастаменты нашчадкам у вечнасць небяспечна гаварыць… Я б пажадаў, каб яны заставаліся беларусамі, каб заставаліся сумленнымі і каб не прадавалі душу, бо хто прадасць душу, таго няма. Самая, відаць, галоўная праца, галоўнае змаганне на зямлі — вось гэты біблейскі пастулат: каб ты захаваў сваю душу. Колькі я жыў, увесь час імкнуўся захаваць яе. Не ведаю, наколькі мне гэта ўдалося, але я — стараўся.

У выдавецтве «МЕДЫЯЛ» у бліжэйшыя дні выходзіць кніга Рыгора Барадуліна «У неба пехатою», куды ўключаны выбраныя вершы апошніх гадоў, пэўная частка якіх друкуецца ўпершыню па рукапісах і нататніках паэта. Нават цяжка хворы, Барадулін пісаў практычна да апошняга дня. «Хвароба, якая ў апошнія гады бязлітасна яго згрызала, адбірала рухі, адбірала рукі, — не закранула дух, розум, талент. Бог не даў. Абараніў свайго абранца. І да апошняга радка, да апошняга свайго выдыху Рыгор Барадулін — светлы, ясны, высокі, пранізлівы. Паэт неверагоднай сілы і красы. Найпершы паэт крывіцкай мовы, чарадзей беларускага слова», — напісаў Уладзімір Някляеў у прадмове да кнігі сябра. Выданне падрыхтавана да саракавін Рыгора Барадуліна.

Замовіць кнігу можна на сайце: www.labadzenka.by