У Шчучыне магчыма знайшлі афрыканскую чуму

Жыхары аграгарадка Дэмбава ў Шчучынскім раёне б'юць трывогу. Мясцовыя ўлады прапанавалі знішчыць усіх свіней. Падазраюць афрыканскую чуму.



svin1.jpg

Пра магчымы ачаг небяспечнай хваробы стала вядома ад мясцовага жыхара, які на сваім падворку закалоў жывёліну. Свежаніна здалася яму дзіўнай: з яе не сцякала кроў, а мяса выглядала як жэле, піша газета „Вечений Гродно”. У панядзелак ён аднёс мяса на экспертызу. Паводле вяскоўцаў, падазрэнні аб афрыканскай чуме пацвердзіліся.


Мясцовыя ўлады параілі жыхарам да наступлення ночы аўторка знішчыць усё пагалоўе свіней на прыватных падворках. Інакш жывёлінаў будуць усыпляць і закопваць.


Паводле мясцовых жыхароў, каля 17 гадзін 24 чэрвеня выезды з вёскі перакрыла міліцыя. Па дамах разнасілі распіскі, у якіх вяскоўцы павінны падпісацца пад абяцаннем не вывозіць мяса за межы населенага пункту.


Паводле вясковага ветэрэнара, людзям прапанавалі „самастойна абмежаваць пагалоўе свіней”. Прычынай таму доктар называе надыход сезону грыбоў і ягад: мясцовыя жыхары часта ходзяць у лес і могуць прынесці інфекцыю на падворак. Факт успышкі афрыканскай чумы не пацвердзіў, але і не абверг. 


 belsat.eu паводле vgr.by