Чаму так адбываецца? Патрэбны аналіз

На календары — сакавік, хуткая пасяўная і завяршэнне першага квартала. Чыноўнікі павінны даваць справаздачу, а гаспадарская праца ў краіне пасля калядных свят, лічы, не пачыналася.



2009_08_24_belarus_1.jpg

Усе думаюць, што рабіць. Прычым, начальства думае, што ім рабіць, падначаленыя — што яны нам скажуць.

Як паведаміў Белстат, знешняя бягучая дэбіторская запазычанасць склала 39 трыльёнаў рублёў, або 4,2 мільярда долараў. То бок за адгружаную прадукцыю шмат хто не разлічыўся. Вось і атрымліваецца, што, з аднаго боку, грошы быццам бы ёсць, а з іншага — няма.

А банкі, якія добра ведаюць сітуацыю, пазычаць грошы прадпрыемствам на зарплату не спяшаюцца. Толькі з дазволу вышэйшага начальніка, каб, крый Бог, каго з банкіраў не пасадзілі. Карацей, калі кіраўніку краіны патлумачылі, чаму, што і да чаго, і чаму грошай нават на заробкі няма, то патрабаваў разабрацца і судзіць тых, хто бяздарна мяняе шыла на мыла.

Але кіраўніку падказалі, трэба разгрузіць склады, бо асобныя вырабы ўжо пагнілі, а асобныя мышы паелі. А яны да гэтага часу лічацца высакаякаснымі. Карацей, за гэту справу ўзяўся сам Мясніковіч. І загадаў прадаваць ніжэй за сабекошт. Мясніковіч патлумачыў, што ў дадзенай сітуацыі важней пазбавіцца ад неліквіднай прадукцыі, сэканоміць на складскіх выдатках, і, магчыма, нейкую капейчыну атрымаць. Таму што нехта нешта заплаціць абавязкова.

Здаецца, усё правільна: калі спажывец адмаўляецца ад дарагіх тавараў, то трэба рабіць зніжкі. Для кожнага бізнэсоўца, хоць вытворцы, хоць гандляра — гэта ісціна. Таму ў прыватным сектары няма такіх вялізных запасаў, і рэгулярна ладзяцца распродажы.

Знакамітыя міравыя брэнды плануюць і разлічваюць вытворчыя праграмы, каб не выпусціць машын болей, чым гэта трэба для прыбытковых продажаў. Зусім не так, як у сучаснай Беларусі. Прыкладам, у Жодзіна складскія запасы на прадпрыемствах (перш-наперш на БелАЗе) склалі 4,1 сярэднемесячных аб’ёмы вытворчасці. Вось вам і планаванне, і «агрэсіўны маркетынг». Гэта ж кар’ерныя самазвалы, а не дамскія сумачкі. Паспрабуй прадаць іх па заніжаных коштах ды атрымаць выручку, дастатковую для аднаўлення вытворчага працэсу. У завода свае аргументы, у міністра прамысловасці свае, у прэм’ера свае, у кіраўніка краіны свае. І кожны б’е сябе ў грудзі, паказваючы, як паважае сваю дзяржаву.

Але чамусьці нічога добрага ад гэтага не атрымліваецца. Колькі грошай куды не ўкладай — толку ніякага. А можа таму, што больш даюць грошай тым, то нічога не робіць? Возьмем да прыкладу эканоміку Мінска, дзе за год аб’ёмы прамысловай вытворчасці скараціліся на 15,6%, запасы гатовай прадукцыі павысіліся да 98% сярэднемесячнага аб’ёма вытворчасці, а знешнегандлёвае сальда склалася адмоўнае ў памеры 2,5 мільярда долараў. У 2012 годзе сальда было дадатным у памеры 1,4 мільярда долараў. Такім чынам, за год знешнегандлёвы дэфіцыт «прасеў» амаль на 4 мільярды долараў.

І гэта пры тым, што адмоўнае сальда ў цэлым па народнай гаспадарцы склала да 4,7 мільярда долараў. Коштам такіх ігракоў, якія лічацца вядучымі для эканомікі: мазырскі і наваполацкі НПЗ, сальда якіх склалася мінусавым у памеры 4 мільярда долараў. Значна лепшы было становішча ў Гродзенскай ды Брэсцкай абласцях, ды на такіх прадпрыемствах, як БМЗ, які мае пастаяннае і дадатнае знешнегандлёвае сальда.

Хто стабільна дае краіне валюту, дык гэта салігорскія шахты. Нават у мінулым годзе сальда атрымана дадатнае, хоць уласнікі руднікоў не далі шахцёрам працаваць спакойна.

Вось і глядзіце. У мінулым годзе ў эканоміку Салігорска ўкладзена 5,8 трыльёна рублёў, у эканоміку Мінска — 45,4 трыльёна рублёў. Відавочна, што сітуацыя склаліся палярная. У Мінск грошы ўкладваюцца — з гарадскога і рэспубліканскага бюджэту, з уласных крыніц прадпрыемстваў, ад айчынных і замежных інвестараў і па іншых каналах — у памеры амаль 1/5 усіх інвестыцый краіны, але чаканага эканамічнага эфекту як не было, так і няма. «Беларуськалій», наадварот, пакуль больш аддае, чым ад дзяржавы атрымлівае.

Чаму так адбываецца? Патрэбны аналіз.