Беларусь закупіла першую партыю нафты ў Saudi Aramco, танкер прыбудзе ў Клайпеду 11 траўня
Беларусь закупіла ў Саудаўскай Аравіі, у кампаніі Saudi Аramco, першую партыю нафты, прыбыццё танкера на 80 тысяч тон чакаецца 11 траўня ў порт Клайпеды, паведаміў агенцтву "Інтэрфакс-Захад" прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім" Аляксандр Цішчанка.
Прадстаўнік канцэрна не выключыў, што ў далейшым магчыма заключэнне новых здзелак з Saudi Аramco.
"Пастаўкі аравійскай нафты могуць працягнуцца, гэта залежыць ад коштавай кан'юнктуры і сітуацыі на рынку", — адзначыў Цішчанка.
У лютым магчымасць куплі нафты ў Саудаўскай Аравіі анансаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама паведамляў, што Беларусь вядзе перамовы аб пастаўках нафты з усімі ўдзельнікамі сусветнага рынку нафты, у тым ліку ЗША і ААЭ.
Таксама кіраўнік краіны анансаваў пастаўкі нафты па балтыйскім напрамку праз польскі Гданьск па адной з нітак нафтаправода "Дружба" ў рэверсным рэжыме. На мінулым тыдні Беларусь зацвердзіла тарыфы на прапампоўку нафты па "Дружбе" ад польскага пункта Адамава Застава да Мазырскага НПЗ.
Беларусь у перыяд адсутнасці нафты з Расіі ў першым квартале пачала пошук альтэрнатыўных шляхоў атрымання сыравіны, у прыватнасці, імпартавала нафту праз парты Адэсы і Клайпеды. У красавіку пастаўкі танкернай нафты склалі 170 тысяч тон.
Раней таксама паведамлялася, што Лукашэнка 21 студзеня даручыў дыверсіфікаваць імпарт нафты ў Беларусі з тым разлікам, каб на долю Расіі прыпадала не больш за 40% паставак.
Раней у сераду канцэрн "Белнафтахім" паведаміў, што беларускія НПЗ у траўні знізяць імпарт нафты з Расіі да 1,13 млн тон з 1,56 млн тон у красавіку.
"У красавіку Беларусь, як і планавалася, атрымала каля 2 млн тон нафты, 1,56 млн тон з іх — гэта расійскія пастаўкі па трубе і чыгуначным транспартам. Астатні аб'ём — танкерныя пастаўкі і ўласная здабыча. На травень планы паставак з Расіі пацверджаны на узроўні 1,13 млн тон", — сказаў Цішчанка.
Ён таксама адзначыў, што ў траўні "працягнецца праца і з альтэрнатыўнымі крыніцамі".
Міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак у інтэрв'ю "Інтэрфаксу" заявіў, што расійскія кампаніі гатовы паставіць у Беларусь у траўні нафту ў аб'ёме, першапачаткова прадугледжаным у графіку, — каля 2 млн тон.
Расійскія кампаніі ў студзені-сакавіку практычна не пастаўлялі нафту ў Беларусь, таму што бакі не маглі дамовіцца аб умовах. Рэгулярныя пастаўкі аднавіліся толькі ў красавіку.
Паводле interfax.by