Уладзімір Парфяновіч: «Прыйшлі туды, куды ішлі»

«Работа з нацыянальнымі камандамі здароўя не дадае», — трохразовы алімпійскі чэмпіён распавёў «Народнай Волі», чаму ён вырашыў «завязаць» з трэнерскай працай, на што жыве, а таксама паразважаў над тым, у якім месцы аказаўся беларускі спорт.

content_2.jpg.webp

Вядомы ў мінулым спартсмен некалькі гадоў працаваў у трэнерскім складзе зборнай Расіі, затым трэніраваў нацыянальную каманду Польшчы. У апошнія гады вырашыў адысці ад спорту высокіх дасягненняў і пераехаў у невялікі гарадок Масты, што ў Гродзенскай вобласці, дзе займаўся з дзецьмі ў мясцовай дзіцячай спартыўнай школе.

«Нармальна працуецца з дзецьмі, без нерваў і стрэсаў, — распавядаў славуты спартсмен. — За час працы ў Расіі і Польшчы вельмі стаміўся псіхалагічна, таму трэба было разгрузіцца. Я зараз дакладна ведаю: работа з нацыянальнымі камандамі здароўя не дадае.

А з дзецьмі працаваць неверагодна цікава. Па-першае, заўсёды прыемна бачыць, што твае веды дапамагаюць юным спартсменам расці, і ўсё гэта адбываецца на тваіх вачах. Па-другое, сярод дзяцей няма такога здрадніцтва, як у вялікім спорце.

А ў астатнім у мяне ўсё ёсць. Як нехта казаў, больш за адзін батон не з’ясі і больш за адзін кавалак масла ў рот не запіхнеш. У мяне няма жадання штодзень намазваць гэты батон чырвонай ці чорнай ікрой. Я і без ікры сябе добра адчуваю».

Зараз Уладзімір Уладзіміравіч наогул адышоў ад трэнерскай працы, таму вольнага часу хапае. Займаецца самаадукацыяй, хатнімі справамі, атрымлівае пенсію…

— Жыву за горадам, на свежым паветры, таму ў мяне ўсё проста цудоўна, — кажа Уладзімір Парфяновіч. — І самае галоўнае — нервная сістэма ў такіх умовах нармалізуецца. А я ўжо амаль два гады не займаюся трэнерскай працай.

— Чаму не захацелі працаваць з дзецьмі у спартыўнай школе?

— У гэтым ужо не было сэнсу. Я не адмаўляю, што мне падабалася трэніраваць дзяцей, бо гэта ўсё-такі жывая праца з людзьмі. Але часы надышлі такія, што патрэбна было сыходзіць.

— Самі прымалі рашэнне ці націснулі зверху?

— Ніхто не ціснуў. Але калі ў 2020 годзе пачаў распаўсюджвацца каранавірус, усе пачалі хварэць, то трэба было задумацца пра ўласнае здароўе і ўласную бяспеку.

І я прыняў рашэнне: лепш застануся без працы, чым пахаваюць, як дырэктара маёй дзіцячай спартыўнай школы. А ён быў амаль мой равеснік, старэйшы за мяне ўсяго на паўгода. У яго быў цукровы дыябет, а хвароба, як вядома, моцна б’е па дыябетыках.

Таму я наогул вырашыў пакінуць спорт. Тым больш што і спаборніцтвы тады пачалі адмяняць. А праз нейкі час, калі мне споўнілася 62 з паловай гады, аформіў пенсію, і зараз я — заслужаны беларускі пенсіянер.

— Колькі атрымліваеце, калі не сакрэт?

— Не буду абнародаваць лічбы. Як казаў адзін мой знаёмы, Міхаіл Барысавіч Эфрон, якога лічылі адным з першых беларускіх мільянераў: «Зносіны з грашыма — гэта выключна інтымны працэс. І іншым у гэты працэс лезці не варта». Але, скажам так, для жыцця мне грошай дастаткова.

— Уладзімір Уладзіміравіч, зараз з-за ваеннага канфлікту ва Украіне беларускі спорт аказаўся разам з расійскім у ізаляцыі. У міжнародных турнірах, на чэмпіянатах свету і Еўропы беларусам выступаць забаронена, нацыянальныя федэрацыі выключаюцца з міжнароднай спартыўнай супольнасці… Якія будуць наступствы для нашага спорту і спартсменаў?

— Як мне падаецца, гэта пакуль толькі кветачкі, а ягадкі чакаюць наперадзе. Уся гэта сітуацыя прывядзе да поўнай дэградацыі беларускага спорту, груба кажучы, загнівання.

Я не падзяляю аптымізму некаторых нашых спартыўных чыноўнікаў, якія заяўляюць, што ўсё гэта толькі загартуе спартсменаў і зробіць іх мацнейшымі.

Давайце паразважаем, дзеля чаго ўвогуле спартсмен трэніруецца паўжыцця. Дзеля таго, каб у сваёй не такой і доўгай спартыўнай кар’еры нечага дасягнуць на буйных міжнародных спаборніцтвах. А калі няма такіх спаборніцтваў, то каму патрэбны твае вынікі? Вось і ўвесь расклад.

— Зараз беларускія біятланісты ўдзельнічаюць у Адкрытым чэмпіянаце Расіі, заваёўваюць першыя месцы…

— Гэта зусім не тое. Выйграў ты першынство Расіі — і што далей? Можаш сказаць, што мацнейшы ў свеце? Не. Хіба што маральнае ды нейкае матэрыяльнае задавальненне атрымае чалавек ад перамогі ў Цюмені.

Не выключаю, што нацыянальныя алімпійскія камітэты Расіі і Беларусі могуць арганізаваць які-небудзь свой міжнародны турнір. Запросяць на яго спартсменаў з Пакістана, Індыі, Бразіліі і некаторых іншых краін. Заплацяць спартсменам, правядуць спаборніцтвы. Зробяць паказуху. Але вось пытанне: каму і дзеля чаго гэта патрэбна?

— На ваш погляд, ці вернуцца беларускія спартсмены ў міжнародную спартыўную сям’ю?

— Па меншай меры ў бліжэйшай будучыні ім гэта не свеціць. Ва Украіне працягваецца вайна, гінуць людзі, таму і Міжнародны алімпійскі камітэт, і міжнародныя федэрацыі будуць займаць прынцыповую пазіцыю.

— Беларускія спартсмены з нагоды вайны пераважна маўчаць, публічна не выказваюцца…

— А што зменіцца, калі яны выкажуцца? Ад іх нічога не залежыць. Яны разумеюць, што кавалак хлеба — гэта працяг іх спартыўнай кар’еры. Пачнуць выказваць пазіцыю — страцяць працу, сваю сацыяльную значнасць. Гэта будзе крыж на кар’еры, таму і маўчаць. Тут усё тлумачыцца вельмі проста.

…Дарэчы, трэба сказаць, што дэградацыя нашага спорту пачалася не сёння, яна ідзе ўжо значны прамежак часу. Калі кіраваць беларускім спортам сталі некампетэнтныя людзі.

— У свой час міністрам спорту быў Юрый Сівакоў — былы вайсковец і экс-міністр унутраных спраў. Таксама як быццам не вельмі кампетэнтны ў спорце чалавек, але ж якія пры ім былі вынікі на Алімпіядах!

— Дык Юрый Леанідавіч быў чалавекам, які заўсёды раіўся са спартсменамі. Шчыра казаў ім: «Я не вельмі добра разбіраюся ў спорце, таму вы мне падкажыце».

А зараз што адбываецца? Хто з кім раіцца? У спорце павінны быць свабодныя людзі, якія могуць данесці сваю пазіцыю па нейкім пытанні любому чыноўніку. Спартсмена нельга абмяжоўваць. Калі чалавек несвабодны, то ён не можа адстойваць сваю незалежнасць. На чэмпіянатах свету і Алімпіядах усе павінны змагацца за прэстыж краіны, за Радзіму і толькі пасля перамогі ўжо думаць пра матэрыяльнае ўзнагароджванне. А калі выступаеш дзеля таго, каб набіць кішэню, то не будзе ні выніку, ні грошай.

— Беларускія спартсмены недастаткова патрыятычныя?

— Патрыятызм — гэта найперш любоў да сваёй краіны, а не да нейкага асобнага чалавека ці дзяржаўнай структуры. Як мы ведаем, многіх сапраўдных патрыётаў звольнілі са зборных, таму што казалі не тое, што патрэбна было чыноўнікам.

— Сёння вам цікава выступленне, скажам, зборных Беларусі па хакеі ці футболе?

— За беларускім хакеем і футболам я наогул не сачу. Навошта гэтым цікавіцца, калі там поўныя нулі? На нуль жа не звяртаюць увагу. Я зацікаўлюся, калі гэтыя людзі з мячом ці шайбай выйграюць чэмпіянат Еўропы ці свету. Вось тады можна і важнасць сваю паказваць. А зараз навошта шчокі надзімаць, калі ты — нуль?!

Паўтаруся: сёння ў нашым спорце склалася даволі сумная сітуацыя. Але прыйшлі туды, куды ішлі.