Беларуская антыядзерная кампанія патрабуе спыніць увод у эксплуатацыю першага блоку БелАЭС

Беларуская антыядзерная кампанія (БАЯК) выступіла з заявай у сувязі з паўторным падключэннем да сеткі першага энергаблоку БелАЭС, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на БелаПАН.

943cbf4b_a1a5_46ad_a7c9_4d5a9a812106_w1023_r1_s.jpg

«19 лістапада Міністэрства энергетыкі Беларусі распаўсюдзіла інфармацыю аб тым, што першы энергаблок БелАЭС пад Астраўцом зноў падлучаны да сеткі. Гэта адбылося амаль праз дзесяць дзён пасля надзвычайнага здарэння, — гаворыцца ў заяве. — Праз некалькі дзён пасля энергапуску, першага падлучэння блоку БелАЭС да сеткі, якое суправаджалася яго ўрачыстым «адкрыццём», у выніку кароткага замыкання выйшла са строю абсталяванне. Энергаблок быў адключаны ад сеткі, а рэактарная ўстаноўка — ад турбіны, паводле некаторых звестак, рэактар быў заглушаны», — паведамляе БАЯК.
Прадстаўнікі БАЯК лічаць інфармацыю пра здарэнне няпоўнай і супярэчлівай.
«Паводле інфармацыі Дзяржатамнагляду, абсталяванне, якое выйшла са строю, адносіцца да чацвёртага класу бяспекі і не ўплывае на ядзерную і радыяцыйную бяспеку аб’екту.
Аднак паводле інфармацыі, якая паступіла да нас з іншых крыніц, рэактарная ўстаноўка павінна быць спыненая (расхалоджаная), што і было зроблена. Далей мы таксама атрымалі інфармацыю, што падчас здарэння выйшлі са строю не толькі трансфарматары напругі, але і іншае спадарожнае электратэхнічнае абсталяванне. Сказанае вышэй дае падставы асцерагацца, што ва ўмовах палітычнага ціску могуць прымацца рашэнні, не адпаведныя рэгламентам і небяспечныя ў прынцыпе», — гаворыцца ў заяве.
Акрамя таго, адзначаюць прадстаўнікі БАЯК, «прайшло занадта мала часу для высвятлення ўсіх абставінаў надзвычайнага здарэння і яго прычын, а таксама для іх ліквідацыі». «Такім чынам, здарэнне можа паўтарыцца, што спалучана з рызыкай радыяцыйнай бяспекі», — лічаць яны, бо:

  • Увод у эксплуатацыю першага энергаблоку БелАЭС ідзе без належнага экспертнага кантролю, без ліцэнзіі на эксплуатацыю, у відавочнай спешцы, у сітуацыі ўсё горшага палітычнага крызісу


  • Ва ўводзе ў эксплуатацыю першага энергаблоку няма эканамічнай мэтазгоднасці, энергетычная сістэма Беларусі да яго не гатовая, электраэнергія гэтага блоку не запатрабаваная ні на ўнутраным, ні тым больш на замежным рынку


  • Праблемы бяспекі, у тым ліку выяўленыя падчас партнёрскай праверкі стрэс-тэстаў БелАЭС, не вырашаныя


  • Справаздача аб ацэнцы бяспекі не завершаная, экалагічныя рызыкі БелАЭС афіцыйна заніжаныя, пытанні абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам не вырашаныя, — падкрэсліваецца ў заяве.

Прадстаўнікі БАЯК настойваюць «на прыпыненні небяспечнага ўводу ў эксплуатацыю першага энергаблоку БелАЭС, бо відавочна, што ён ажыццяўляецца пад палітычным ціскам, у тым ліку на экспертаў, а таксама на рашэнні рэгулятара».
«У той жа час кампетэнцыя рэгулятара, як і заканадаўчая база для незалежнага і адэкватнага нагляду, відавочна недастатковыя», — адзначаецца ў заяве.
БАЯК абʼядноўвае грамадскае абʼяднанне «Экадом», Беларускую партыю «Зялёныя», ініцыятыву «Астравецкая атамная — гэта злачынства», рух «Навукоўцы за бяз'ядзерную Беларусь», а таксама іншыя арганізацыі, актывістаў і экспертаў. БАЯК назірае за будаўніцтвам БелАЭС і робіць яго незалежную экспертную ацэнку з 2009 года.
Першы блок АЭС уключаны ў энергасістэму Беларусі 3 лістапада. 9 лістапада з'явілася паведамленне, што напярэдадні турбіна першага энергаблоку БелАЭС была спыненая з прычыны выхаду са строю трансфарматараў напругі на адным з агрэгатаў.