Адпраўка войскаў у Казахстан адбілася? Чаму так моцна расце долар і падае расійскі рубель

З канца снежня беларускі рубель істотна аслабеў да долара і еўра. Старшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб тлумачыць «Нашай Ніве», у чым прычына валютных арэляў.

132416_or.jpg

Долар і еўра працягваюць рост ужо амаль два тыдні. Пры гэтым мы назіраем павольнае падзенне беларускага і сур'ёзнае падзенне расійскага рубля.

«Беларускі рубель падае — валютны кошык расце, — каментуе Вадзім Іосуб. — Калі меркаваць па кошце валютнага кошыка, то на таргах 6 студзеня беларускі рубель нават крыху ўмацаваўся. А гэта сведчыць пра тое, што ўсё, што цяпер адбываецца з доларам, еўра і расійскім рублём, не з'яўляецца значнай праблемай для беларускай эканомікі і беларускага рубля ў прыватнасці.

Перш за ўсё, гэта праблема для расійскага рубля. Можам нават прааналізаваць: яшчэ ў 20-х чыслах снежня долар каштаваў 73 расійскія рублі, а ўжо сёння на таргах дасягнуў 77 рублёў. Столькі амерыканская валюта ў Расіі не каштавала з сярэдзіны красавіка мінулага года. За апошнія пару тыдняў рост долара да расійскага рубля ўвогуле склаў 5,5%. І гэта даволі сур'ёзны паказчык».

Разважаючы аб прычынах падзення расійскага рубля, эканаміст кажа, што яно пачалося яшчэ ў апошні тыдзень снежня мінулага года і звязанае з эскалацыяй канфлікту паміж Расіяй і Украінай.

Нагадаем, у апошнія дні снежня 2021-га Расія працягнула нарошчваць колькасць войскаў на мяжы з Украінай і сцягваць у рэгіён вайсковую тэхніку. Многія замежныя выданні са спасылкай на крыніцы ў амерыканскай выведцы паведамлялі, што ў першыя тыдні 2022 года Расія нібыта рыхтуецца ўварвацца на тэрыторыю Украіны.

«Тады ж Захад заявіў, што ў выпадку далейшай агрэсіі супраць Расіі будуць уведзеныя самыя жорсткія эканамічныя санкцыі. Такім чынам, з-за рызыкі такіх санкцый, расійскі рубель і пачаў сваё падзенне, — разважае Вадзім Іосуб. — Але літаральна за апошнія суткі з'явіўся яшчэ адзін фактар падзення расійскага рубля. І гэта не столькі сам факт перавароту ў Казахстане, колькі навіна аб удзеле Расіі ў падзеях у Казахстане ў рамках АДКБ. Расійскаму рублю гэтыя падзеі, відавочна, нашкодзяць яшчэ больш».

На думку эканаміста, хутчэй за ўсё, спрацуе наступны механізм: частка інвестараў, якія трымаюць грошы ў расійскай эканоміцы (гэта могуць быць расійскія акцыі або расійскія дзяржаблігацыі), узважаць ўсе рызыкі і з вялікай верагоднасцю прымуць рашэнне вывесці свой капітал. Гэта значыць, што яны прададуць свае акцыі і аблігацыі за рублі і купяць на іх валюту. У выніку падымецца попыт на еўра і долар, а курс расійскага рубля ўпадзе яшчэ больш.

«Нават калі меркаваць па таргах 6 студзеня, то расійскі рубель ужо асеў дастаткова сур'ёзна, — аналізуе Вадзім Іосуб. — Даляр і еўра растуць прыкладна на 0,5%, а расійскі рубель падае ў дачыненні да беларускага больш чым на 1%. Калі сітуацыя і далей будзе такой напружанай, расійскі рубель працягне таннець у дачыненні да замежных валют. Што тычыцца беларусаў, то для нас гэта будзе азначаць, што долар і еўра і далей будуць расці, а расійскі рубель — падаць».