Хто першы тармазне ЕАЭС?
Чым бліжэй ратыфікацыя дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе, тым больш жадання ў «саюзнікаў» адзін аднаго падмануць.
Расійскія «думцы» спадзяюцца, што ратыфікацыя дамовы пра ЕАЭС пройдзе «без сучка, без задоринки». Кіраўнік камітэта Дзярждумы па справах СНД і еўразійскай
інтэграцыі Леанід Слуцкі паведаміў пра графік зацвярджэння дакумента. Дзярждума яго ўжо ратыфікавала. Першымі днямі кастрычніка гэтае пытанне разгледзеў парламент Казахстана, і 7
кастрычніка, меркавана, тое ж зробіць Палата прадстаўнікоў Беларусі.
Але ўсё не так проста. Напярэдадні адкрыцця чарговай сесіі Нацыянальнага сходу Аляксандр Рыгоравіч пагутарыў з парламентарамі. Паводле яго слоў, пры фармаванні дагаворна-прававой базы
Еўразійскага эканамічнага саюза дэпутаты павінны стаяць на варце інтарэсаў Беларусі.
«Нам з вамі, можа, нават у бліжэйшы час, у гэтыя дні, прыйдзецца працаваць над ратыфікацыяй адпаведных міжнародных пагадненняў. І ваша задача — з ужываннем усіх
парламенцкіх інструментаў садзейнічаць фармаванню дагаворна-прававой базы Саюза, пры гэтым трэба стаяць на варце нашых інтарэсаў», — заявіў Лукашэнка. І запатрабаваў:
«Калі вы будзеце бачыць, што дзесьці дапушчана памылка пры падрыхтоўцы гэтага дакумента (Дамовы аб ЕАЭС), а ён вельмі важны, вы, калі ласка, інфармуйце і мяне ў тым ліку і не спыняйцеся
ні перад чым, абараняючы інтарэсы беларускай дзяржавы».
То бок, парламенту празрыста намякнулі — можаце і не ратыфікаваць гэты дакумент, прынамсі, падумайце і не спяшайцеся. Прапанова «падумаць» над інтэграцыйным праектам
— гэта нешта новае ў практыцы беларускага кіраўніка. Раней ён проста «на ўра» і без асаблівых ваганняў падмахваў усе паперкі з чароўным словам
«інтэграцыя».
А звязана гэта, як заўсёды, з грашыма. Дакладней, з так званым «нафтавым манеўрам» Расійскай Федэрацыі.
Разам са стварэннем ЕАЭС Лукашэнка і Пуцін дамовіліся, што паступова з Беларусі здымаюцца плацяжы ў бюджэт Расіі экспартнай пошліны за продаж нафтапрадуктаў, зробленых з расійскай нафты. Гэтая
сума складае $3–4 мільярды ў год. У 2015 годзе з гэтай сумы ў Беларусі павінны застацца $1,5 мільярда, а потым, паступова — і ўсе грошы экспартнай пошліны. Нас гэта цалкам
задавальняе.
Сутнасць яго ў тым, што экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты істотна зніжаюцца, а замест іх уводзіцца падатак на здабычу карысных выкапняў. То бок, нафта ўнутры Расіі даражэе, і
адпаведна, даражэе і для нас. А экспартныя пошліны, на якіх мы мелі намер зарабіць прынамсі $1,5 мільярда, імкнуцца да нуля, і ні пра якія мільярды гаворка ўжо не ідзе.
Зразумела, што сваім нафтаперапрацоўшчыкам Расія страты кампенсуе. А што выйграем мы? Ды нічога, акрамя стратаў. Дулю з маслам. Таму Аляксандр Рыгоравіч заслаў у Маскву звыклага
«нафтагазавага перамоўшчыка» — Уладзіміра Сямашку, каб той дамовіўся наконт кампенсацыі стратаў ад «нафтавага манеўру», і просіць
дэпутатаў «падумаць» над дакументам.
«Мы павінны ад гэтага (ЕАЭС) атрымаць больш, чым мы маем на сёння. Я не кажу пра нейкія грошы ад Расіі і гэтак далей. Мы павінны рабіць такія крокі, якія прыносяць карысць. У
адваротным выпадку, навошта, калі гэта нічога не дае?» — дакладна паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.
Пытанні да ЕАЭС і персанальна да Пуціна ёсць і ў Казахстана. Не так даўно расійскі лідар заявіў, што «Назарбаеў — унікальны чалавек, стварыў дзяржаву там, дзе яе ніколі не
было». Адмаўленне дзяржаўнасці Казахстана выклікала моцнае абурэнне ў гэтай краіне, тым больш, што ўсе ведаюць — менавіта з гэтага пачалася вайна ў мацерыковай Украіне. У адказ
Нурсултан Абішавіч заявіў, што ягоная краіна можа і выйсці з ЕАЭС, хаця пакуль выходзіць няма адкуль.
Незадаволены Казахстан і тым, што Расія актыўна прапіхвае ў новае міждзяржаўнае ўтварэнне Арменію. Нягледзячы на тое, што Арменія не была ў Мытным саюзе, і «правілы
гульні» на гэтай прасторы не ведае. Казахская газета газета «Айкакан Жаманак», спасылаючыся на свае інсайдэрскія крыніцы ў МЗС Казахстана, напісала, што
Арменія і Расія папярэджаныя па дыпламатычных каналах: магчыма, да 10 кастрычніка Казахстан «не паспее» прыйсці да канчатковага рашэння па пакеце аб уступленні Арменіі ў ЕАЭС.
Менавіта 10 кастрычніка ў Мінску павінна прайсці сустрэча кіраўнікоў Расіі, Беларусі і Казахстана. Як піша «Расійская газета», на ёй плануецца заявіць, што
«тры краіны завяршылі ратыфікацыю і гатовыя да ўступлення Дамовы аб ЕАЭС у дзеянне з 1 студзеня 2015 года».
Але і ў Казахстана, і ў Беларусі — двухпалатныя парламенты. Ратыфікацыя Дамовы пра ЕАЭС ніжняй палатай яшчэ не азначае аўтаматычнае ўступленне дамовы ў дзеянне — яна павінна
быць зацверджаная ў вышэйшай палаце.
Такім чынам, да азначанай даты можа «не паспець» не толькі Казахстан, але і Беларусь. Ужо вядома, што адразу Палата прадстаўнікоў Дамову аб ЕАЭС не ратыфікуе. Яшчэ час на
зацвярджэнне гэтай ратыфікацыі спатрэбіцца і Савету рэспублікі. Але, улічваючы «лёсаноснасць» дакумента, як казаў герой фільма «Іван Васільевіч мяняе
прафесію», — «такія пытанні адразу ж не вырашаюцца».
Што ж будзе рабіць Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным і Назарбаевым 10 кастрычніка? А нічога. Развядзе рукамі і скажа: «Гэта не я, гэта парламент, а парламент у Беларусі
незалежны». І не адкрые нічога новага. Тая ж пазіцыя ў яго была і застаецца па прызнанні незалежнасці прарасійскіх Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Лукашэнка ў свой час бажыўся іх прызнаць, але ж
парламент супраць.