У выдавецтве «Скарына» выйдзе зборнік да 140-годдзя Вацлава Ластоўскага

Да 140-годдзя Вацлава Ластоўскага, які нарадзіўся 8 лістапада 1883 года, лонданскае выдавецтва «Скарына» падрыхтавала зборнік «Мовазнаўчыя працы» выбітнага навукоўца, літаратара і дзяржаўнага дзеяча. Кнігу ўклаў палітолаг і сацыялінгвіст Уладзіслаў Гарбацкі (Вільня), а пасляслоўе напісала прафесарка Ніна Баршчэўская (Варшава).

vokladka_promo.jpg

Мовазнаўчая спадчына Вацлава Ластоўскага ўвасабляе багаты, разнастайны і дасюль актуальны матэрыял, які ахоплівае розныя сфэры: гісторыю мовы, лексыкаграфію, фанэтыку, анамастыку, лексыкалёгію, сацыялінгвістыку, дыялекталёгію, графіку. Ва ўсіх гэтых сфэрах Ластоўскі пакінуў сьмелыя і наватарскія напрацоўкі.

Ён стаяў ля вытокаў беларускай сацыялінгвістыкі, бо ад першага мовазнаўчага тэксту ў 1912 годзе ў яго тлумачэньнях і падыходах выразна чыталіся экстралінгвістычныя чыньнікі. Упершыню чытацтву прапануецца досыць поўны збор мовазнаўчых тэкстаў — каля сямідзесяці артыкулаў і нататак розных памераў, якія з 1912 па 1927 гады друкаваліся ў пэрыядычных выданьнях («Наша Ніва», «Крывіч», «Узвышша») і календарах.

Вацлаў Ластоўскі вядомы сваёй слоўнікатворнай працай. Слоўнікі займаюць асобнае месца ў спадчыне выбітнага дасьледніка. Актуалізацыя іх спадчыны — асобная задача. Лепей зразумець гэты пласт дзейнасьці Ластоўскага дапамогуць сабраныя пад адной вокладкай тэарэтычна-практычныя мовазнаўчыя працы.

Кніга адрасуецца мовазнаўцам, этнограф-к-ам, гісторыкам і гістарыцам і ўсім, хто цікавіцца спадчынай волата беларускай навукі.


Глядзіце таксама

Прэзэнтацыі кнігі пройдуць падчас канфэрэнцыі «Новым імкненьням даць новыя формы. Вацлаў Ластоўскі і беларускія мовазнаўцы ў культурным дыскурсе 1920-30-х гадоў» 10 лістападу. Да прэзэнтацыі можна далучыцца дыстанцыйна і ў пачатку сьнежня падчас кірмашу гістарычнай кнігі ў Варшаве. Дата прэзэнтацыі ў Вільні будзе абвешчаная дадаткова.

Перадзамову на кнігу можна зрабіць у кнігарні выдавецтва, а на сайце выдавецтва — прачытаць прадмову і зьмест. Кніга выйдзе ў сярэдзіне лістападу.

Выдавецтва «Скарына» (Skaryna Press) было створанае групай аднадумцаў у 2022 годзе, каб працягваць і ўзбагачаць гэтую традыцыю, адлюстроўваць патэнцыял беларускага замежжа і наладжваць сувязі паміж аўтарамі і чытацтвам у Беларусі і за яе межамі.

У сучасным сьвеце шляхі культуры не павінныя абмяжоўвацца дзяржаўнымі межамі, таму мы выдаем кнігі, каб адукоўваць, яднаць і мацаваць нашую нацыянальную супольнасьць і папулярызоўваць беларускую культуру па ўсім сьвеце. Нашымі прынцыпамі мы бачым асьветніцтва — жаданьне казаць непрамоўленае або — наўмысна ці ненаўмысна — забытае, а таксама захоўваць, распаўсюджваць і памнажаць традыцыі і дасягненьні, што ўзьніклі ў беларускім замежжы; супраціў цэнзуры і абмежаваньням свабоды творчасьці, каб быць пляцоўкай для вольнага абмену думкамі; рухаць сучаснасьць — ствараць і выдаваць кнігі па-новаму, тут і цяпер, каб яны разьляталіся па ўсім беларускім сусьвеце і жылі доўгім жыцьцём.