У вянок памяці выдатнага гісторыка і архівіста
Сябры Народнага гісторыка-краязнаўчага аматарскага аб’яднання «Прылуцкая спадчына» і культурна-асветніцкага клубу «Спадчына» правялі ў сталічным Чырвоным касцёле вечарыну памяці выдатнага беларускага гісторыка і архівіста Анатоля Валахановіча.

Партрэт А.Валахновіча пэндзаля масткава М.Несцярэўскага
Пасля хвіліны маўчання ў памяць паплечніка і аднадумцы, адбыўся памінальны малебен, які правёў святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Леанід Акаловіч — настаяцель праваслаўнай суполкі імя Эўфрасіньні Полацкай.

Памінальную малітву творыць айцец Леанід

Хвіліна маўчання
Стваральніца і першы кіраўнік аб’яднання «Прылуцкая спадчына» Прылуцкага цэнтру народнай творчасці Мінскага раёна Інэса Кароль распавяла гісторыю стварэння клубу і адзначыла, што Анатоль Валахановіч быў актыўным яго ўдзельнікам, шмат зрабіў для ўшанавання выдатных асоб Койданаўшчыны.

Першы кіраўнік Прылуцкай спадчыны Інэса Трафімаўна Кароль
Прыкладам гэтай вялікай працы ў складзе аб’яднання «Прылуцкая спадчына» Інэса Трафімаўна назвала яго актыўны ўдзел у стварэнні Гісторыка-дакументальнай хронікі Дзяржынскага раёна «Памяць», у міжнароднай канферэнцыі па ўшанаванню памяці роду фон Гутэн-Чапскіх — уладальнікаў Прылук, Станькава і ваколіцаў. Па выніках гэтых даследаванняў, выстаў, у якіх браў ўдзел Анатоль Валахновіч, выйшла кніга «Жыццё Айчыне, гонар — нікому», у выданні якой гісторык прыняў актыўны ўдзел. У гэтай кнізе апублікавана яго даследаванне жыцця і дзейнасці графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага.
«Анатоль Іосіфавіч валодаў сапраўды энцыклапедычнымі ведамі, — падкрэсліла Інэса Трафімаўна. — Напрыклад, пра перыяд Напалеонаўскай вайны 1812 года на тэрыторыі Беларусі, па падзеях Першай сусветнай вайны, прымаў актыўны ўдзел у стварэнні мемарыяла памяці загінулым у гэтай вайне.Безумоўна, наша «Прылуцкая спадчына» з адыходам у лепшы свет Анатоля Іосіфавіча згубіла шмат — карпатлівага даследчыка, цудоўнага і спагадлівага чалавека, сапраўднага патрыёта Бацькаўшчыны Беларусі. Мы будзем заўсёды памятаць яго неверагодны ўклад у напісання поўнай гісторыі яго радзімы Койданаўшчыны-Дзяржыншчыны».
Адзін з актыўных удзельнікаў «Прылуцкай спадчыны» Ігар Гатальскі нагадаў, што Анатоль Валахановіч далучыўся да іх гісторыка-краязнаўчага аб’яднання ў сакавіку 2003 года. «Хоць фактычна Анатоль Іосіфавіч нарадзіўся ў Менску, але ўся яго радня, карані былі з Койданаўшыны. Таму ён лічыў гэты край сваёй духоўнай радзімай. Адсюль і даўняе зацікаўленне яго гісторыяй». У доказ сваіх слоў спадар Гатальскі нагадаў яго друкаваныя матэрыялы па гісторыі роднага краю, а таксама водгукі на яго даследаванні ў беларускім друку.

Ля стэндаў з кнігамі Прылуцкай спадчыны і Анатоля Валахановіча
Сённяшні старшыня мінскага культурна-асветнага клубу «Спадчына» Пётр Русаў узгадаў асноўныя вехі сумеснай працы з гісторыкам і краязнаўцам з 1989 года, калі яны ўпершыню пазнаёміліся на паседжаннях клубу Анатоля Белага, як разам праводзілі гістарычныя лекцыі ў сталічных школах, бібліятэках Заводскага раёну. Пётр Русаў звярнуўся да прысутных, усіх хто ведаў Анатоля Валахановіча, з просьбай дасылаць матэрыялы — успаміны, публікацыі, прысвечаныя гэтаму даследчыку, каб размясціць іх у чарговым выпуску альманаха клубу «Спадчына».
Айцец Леанід Акаловіч успомніў пра незабыўныя сустрэчы і дыскусіі з гэтым энцыклапедычнага кшталту гісторыкам і адзначыў такі факт, што Анатоль Валахановіч быў ад нараджэння ахрышчаны ў каталіцкую веру, якую шчыра шанаваў, але часта заходзіў на службы ў прыход БАПЦ імя Эўфрасіньні Полацкай. «Анатоль Валахновіч запомніўся нам як асоба высокаадукаваная, разнастайная, духоўная. Мы шмат згубілі пасля таго, як наш сябра адышоў у лепшы свет, але памяць пра гэтага чалавека застанецца з намі на заўсёды», — адзначыў айцец Леанід.

Сваімі ўспамінамі дзеліцца айцец Леанід Акаловіч
Аўтар партрэта Анатоля Валахановіча, што сустракаў удзельнікаў мемарыяльнай вечарыны, мастак Мікола Несцярэўскі распавёў пра гісторыю гэтага партрэта і імянной плакеткі з партрэтам Анатоля Іосіфавіча. Мастак выказаў жаданне зрабіць з гэтай плакеткі медальён на магільны помнік гісторыку і для мемарыяльнай шыльды ў гонар А.Валахановіча.

Мастак Мікола Несцярэўскі з керамічным партрэтам Анатоля Валахановіча
Галоўны дызайнер дызайн-студыі «Энергонаследие» Міхаіл Сугака падзяліўся сваімі ўспамінамі пра тое, як разам з Анатолем Іосіфавічам фатаграфавалі апошнія моманты існавання і разбурэнне першай мінскай ГЭС-1, якую пабудавалі па распараджэнню мінскага галавы Караля Гуттэн-Чапскага ў 1895 годзе. «Гэтая трагічная падзея для гісторыі нашай сталіцы лягла на яго сэрца новым рубцом, які негатыўна адбіўся на яго далейшым жыцці…», — зазначыў Міхаіл Іванавіч.
З успамінамі пра незабыўныя сустрэчы з Анатолем Валахановічам падзяліліся тыя з яго паплечнікаў, хто ведаў гісторыка асабіста: сябра клубу «Спадчына» Уладзімір Ліпскі, настаўніца мясцовай школы Тамара Клепікава, бібілятэкар Ірына Цуканава, прадстаўнік Таварыства беларускай мовы ім.Ф.Скарыны Аляксей Шалахоўскі і іншыя сябры і паплечнікі гісторыка. Паэт, сябра клубу «Прылуцкая спадчына» Юрый Радыёнаў прысвяціў верш памяці Анатоля Іосіфавіча.

Вынік даследаванняў гісторыка — кнігі
Вечарына памяці Анатоля Валахановіча скончылася выкананнем яго любімых песень — прагучалі «Зорка Венера» Сымона Рак-Міхайлоўскага на верш Максіма Багдановіча і «Малітва» Алега Моўчана на верш Янкі Купалы.