Вацлаў Ластоўскі. Тытан нацыянальнай справы

 Яго імя доўга замоўчвалася ў афіцыйным беларускім дыскурсе, ярлык ворага доўга вісеў на «нязручным» гістарычным персанажы, хоць роля яго ў гісторыі далёка не другарадная. 8 лістапада 1883 года нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі, чалавек, які пакінуў свой адметны след у тузіне сфер культурнага і палітычнага жыцця Беларусі.

Вацлаў Ластоўскі

Вацлаў Ластоўскі

Калі б трэба было ахарактарызаваць Вацлава Ластоўскага адным словам, то ён — сапраўдны гігант. Яго грамадскай дзейнасці хапіла б не на адно жыццё: пісьменнік, літаратар, гісторык, філосаф, даследчык, палітык першых колаў, рухавік нацыянальнага адраджэння, акадэмік… Але гэта ўсё ўмясцілася ў тыя 54 гады жыцця, якое перарвала сталінская куля. У здаровым грамадстве яго імя грымела б у назвах вуліц, плошчаў, розных інстытуцый… Але ў Беларусі ХХІ стагоддзя з ушанаваннем Власта, як ён падпісваў свае творы, усё вельмі сціпла. Ці сапраўды Ластоўскі пакінуў значную спадчыну, якую варта ўшаноўваць? Прыводзім пяць жалезных аргументаў.

Быў адказным сакратаром першай «газэты з малюнкамі»

Жыццёвы шлях Вацлава Ластоўскага пачынаўся звычайна, як ва ўсіх, хто меў здольнасці да адукацыі. Нарадзіўся ў сям’і беззямельнага шляхціца, вучыўся дома, скончыў народную школу. Прага да ведаў занесла Вацлава ў сталіцу імперыі, дзе ён уладкаваўся бібліятэкарам у студэнцкай бібліятэцы. А гэта — магчымасці! Акрамя таго, што ён займеў доступ да рэдкіх і каштоўных кніг, Ластоўскі спадарожна, цішком, наведваў лекцыі ва ўніверсітэце на гістарычным факультэце.

Але потым Ластоўскага зацягнуў вір палітычнага жыцця, які завіхурыла першая руская рэвалюцыя дый наогул грамадская абстаноўка і ідэалагічная мода. У 1902-ім Ластоўскі далучыўся да Польскай сацыялістычнай партыі, а там і да Беларускай сацыялістычнай грамады. Што праўда, партыйная дзейнасць давяла яго да царскай турмы: у 1906-ым годзе за сацыялістычную прапаганду Ластоўскі быў арыштаваны і прасядзеў некалькі месяцаў. Тыповы беларускі палітык, што тут сказаць.

Калі ў Расійскай імперыі скончыліся гульні ў «палітыку» і самадзяржаўе зноў зацягнула гайкі ўнутранага рэжыму, партыйная праца была амаль немагчымай. Ластоўскі, дзякуючы сувязям з братамі Луцкевічамі, уваходзіць у рэдакцыю «Нашай Нівы» на пасаду адказнага сакратара. Гучыць, канешне, узвышана: сакратар, рэдакцыя… А па факце Ластоўскі прыйшоў на Завальную, 7 як чужы, у якасці тэхнічнага работніка на аклад народнага настаўніка ў 25 рублёў.

Вацлаў Ластоўскі ў рэдакцыі «Нашай Нівы»

Вацлаў Ластоўскі ў рэдакцыі «Нашай Нівы»

Пры Ластоўскім на старонках газеты стала менш эканамічных матэрыялаў,  больш увагі звярталася на літаратуру, а гэта ж — будучая класіка! Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цішка Гартны, Алесь Гарун, Алаіза Пашкевіч… Таксама шмат увагі стала надавацца матэрыялам, прысвечаным фарміраванню нацыянальнай ідэі. Пісаў у «Нашай Ніве» і сам адказны сакратар. Але тут сутыкаемся з дзіўным фактам: за час рэдактарства Ластоўскі не напісаў, бадай, ніводнага палітычнага артыкула. У асноўным ён змяшчаў публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, артыкулы на гістарычныя тэмы, апавяданні, пазней і вершы. Найперш займаўся гісторыяй. І, трэба прызнаць, досыць плённа.

Напісаў першую нацыянальную «гісторыю»

1910 год,  у знакамітай друкарні пана Марціна Кухты пабачыла свет «Кароткая гісторыя Беларусі» аўтарства Вацлава Ластоўскага. Гэта — першая кніга, прысвечаная гісторыі Беларусі, дзе Беларусь разглядалася як нешта асобнае. Бачна, што кніга пісалася беларусам для беларусаў, каб пашырыць гістарычныя веды пра свой край.

Першае выданне «Кароткай гісторыі Беларусі» Ластоўскага

Першае выданне «Кароткай гісторыі Беларусі» Ластоўскага

Нібыта да напісання кнігі Ластоўскага падштурхнуў, ці нават кінуў выклік, будучы распрацоўшчык нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга Клаўдзій Душ-Душэўскі. Быў такі выпадак, занатаваны Душэўскім: 

«Трапіў я ў рэдакцыю, сталі мы гаварыць аб беларускай справе. Я выказаў фразу: “Але, на жаль, мы, беларусы, маем бедную гісторыю”. Раптам скуль узяўся чалавек лысы, абросшы, няголены, з круглым чалом, і, ідучы яшчэ, паднятым голасам стаў гаварыць: “Як, мы не маем гісторыі? Скажыце, калі ласка, хто мае багацейшую гісторыю, чым мы, беларусы?”. Гэта быў В. Ластоўскі».

Трэба меркаваць, што з носьбітамі думкі аб тым, што «мы не маем гісторыі», Ластоўскі сутыкаўся часта. Ён бярэцца за справу.

Хоць Вацлаў Ластоўскі не праводзіў спецыяльных гістарычных даследаванняў і не меў сістэматычнай гістарычнай адукацыі, а праца яго носіць характар кампіляцыі іншых гісторыкаў, але тут ёсць вялікае і пераканаўчае «але». Гэта першая праца.

Упершыню Вацлаў Ластоўскі паказаў беларускі народ не як аб’ект, на які ўздзейнічаюць суседзі, а як самастойны суб’ект гісторыі. Ён упершыню зважаў, што пад тэрмінамі «літоўскі» ды «рускі» хаваецца беларуская спадчына.

На той час такія тлумачэнні былі ўжо актуальнымі. Канешне, кніга ў свой час крытыкавалася, бо, на думку расійскіх гісторыкаў, яна скажала гісторыю. Магчыма. У наш час хібаў і скажэнняў у працы Ластоўскага можна знайсці яшчэ больш, чым 100 гадоў таму. Але «Кароткая гісторыя Беларусі» застанецца ў гісторыі першай.  

В. Ластоўскі, 1916 год

В. Ластоўскі, 1916 год

Абвяшчаў незалежнасць БНР, быў яе прэм’ерам

На фоне Першай Сусветнай і рэвалюцыі ў Расіі гістарычныя абставіны склаліся так, што ад тэорыі трэба было пераходзіць да практыкі: ствараць уласную беларускую дзяржаву.

Яшчэ на пачатку векапомнага 1918-га Ластоўскі стварыў у Вільні «Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі», якая выпрацавала галоўныя кірункі стварэння незалежнай Беларусі. Гэта былі досыць смелыя думкі, бо ў палітычным полі луналі і ідэі аўтаномнай Беларусі, і Беларусі ў статусе quo, і чаго толькі не было! Не дарма кажуць: дзе два беларуса, там тры партыі. За ідэі незалежнасці трэба было змагацца найперш са сваімі, беларускімі, палітычнымі апанентамі…

Удзельнікі беларускай канферэнцыі, 1918 год

Удзельнікі беларускай канферэнцыі, 1918 год

У той час Ластоўскі ўваходзіў у палітычныя арганізацыі Вільні. Гэта звязана з тым, што беларускія землі былі падзелены фронтам Першай Сусветнай, і ў гэтых варунках сфарміраваліся два палітычныя цэнтры — Мінск і Вільня. Як сябар Віленскай беларускай рады Ластоўскі быў накіраваны 23 сакавіка 1918 года з Вільні ў Мінск, дзе ўдзельнічаў у легендарным пасяджэнні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая 25 сакавіка абвясціла незалежнасць.

Вацлаў Ластоўскі часоў палітычнай дзейнасці

Вацлаў Ластоўскі часоў палітычнай дзейнасці

Ластоўскі і далей працягнуў палітычную дзейнасць. Калі б у колах БНР было менш спрэчак і звадак, то яго палітычную кар’еру можна было б назваць нават паспяховай: Ластоўскі дайшоў да пасады прэм’ер-міністра. Што праўда, пасаду гэтую ён заняў у выніку… перавароту! Нават і такое на хвалях канфліктаў было ў Радзе БНР…

Да гэтага спрычыніліся даўнія ідэалагічныя і палітычныя супярэчнасці з Антонам Луцкевічам. У снежні 1919 года Ластоўскі даў згоду стаць «сцягам» перавароту ў Радзе БНР, спланаванага Пятром Крачэўскім і Васілём Захаркам. Луцкевіча пасунулі, Ластоўскі — прэм’ер!

Прэм’ерства Ластоўскага было адзначана прасоўваннем ідэй незалежнасці. 20 кастрычніка 1920-га на беларускай канферэнцыі ў Рызе пад яго кіраўніцтвам быў створаны блок беларускіх партый для барацьбы супраць савецкай улады і польскай акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь.

Перыяд з 1920-га па 1923-ці Ластоўскі прысвяціў дыпламатычнай працы. З адпаведнымі місіямі ён наведаў Бельгію, Нямеччыну, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю, Швейцарыю і іншыя краіны, выступаў за правы народа, асабліва ў Заходняй Беларусі.

Ластоўскі, 1920-я

Ластоўскі, 1920-я

Але ж спрэчкі і канфлікты ў колах БНР не спыніліся. На Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе ўрад Луцкевіча прызналі адзіным законным беларускім урадам. 20 красавіка 1923-га расчараваны Ластоўскі падаў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра БНР і адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці.

Сфармуляваў альтэрнатыву Беларусі

Ідэя «Беларусі» сапраўды расчаравала Ластоўскага. Пастаянныя дэструктыўныя канфлікты ў Радзе БНР падлілі алею ў полымя расчаравання ідэяй… Ластоўскі вырашае зрабіць «перазапуск» і сфармуляваць новую ідэнтычнасць, а там — і дзяржаўнасць. На авансцэну выходзіць Крывія.  

Калі сцісла, то крыўскую ідэю Ластоўскі вызначаў як нейкі альтэрнатыўны варыянт беларускай ідэнтычнасці, як тое, што павінна дапаўняць ці нават замяніць канцэпт «беларускасці». Ластоўскі абапіраўся на візію, часткова рамантычную, часткова гістарычную, таго, чым ёсць Крывія ў гісторыі. А гэта — Полацкае княства, якое лічыцца пачатковай формай дзяржаўнасці. У сваіх пошуках дзяржаўных і прававых вытокаў ён звяртаўся менавіта да Полаччыны як узору самастойнасці, незалежнасці і першапачаткаў нашага існавання ў дзяржаўнай форме.

Ластоўскі ў этнаграфічнай экспедыцыі, 1920-я

Ластоўскі ў этнаграфічнай экспедыцыі, 1920-я

Ластоўскі фармуляваў крыўскую ідэю як ідэю духоўную, а ўвасобіў яе ва ўласных кнігах. Напрыклад, у «Лабірынтах». Бачанне Крывіі паўтарае тэзы еўрапейскіх традыцыяналістаў, перанесеныя на тутэйшую глебу. Іх сэнс такі: напачатку часоў існаваў «залаты» век, калі людзі былі падобныя да багоў, калі яны пільнаваліся сваёй традыцыі, веры, і гэта дазваляла ім існаваць у стане багатага духоўнага жыцця. Пазней пачынаецца дэградацыя, якая звязваецца са зменай цыклаў: час багоў, святароў змяняецца часам ваяроў, экспансіяй, час экспансіі змяняецца часам чэрні, і затым наступае поўная дэградацыя Космасу, каб зноў адрадзіцца на нейкіх новых хвалях, каб новы пачатак прынёс абнаўленне і «залаты век» вярнуўся. І вось Ластоўскі ў сваіх «Лабірынтах» апісвае тую самую мадэль… Пры ўсёй супярэчнасці ідэя — звышарыгінальная!

Гісторыя крыўскай кнігі

Гісторыя крыўскай кнігі

У сваіх ідэях Ластоўскі паслядоўны. Нават у навуковых працах ён замяняе «беларускі» на «крыўскі». Так, у 1924-м годзе надрукаваў «Падручны расійска-крыўскі слоўнік», а ў 1926 годзе пабачыла свет галоўная праца Ластоўскага — «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX стагодзьдзя».

Слоўнік Ластоўскага

Слоўнік Ластоўскага

Дарэчы, пра навуку…

Стаў адным з першых акадэмікаў, знайшоў Крыж Ефрасінні Полацкай

Рамантызму ў Ластоўскага было праз край… Як і даверлівасці. Былы прэм’ер БНР у 1927-ым вяртаецца ў БССР. Ён шчыра верыў: калі займацца выключна навукай, не лезці ў палітыку, то чапаць не будуць…

Акадэмік Ластоўскі

Акадэмік Ластоўскі

Так і было, але толькі спачатку. Яшчэ ў красавіку 1926-га Ластоўскі наведаў БССР у якасці ўдзельніка акадэмічнай канферэнцыі. Мінск яго ўразіў, ён пераканаўся, што тут для беларускай справы можна было зрабіць значна больш, чым у Коўне, дзе жыў апошнія гады. Кошт памылкі аказаўся вялікі. У 1927 годзе ўрад БССР нават дазволіў яму вярнуцца ў Мінск. Тут на Ластоўскага, як з рогу дастатку, пасыпаліся пасады. Спачатку ён працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, быў загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце… Пры гэтым Вацлаў Ластоўскі быў ці не адзіным навукоўцам на ўсю ўстанову, які не меў ні вышэйшай, ні хаця б сярэдняй адукацыі.

Акадэмік Ластоўскі (газетнае фота)

Акадэмік Ластоўскі (газетнае фота)

Білет удзельніка акадэмічнай канферэнцыі Ластоўскага

Білет удзельніка акадэмічнай канферэнцыі Ластоўскага

1928 год, беларусізацыя згортваецца, а навуковая кар’ера Вацлава Ластоўскага імкліва ўзлятае. Ён — акадэмік Акадэміі навук БССР. У ліку першых. Ластоўскі ў БССР працуе звышпрадуктыўна. У 1928-ым ён арганізаваў экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі. І вось у часе адной з іх знойдзены, ні больш ні менш, Крыж Ефрасінні Полацкай! Справа ў тым, што яшчэ ў 1921-ым Крыж сярод іншых царкоўных каштоўнасцей рэквізавалі бальшавікі. Вацлаў Ластоўскі ведаў каштоўнасць крыжа, ён прыехаў у Полацк, забраў рэліквію з мясцовага фінаддзела і перавёз яго ў Мінскі музей.

Крыж Ефрасінні Полацкай

Крыж Ефрасінні Полацкай

Не губляў Ластоўскі часу і на ніве напісання навуковых кніг. Ён разам з М. Шчакаціхіным апрацаваў «Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разьбярства» і распачаў вялікую працу «Матэрыяльная культура Беларусі», якая ахоплівала перыяд ад XVI да XX стагоддзя… Але змяніліся часы, былы прэм’ер і дзейны акадэмік аказаўся «ворагам народа».

Глядзіце таксама

P.S. Чым усё скончылася?

Адказ — прадвызначаны.

Яшчэ ў 1929 годзе акадэмік Ластоўскі трапіў пад хвалю рэпрэсій. У кастрычніку ён вызвалены з пасады неадменнага сакратара АН БССР, а 10 красавіка 1930-га пазбаўлены звання акадэміка і высланы на 5 гадоў за межы Беларусі. Лёс занёс Ластоўскага ў Саратаў, дзе ён ва ўніверсітэцкай бібліятэцы будзе яшчэ колькі год працаваць загадчыкам аддзела рэдкай кнігі і рукапісаў.

Ластоўскі ў Саратаве

Ластоўскі ў Саратаве

Паўторны арышт не прымусіў доўга сябе чакаць. 20 жніўня 1937-га за Ластоўскім зноў прыйшлі карныя органы, а 23 студзеня 1938 года Ваенная калегія Вярхоўнага Суда СССР прыгаварыла «агента польскай разведкі і ўдзельніка нацыянал-фашысцкай арганізацыі» Вацлава Юстынавіча Ластоўскага да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу.

Але ж зробленае Ластоўскім застанецца. Ён і яго спадчына яшчэ будуць годна ўшанаваны.