На Гарадзеншчыне зноў афрыканская чума
Чарговая ўспышка афрыканскай чумы зафіксаваная ў вёсцы Дэмбрава Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласці. За два дні вяскоўцы вымушаны былі пакалоць усіх свіней. Праўда, гэтым разам мяса пасля праверкі ім дазволілі пакінуць для сваіх патрэбаў.
Вуліца ў Дэмбраве, на якой выявілі выпадак афрыканскае чумы
Вяскоўцы ў Дэмбраве распавядаюць, што адзін з жыхароў вёскі закалоў свінню, але калі з свежаніны сцякла кроў, то мяса нагадвала жэле. Экспертыза выявіла, што гэта — афрыканская
чума.
Улады аддалі загад, каб за два дні ўсе пакалолі свіней і здалі мяса на праверку. Апроч гэтага, з людзей пабралі распіскі, што за межы вёскі мяса вывозіць не будуць. Размаўляю са спадарамі ў
вёсцы Дэмбрава:
Спадар: «Учора ўжо практычна ўсіх пакалолі...»
Карэспандэнт: «Было такое патрабаванне ад уладаў?»
Спадар: «Так, загадалі сёння да абеду ўсё прыбраць».
Іншы спадар: «Ад самай раніцы ўжо тут пішчалі, зразумела, не людзі, а свінні, як іх калолі. Учора тут і вывозіць не давалі, міліцыя стаяла з усіх бакоў і ўсе машыны
правяралі. І сёння ад самай раніцы ездзілі, во толькі цяпер трохі супакоіліся».
«Усё ціха, за ўчора ўсе пакалолі...»
На падворку пенсіянеры наводзяць парадак. Цікаўлюся — ці пакалолі яны свіней?
Спадарыня: «Усё ціха, за ўчора ўсе пакалолі, і ўсё...»
Карэспандэнт: «А не хаваюць людзі, як гэта яшчэ летась было?»
Спадарыня: «Ой, ужо ніхто не хавае, бо ведаюць, што ўсё роўна прыйдуць з праверкай і ці забяруць, ці яшчэ нешта. Было ж так каля Жалудка, што прыяжджалі, забіралі і
потым людзі распавядалі, што каму вярнулі грошы, а каму і нічога не далі. Таму ўсе, хто як мог, так і калоў».
Пытаюся — ці не цяжка будзе жыць без свіней?
Спадар: «Мы заўсёды трымалі свіней...»
Спадарыня: «Увесь час, мы як сышліся, то ўсё жыццё трымалі, і бацькі нашы трымалі».
Спадар: «І ніхто ніякае чумы не ведаў. Было мяса сваё, сала сваё, а цяпер як будзе — ніхто не ведае. Усё купіць — пенсіі не хопіць».
Карэспандэнт: «А вам патлумачылі хоць, адкуль узялася тут афрыканская чума?»
Спадар: «Ніхто нічога не тлумачыў, сказалі, што афрыканская чума, і ўсё. А дзе тая Афрыка і чаму тут тая чума — ніхто толкам не ведае».
Спадарыня: «Гэта нам, старым, ужо не страшна. Дзеці неяк купяць таго мяса ў горадзе. А вось тут да нас хлопец прыяжджаў, што працуе на комплексе. Дык ён дваіх дзяцей
вучыць у Мінску і бядуе — як быць, як іх вучыць? Бо як прыяжджаюць, то трэба ж нешта пакласці ў сумку дзіцяці...»
Яшчэ адна спадарыня заўважае, што сёлета хоць іх не пазбавілі мяса, бо летась свіней забівалі і мяса свайго ніхто не бачыў, нават кампенсацыю не ўсе атрымалі. А цяпер, маўляў, не так страшна, бо
людзі ўжо да гэтага прызвычаеныя.
Спадарыня: «Ну што казаць — цяжка, вядома, будзе, бо мы ўжо прызвычаеныя мець гаспадарку. Але некалі і гэта наладзіцца. Трэба ўсё ж разумець, што жартаў з
гэтым няма. Нічога, міне і гэтая бяда. Будзем жыць і будзем трымаць яшчэ свіней».
Мяса як саступка
Галоўны вэтэрынарны ўрач у Дэмбраве Юры Сола пацьвердзіў факт афрыканскае чумы ў вёсцы і кажа, што паводле ўсіх нормаў у такой сытуацыі ўсе свіньні павінны быць знішчаныя. Але людзям пайшлі на
саступку і пасля праверкі мяса дазволілі выкарыстоўваць яго для сваіх патрэбаў.
Праўда, дадае, што ў вёсцы абавязкова будуць правяраць кожны падворак, каб выявіць, ці насамрэч свіней пакалолі. Паводле спадара Сола, у сезон грыбоў і ягад, калі людзі часта наведваюцца ў лес,
адтуль і могуць занесці інфекцыю.
Сола: «Шляхі перадачы інфекцыі розныя: сінантропная птушка, насякомыя-крывасмокі, аэрагенным шляхам, алімэнтарным шляхам, на адзенні, на абутку і іншае. Вось пайшлі ў
лес у грыбы ці ягады і могуць прынесці інфекцыю».
svaboda.org