Ратыфікацыя дамовы аб ЕАЭС ў Мінску хуткай не будзе

На першым восеньскім пасяджэнні Палата прадстаўнікоў не будзе разглядаць ратыфікацыю дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Такім чынам сінхроннай ратыфікацыі дакументу ў Расіі, Казахстане і
Беларусі, якая была абяцаная Масквою, не атрымліваецца.



Дэпутат расейскай Дзяржаўнай думы Леанід Слуцкі абяцаў, што парлямэнты Беларусі, Казахстану і Расеі «сынхронна» ратыфікуюць дамову аб Эўразійскім эканамічным саюзе. Але так не атрымалася. Дзярждума Расеі зрабіла гэта 26 верасьня, Савет Фэдэрацыі — 1 кастрычніка, Мажыліс Казахстану (ніжняя палата парлямэнту) — таксама 1-га кастрычніка.

У Менску з ратыфікацыяй не сьпяшаюцца, перадае «Радыё Свабода».

 «Мы гэта зробім, як толькі будзем гатовыя, — заявіў «Свабодзе» кіраўнік міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка. — Бачыце, у Маскве — 26-га, у Астане — 1-га. У нас сэсія пачынаецца толькі 2-га. Нават калі мы вельмі моцна захочам пасьпяшацца, сынхронна, у разуменьні журналістаў, не атрымліваецца. Але, я думаю, два-тры тыдні — гэта невялікая разьбежка».

Сапраўдны прыклад сынхроннасьці працы парлямэнтароў можна было пабачыць 16 верасьня, калі Вярхоўная Рада Ўкраіны і Эўрапарлямэнт ратыфікавалі Дамову аб асацыяцыі Ўкраіны і Эўрапейскага Зьвязу. Тады галасаваньне ў Кіеве і Брусэлі прайшло сапраўды сынхронна, была ўсталяваная жывая сувязь паміж дзьвюма сэсійнымі залямі. А прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і кіраўнік Эўрапарлямэнту Марцін Шульц неадкладна падпісалі законы аб ратыфікацыі.

Восеньская сэсія Палаты прадстаўнікоў, паводле заканадаўства, адкрываецца 2 кастрычніка. Вядуць пленарныя паседжаньні толькі дзьве асобы — старшыня Палаты альбо ягоны намесьнік.

Між тым прэсавая служба Палаты распаўсюдзіла паведамленьне пра тое, што 2 — 5 кастрычніка ў Жэнэве дэлегацыя Нацыянальнага сходу на чале з намесьнікам старшыні Палаты Віктарам Гумінскім будзе ўдзельнічаць у восеньскай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. А 2 — 4 кастрычніка старшыня Палаты Ўладзімер Андрэйчанка там жа, у Жэнэве, будзе ўдзельнікам паседжаньня міжпарлямэнцкай групы па сувязях з Украінай.

На маё пытаньне, ці няма тут якойсьці памылкі, начальнік упраўленьня інфармацыйна-аналітычнай працы Палаты прадстаўнікоў Мікалай Ліс адказаў так:

«Дзякуй за пільнасьць. Але ніякіх хібаў тут няма. Мяркуецца, што паседжаньне Палаты 2 кастрычніка ня будзе працяглым, і пасьля яго заканчэньня наша дэлегацыя пасьпее на самалёт».

Ужо з гэтых словаў можна было рабіць выснову — малаверагодна, што 2 кастрычніка дэпутаты будуць ратыфікаваць Дамову аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Мікалай Самасейка гэта пацьвердзіў, ён сказаў «Свабодзе», што гэтага пытаньня ў парадку дня першага дня сэсіі дакладна ня будзе:

«У нас яшчэ ня скончыліся ўсе абавязковыя працэдуры для разгляду гэтага дакумэнту. Напрыклад, не праходзіла паседжаньне нашай камісіі, а яна ў гэтым пытаньні профільная. Мы толькі нядаўна разаслалі дакумэнты дэпутатам».

Мікалай Самасейка кажа, што дамова — гэта аб’ёмісты дакумэнт з чатырох асноўных частак. Адна зь іх тычыцца непасрэдна стварэньня ЭАЭС, другая — Мытнага саюзу, трэцяя — Адзінай эканамічнай прасторы, у чацьвёртай гаворыцца пра пераходнае становішча. Старшыня камісіі падкрэсьлівае: пры фармаваньні прававой базы Эўразійскага эканамічнага саюзу беларускія дэпутаты будуць найперш зыходзіць з інтарэсаў сваёй краіны. На гэта іх нацэліў кіраўнік дзяржавы.

29 верасьня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь сябрамі рады Палаты прадстаўнікоў заявіў:

«Калі вы будзеце бачыць, што дзесьці зроблена памылка пры падрыхтоўцы гэтага дакумэнту, а ён вельмі важны, вы, калі ласка, інфармуйце і мяне ў тым ліку і не спыняйцеся ні перад чым, абараняючы інтарэсы беларускага народу».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: