«Белэнерга» анулявала ўсе кантракты на пастаўку электраэнергіі ва Украіну

Дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне «Белэнерга» накіравала ўкраінскім партнёрам ліст аб ануляванні ўсіх заключаных раней кантрактаў на пастаўку беларускай электраэнергіі ва Украіну, паведамляе «Радыё Свабода».

601d236fae5ac9188a3db5bf.png


«[Дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне] „Белэнерга“ паведамляе, што з лістапада 2021 году пастаўкі электрычнай энергіі ў Аб’яднаную энергетычную сістэму Украіны на падставе раней заключаных рамачных кантрактаў ажыццяўляцца не будуць. Заключэнне новых рамачных кантрактаў таксама не плануецца. Дзякуем за супрацу і зацікаўленасць у набыцці беларускай электрычнай энергіі», — гаворыцца ў лісце, які падпісаў генеральны дырэктар кампаніі «Белэнерга» Павел Дрозд.
Як вынікае з дакумента, абнародаванага адным з украінскіх інтэрнэт-выданняў, ліст датаваны 8 лістапада.
Паводле інфармацыі нацыянальнай энергетычнай кампаніі «Укренерго», сёння Беларусь паставіла ва Украіну 9,2 мільёна кВт на гадзіну.
Пастаўкі электраэнергіі ва Украіну распачаліся 6 лістапада з невялікіх аб’ёмаў — усяго 5 МВт на гадзіну. Гэтыя пастаўкі ажыццяўляла кампанія «Тет груп», якую стварыў Віталь Бутэнка — адзін з былых менеджараў кампаніі ўкраінскага мільярдэра Рыната Ахметава.
Да гэтага «Тет груп» ніколі не займалася пастаўкамі электраэнергіі.
У кастрычніку стала вядома, што кампанія Рыната Ахметава «Д.ТРЕЙДІНГ» на падставе ўзаемнай дамоўленасці, а не конкурсу, як патрабуе ўкраінскае заканадаўства, атрымала права на забеспячэнне электраэнргіяй гэтак званых «тупіковых зон» — населеных пунктаў у беларускім і ўкраінскім памежжы.
Як адзначалася ў адным з судовых рашэнняў, канкурэнты Ахметава западозрылі яго кампанію ў тым, што, ажыццяўляючы такі ператок, яна набывала электраэнергію ў «Белэнерга» і прадавала яе ў Аб’яднаную энергетычную сістэму Украіны, падштурхоўваючы да павелічэння цаны на ўнутраным украінскім рынку і дэстабілізуючы энергетычны рынак Украіны.
Нацыянальная камісія Украіны, якая ажыццяўляе дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы энергетыкі, вымушаная была правесці праверку, па выніках якой кампанію Ахметава аштрафавалі на 85 тысяч грыўняў (3200 долараў у эквіваленце) за маніпуляцыі на рынку — штучнае стварэнне попыту на электраэнергію, што выклікала павелічэнне цаны. Але з цягам часу суд прызнаў гэтае рашэнне незаконным і пастанавіў вярнуць кампаніі ўкраінскага мільярдэра сплачаны штраф.
А вось Беларусь, дакладней — кампанія «Белэнерга», у чэрвені 2020-га накіравала ў «Д.ТРЕЙДІНГ» ліст-падзяку за забеспячэнне электраэнергіяй памежных раёнаў Беларусі.
Цяпер улады Украіны абвінавачваюць шэраг вугальных ЦЭС, якія таксама належаць Рынату Ахметаву, у стварэнні энергетычнага крызісу, бо своечасова не закупілі вугаль, у выніку чаго большасць блокаў цеплаэлектрастанцый спынілі сваю працу.
Украінскія ЦЭС і ЦЭЦ выпрацоўваюць больш як 30 адсоткаў электраэнергіі.
2 лістапада Беларусь аказала Украіне аварыйную дапамогу электраэнергіяй магутнасцю 500 МВт.
Украіна планавала з 1 лістапада аднавіць камерцыйныя пастаўкі электраэнергіі з Беларусі і правяла са свайго боку адпаведныя аўкцыёны. «Белэнерга» аўкцыёнаў па продажы электраэнергіі не абвяшчала.
Сезонныя закупкі электраэнергіі за мяжой патрэбныя Украіне, каб збалансаваць энергетычны рынак у сувязі з недахопам антрацытавага вугалю, на якім працуюць цеплаэлектрастанцыі. Дэфіцыт гэтага паліва з'явіўся пасля пачатку баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны, дзе знаходзіцца большая частка шахт, на якіх здабываюць антрацытавы вугаль.
Паводле «Укренерго», на пачатку лістапада на аварыйны рамонт пераведзена 5 блокаў ЦЭС і ЦЭЦ агульнай магутнасцю 1,26 ГВт. Апроч таго, праз дэфіцыт вугалю на поўную магутнасць не могуць працаваць яшчэ 23 блокі ЦЭС.
Запасы антрацытавага вугалю складаюць усяго 139,9 тысячы тон з неабходных трох мільёнаў.
Раней антрацытавы вугаль пастаўляўся пераважна з Расіі, у тым ліку і той, што здабываецца на непадкантрольнай Украіне тэрыторыі.