Бульба, свінні і новая рэчаіснасць

Паведамляюць, што за тры месяцы бягучага года беларускія імпарцёры завезлі 2,9 тысячы тон бульбы з-за мяжы. У 2,4 разы болей, чым за аналагічны перыяд мінулага года.



images44.jpg

З гэтай нагоды людзі пытаюцца: куды ж падзелася беларуская бульба? Мусіць, ляснула ўрадавая праграма адраджэння вытворчасці «другога хлеба», на экспарце якога ўлады збіраліся зарабіць некалькі мільярдаў долараў? 
Калі праблему разглядаць рэтраспектыўна, то раней перад бульбаводамі былі дзве галоўныя цяжкасці. Першая — бульбу выкапаць, другая — захаваць яе да новага ўраджаю. 
З копкай на калгасных палях давалі рады студэнты ды супрацоўнікі розных НДІ. І пакуль гараджане корпаліся на калгасных палетках аж да самых «першых мух», прыватнікі паспявалі не толькі выкапаць, але і перабраць, падсушыць, каб бульба не загніла ў склепах. Прыватніцкая бульба амаль не губляла сваёй якасці, у адрозненні ад дзяржаўнай. 
Зразумела, што раней бульбу з-за мяжы не завозілі. Таму якасную прадукцыю насельніцтва купляла на так званых калгасных рынках, хаця яна і каштавала больш. Як зараз імпартная. 
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у 1986 годзе валавы збор бульбы склаў 13,4 мільёна тон, у тым ліку ў гаспадарках насельніцтва 6,14 мільёна тон. У мінулым годзе ва ўсіх відах гаспадаркі выкапалі 5,9 мільёна тон бульбы, з якіх сельскагаспадарчыя арганізацыі набралі толькі 0,9 мільёна тон. Гэта складае 73,3% ад аб’ёму вытворчасці ў 2012 годзе.

Зразумела, і летась, і пазалетась вытворчасць у арганізаваным сектары скарачалася, але не настолькі ж, каб гэтае падзенне можна было спісаць на дрэннае надвор’е. Але спецыялісты лічаць, што беларусы развучыліся вырошчваць бульбу. Таму перш, чым павялічваць вытворчасць, трэба на некалькі год зусім кінуць гэту справу, каб аднавіць былы спрыт і досвед.


Ёсць аб’ектыўныя высновы, якія не дазваляюць наладзіць экспарт бульбы хоць у тую ж Расію. Бо бульба застаецца па-ранейшаму працаёмістай, гэта значыць, дарагой і малаякаснай. Значыць, неканкурэнтнай. 
Насуперак усяму Лукашэнка з Мясніковічам мараць пра Вялікую Беларускую Бульбу, ім марыць не забароніш. Хай, каб толькі грошы ў зямлю не закапвалі. Але галоўная аб’ектыўная прычына скарачэння вытворчасці бульбы — гэта змены ў структуры жывёлагадоўлі. Раней на долю ялавічыны прыпадала 48%, на свініну — 40%, на птушку — 12% ад агульнай вытворчасці мяса. Зараз структура вытворчасці выглядае так: ялавічына — 37%, свініна — 29%, птушка — 34%. А птушкі бульбу не ядуць. 
У гэтым сэнсе можна пагадзіцца з любым адукаваным марксістам ХІХ стагоддзя, які б сказаў, што часам звычайная свіння робіць больш для эканомікі, чым кожны прэм’ер-міністр ці нават прэзідэнт. Бо пакуль гэтыя дзеячы корпаюцца «ў надбудове», свіння па-рэвалюцыйнаму падрывае «базіс», на які валіцца палітычная сістэма, пасля чаго адбываецца сацыяльная рэвалюцыя.
Ці контррэвалюцыя. Каму што падабаецца. У 1986 годзе, калі калгасная вытворчасць перажывала пік свайго развіцця, яе свіны статак налічваў 3,6 мільёна галоў, насельніцтва мела ў хлеўчуках 1,5 мільёна. У апошнія гады колькасць свіней у арганізаваным сектары ўсталявалася на ўзроўні трох мільёнаў галоў. 

А вось пасля эпідэміі свіной чумы статак зменшыўся прыкладна на 0,5 мільёна галоў. Прычым тэндэнцыя захоўваецца. За мінулы год у асобных раёнах свінаводства вынішчана. А там, дзе закрываюцца калгасныя фермы, папярэдне знішчаецца прыватніцкі статак. 


Зразумела, калі зводзяць скаціну, то аўтаматычна змяншаюцца плошчы пад бульбу. Звядуцца свінні, каму спатрэбіцца тая бульба? Бо свіння — гэта не проста жывёліна, гэта, не пабаюся параўнання, вышэйшая істота, якая некалі стварыла беларускае сялянства. Свіння выжыла пры калгасах, выратавала людзей ад галоднай смерці. 
А зараз гіне ўсё — свінні, бульба, людзі. Ствараецца новая рэчаіснасць — маргінальная.