«Белкаапсаюз» — гандлёвая сетка, якую ратуюць прыкладна столькі ж, колькі ва ўладзе Лукашэнка
За 30 гадоў беларускія ўлады выдаткавалі каласальныя рэсурсы і прыклалі велізарныя намаганні, каб навесці парадак у «Белкаапсаюзе». І чым больш стараліся, тым горш у «Белкаапсаюза» ішлі справы.
Урад збіраецца вылучыць дадатковую падтрымку «Белкаапсаюзу». З адпаведнай просьбай да Саўміна звярнулася кіраўніцтва спажыўкааперацыі. Пра гэта гаварылася на нарадзе ў Саўміне 19 сакавіка, піша «Люстэрка».
На жаль, сітуацыя ў „Белкаапсаюзе“ досыць складаная. Усе віды дзейнасці, акрамя нарыхтоўчай і вытворчай, стратныя. Нягледзячы на тое, што і летась, і сёлета намі, урадам, кіраўніком дзяржавы, было прынята нямала рашэнняў, значыць, па забяспечанні падтрымкі прыбытковай працы арганізацый спажыўкааперацыі», — заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 19 сакавіка на нарадзе па падтрымцы спажыўкааперацыі.
Паводле прэм’ера, у гэтай сітуацыі «Белкаапсаюз» звярнуўся да ўрада па дадатковую падтрымку. У першую чаргу — праз стратную дзейнасць арганізацыі падчас гандлю ў вясковай мясцовасці.
Сярод мер падтрымкі — кампенсацыя часткі выдаткаў на куплю аўталавак, транспартных выдаткаў па дастаўцы тавараў у вясковыя крамы, вылучэнне пэўных рэсурсаў для пагашэння пазычанасці па крэдытах.
Паводле старшыні «Белкаапсаюза» Інэсы Караткевіч, «рэзерваў сістэмы спажыўкааперацыі недастаткова, каб самастойна кампенсаваць выдаткі і планава стратную дзейнасць». Нагадаем, цяперашнюю кіраўніцу спажыўкааперацыі прызначылі ў сярэдзіне лютага гэтага года.
Пытанне падтрымкі «Белкаапсаюза» абмяркоўвалася 16 лютага на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Тады палітык раскрытыкаваў працу гэтай арганізацыі. Паводле яго, з часу папярэдняй такой сустрэчы, якая была ў 2021-м, «прэтэнзій стала нават больш».
«Стратная дзейнасць, пытанні з боку кантрольных органаў, скаргі насельніцтва», — заявіў у лютым Аляксандр Лукашэнка. Раней гэтую дзяржаўную гандлёвую сетку крытыкаваў таксама прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.
Як улады дзесяцігоддзямі «ратуюць» спажыўкааперацыю
Ратаванне «Белкаапсаюза» беларускія ўлады абмяркоўваюць з другой паловы 90-х гадоў, пісала раней выданне «Беларусы і рынак». У 2005 годзе «Белкаапсаюзу» ўлады выдалі бюджэтную пазыку на 30 млрд рублёў і паабяцалі зрабіць з яго за два гады карцінку. Праз два гады ні пра карцінку, ні пра 30 млрд ніхто ўжо і не ўспамінаў.
Справы ў «Белкаапсаюза» ішлі ўсё горш. Калі ў 2010 годзе яго доля на рынку складала 12%, то да 2020 года яна скарацілася да 4%, а ў 2023 годзе была ўжо толькі 3%.
Што не перашкаджала «Белкаапсаюзу» заставацца самай буйной гандлёвай сеткай. Можна сказаць, галоўным гандлёвым монстрам краіны. Станам на пачатак лютага гэтага года ў гандлёвай сеткі было 3583 крамы. «Белкаапсаюз» кантралюе 45% усяго вясковага гандлю. Пры гэтым заробкі там адны з самых нізкіх у галіне, а большасць арганізацыяй застаюцца глыбока стратнымі. Не дапамагалі ні пагрозы навесці вайсковую дысцыпліну, ні змена начальнікаў.
За 30 гадоў беларускія ўлады выдаткавалі каласальныя рэсурсы і прыклалі велізарныя намаганні, каб навесці парадак у «Белкаапсаюзе». І чым больш стараліся, тым горш у «Белкаапсаюза» ішлі справы. І няма, вядома, нічога больш лагічнага, чым патраціць яшчэ больш грошай і яшчэ больш намаганняў.