Азбука паліталогіі: Асцярожна, «акно магчымасцей» зачыняецца

Галоўчанка, зразумела, не Рубенс, не Рэмбрант і нават не Савіцкі, але ў выніку мы маем карціну алеем, якая называецца «Спробам разбурыць нашу краіну мы супрацьпаставілі сістэмную працу ў мабілізацыйным рэжыме».

Ілюстрацыйнае фота. Створана з дапамогай midjourney

Ілюстрацыйнае фота. Створана з дапамогай midjourney

«Вставай, страна огромная, вставай на смертный бой». Ідэю ўсеагульнай мабілізацыі, мабыць, лепей і не выказаць. Тлумачыць яе актуальнасць для краіны, якая займала 1/6 частку сушы, пасля 22 чэрвеня 1941 года няма неабходнасці, тым больш у Год гістарычнай памяці.
На змену 22 чэрвеня праз чатыры гады прыйшло 9 траўня, прыйшла Перамога, якая стала вынікам адзінства фронту і тылу, вынікам усеагульнай мабілізацыі. Перамога з вялікай літары — на тое і Перамога з вялікай літары, каб пад мабілізацыйным этапам у жыцці савецкіх і постсавецкіх народаў назаўжды падвесці рысу.На жаль, нешта ў нябеснай канцылярыі не склалася, і ў адпаведнасці з прыказкай «новае — гэта добра забытае старое» ў самай саліднай газеце краіны публікуецца артыкул пад назвай «Галоўчанка: Спробам разбурыць краіну дзяржава супрацьпаставіла сістэмную працу ў мабілізацыйным рэжыме».
Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка — не апошні чалавек у краіне. Ігнараваць яго ацэнкі апошніх тэндэнцый у беларускай эканоміцы было б неразумна, тым больш у сучасных дынамічных умовах.

Карціна алейнымі фарбамі

Здавалася б, яшчэ ўвесну дзяржаўная прапаганда разглядала санкцыі ў якасці «акна магчымасцей» для беларускай мадэлі. І гэта знайшло сваё адлюстраванне ў колькасці артыкулаў, што змяшчаюць адпаведны выраз, які дыхае аптымізмам. У траўні на сайце газеты «СБ. Беларусь сегодня» пошукавік налічыў 21 такі артыкул.
Свой унёсак у прапаганду аптымізму, які ахапіў кіраўніцтва нашай краіны, зрабіў і прэм’ер-міністр. У інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1», што было апублікавана на сайце газеты 25 траўня, ён заявіў: «Цяпер плён такога падыходу бачны, а час даў задачу — у прыватнасці, у Расіі нараджаецца вельмі вялікі попыт на звычайныя тканіны: суконныя, ваўняныя, паўваўняныя, сінтэтычныя. Вось яно — акно магчымасцей, якое адкрылася для беларускіх тэкстыльшчыкаў».
На змену 21 артыкулу са словазлучэннем «акно магчымасцей», што з’явіліся ў траўні, прыйшло толькі восем артыкулаў у верасні. Эканамічная рэальнасць у выглядзе падзення вытворчасці прамысловай прадукцыі за студзень–жнівень гэтага года на 6,6% прымусіла прэм’ер-міністра публічна прызнаць наяўнасць трох асноўных (а ёсць жа яшчэ і другасныя) каналаў уплыву санкцый на беларускую эканоміку:
«Першы — на рух тавару, прамыя гандлёвыя абмежаванні на пастаўку асобных відаў прадукцыі, экспарт нават несанкцыйных тавараў.
Другі — забарона імпарту з недружалюбных краін тэхналогій і абсталявання, каб затармазіць наша тэхналагічнае развіццё.
Трэці — спроба паралічу фінансавай сістэмы. Гэта адключэнне ад сістэмы SWIFT шэрагу буйных банкаў, забарона аперацый з Нацбанкам, абмежаванне доступу на фінансавыя рынкі».
Галоўчанка, зразумела, не Рубенс, не Рэмбрант і нават не Савіцкі, але ў выніку мы маем карціну алейнымі фарбамі, якая называецца «Спробам разбурыць нашу краіну мы супрацьпаставілі сістэмную працу ў мабілізацыйным рэжыме».

У чым праблема?

Каб разабрацца з наступствамі сістэмнай працы ў мабілізацыйным рэжыме, неабходна для пачатку з дапамогай сацыёлага Сяргея Беланоўскага і палітолага Настассі Нікольскай разабрацца з тэрмінам «мабілізацыйная эканоміка». Згодна з агульнапрынятым вызначэннем, гэта «эканоміка, рэсурсы якой сканцэнтраваны ў цэнтральнай улады і выкарыстоўваюцца для дасягнення пэўнай мэты або процідзеяння пагрозам. Такая эканоміка прадугледжвае ўзмацненне дзяржаўнага ўмяшання, распрацоўку плана або праграмы дасягнення мэт, рэалізацыю мегапраектаў, кіраўніцтва дзейнасцю прадпрыемстваў незалежна ад формы іх уласнасці (дырыжызм)».
Для тых, хто хаця б у мінімальнай ступені знаёмы з беларускай мадэллю, нічога новага ў такім вызначэнні няма. Курс на будаўніцтва мабілізацыйнай эканомікі быў узяты ў рэспубліцы-партызанцы на наступны дзень пасля завяршэння прэзідэнцкіх выбараў 1994 года, і за 28 гадоў ні адной сур’ёзнай спробы яго карэкціроўкі зафіксавана не было.
Дык у чым праблема? Праблема ў тым, што мабілізацыйная эканоміка ў варыянце, апісаным вышэй, не патрабуе мабілізацыі народных мас. Для яе ажыццяўлення дастаткова мабілізацыі дырыжораў.
Няма нічога дзіўнага ў тым, што сярэднестатыстычны прадстаўнік «большасці» расцэньвае беларускую мадэль як паспяховую. Поспех не мае патрэбы ў ідэалагічным абгрунтаванні. У ідэалагічным абгрунтаванні мае патрэбу апраўданне ахвяр, прынесеных у імя будучых поспехаў.
Распад СССР не ў апошнюю чаргу і быў звязаны з крушэннем веры ў светлую камуністычную будучыню, дзеля якой патрабавалася прыносіць ахвяры ў рэжыме тут і цяпер.

Воз і маленькі вазочак прыкладаў

Цяперашні беларускі рэжым — гэтак жа, як і яго расійскі калега — рэжым дэмабілізацыйны. Ён дапускае актыўнасць грамадзян, але толькі ў жорстка кантраляваных формах.
Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова адкрыць Інфармацыйны бюлетэнь Адміністрацыі прэзідэнта № 4 за 2003 год, у якім сабраны заўвагі да выступленняў удзельнікаў ідэалагічнай нарады.
Цытую: «Мітынгі і дэманстрацыі, пра якія казаў Леанід Пятровіч Козік (старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў 2003 годзе. — Рэд.), гэта таксама форма, праз якую трэба праводзіць ідэалагічную працу, але гэтым трэба карыстацца вельмі акуратна. Не заахвочваць стыхію. Лепш усё ж такі нейкая абмежаваная колькасць людзей, арганізаваная, пікеты і гэтак далей».
Архітэктары беларускай мадэлі паводзяць сябе, нібы Панікоўскі — герой рамана «Залатое цяля»,  які «не любіў, калі збіралася вялікая колькасць сумленных людзей у адным месцы». Такая нелюбоў зразумелая: усялякая вялікая колькасць людзей, што сабраліся ў адным месцы (натоўп), незалежна ад ступені сумленнасці, можа лёгка выйсці з-пад кантролю. Прыкладаў у гісторыі — воз ды маленькі вазок. Дастаткова згадаць, чым скончыўся для прэзідэнта Румыніі Мікалае Чаўшэску мітынг, арганізаваны 21 снежня на плошчы ля будынка ЦК.


Адпаведныя ўрокі ў Беларусі засвоены, што не адмяняе патрэбы ў масавай мабілізацыі ва ўмовах, якія склаліся пасля пачатку «спецаперацыі».
Як нельга быць напалову цяжарнай, так немагчыма праводзіць палітыку «крэпасці ў аблозе» і не заклікаць пры гэтым насельніцтва мабілізаваць усе свае намаганні для барацьбы са знешнімі і ўнутранымі ворагамі.Лепшай пагрозы беларускай стабільнасці, мабыць, не прыдумаць.