Айцішнікі сталі зарабляць менш, настаўнікі таксама. Але ёсць нюанс

У параўнанні з канцом мінулага года заработныя платы ў краіне за студзень моцна знізіліся. Па некаторых галінах лічбы падзення ўражваюць. Хто пацярпеў больш: айцішнікі ці настаўнікі?

imgl0337__1__logo.jpg


Нагадаем, у снежні 2022, паводле Белстата, сярэдні заробак па Мінску склаў 2728 беларускіх рублёў, пасля выплаты падаткаў і ўнёскаў на руках могуць застацца 2350-2370 рублёў. Самую высокую зарплату ў сталіцы налічылі работнікам горназдабыўной прамысловасці (7921 рублёў), айцішнікам (7340 рублёў), работнікам трубаправоднага (5412 рублёў) і паветранага (5329 рублёў) транспарту.

Канешне, параўноўваюць суму заробкаў са снежаньскімі не зусім карэктна. Эканаміст Леў Марголін тады звяртаў увагу, што «менавіта ў снежні, у апошні месяц года, прадпрыемствы выплочваюць сваім работнікам шматлікія бонусы, 13-ы заробак: бюджэтнікі стараюцца выкарыстаць выдзеленыя сродкі да 1 студзеня, інакш яны вернуцца туды, адкуль прыйшлі».
Таму, па меркаванні эканаміста, перш чым рабіць далёкасяжныя высновы, трэба дачакацца звестак па заробках за студзень. І калі ў студзені заробкі не знізяцца, тады сапраўды можна рабіць высновы пра тое, што нейкай частцы сушы планета Зямля наступіў зарплатны рай.
Але грашовы дождж пакуль, відаць, скончыўся. Як піша тэлеграм-канал «Нашы грошы», заробкі ў студзені моцна аселі.
Вышэй за ўсё яны прадказальна застаюцца ў IT сферы (6018 рублёў), але і страты ў іх уражваюць — за месяц яны атрымалі на 920 рублёў менш. Да студзеня мінулага года, у рэальным выражэнні (гэта значыць з улікам інфляцыі), сфера высокіх тэхналогій атрымлівае на 10,7% менш.
Сярэдняя намінальная заработная плата ў фінансавай сферы склала 3132 рубля. У снежні яна была на 176 рублёў вышэйшай, а вось да студзеня мінулага года, нават з папраўкай на інфляцыю, заробак стаў на 11,7% большым.
Прыраслі ў рэальным выражэнні Прамысловасць і будаўніцтва — на 5,5% і 4,7% у рэальным выражэнні, а сярэдні заробак у галінах склаў 1842 рублі і 1669 рублёў адпаведна.
Цяпер аб найбуйнейшых сацыяльных сферах: у студзені сярэднія заробкі ў ахове здароўя ўпалі на 38 рублёў, а ў адукацыі — на 51 рубель у параўнанні са снежнем 2022 года. Праўда, пры гэтым да студзеня мінулага года рэальная заработная плата ўсё ж прырасла ў абодвух сектарах: у ахове здароўя на 1%, а ў адукацыі на 3,5%.
Адукацыя ў чарговы раз аказалася ў ліку найменш аплатных прафесій, прычым настолькі, што месячнае змяненне заработнай платы ў ІТ аказалася амаль роўным сярэдняй аплаце працы настаўнікаў.
І яшчэ адна цікавая лічба: падзенне зарплаты ў 51 рубель аказалася для настаўнікаў адчувальным, гэта 4% ад іх месячнага заробку. Калі б гэтую ж суму страцілі прадстаўнікі ІТ-сферы, іх заробак асеў бы ўсяго на 0,7%.