50 тысяч подпісаў за «Народны рэферэндум» — у парламентце

У парламент перададзеныя першыя 50 тысяч подпісаў за правядзенне «Народнага рэферэндума». Аднак яго ініцыятары думаюць набраць паўмільёна аўтографаў.



narref_1_logo.jpg

Выступае Уладзімір Някляеў

На працягу амаль года з ініцыятывы Руху «За свабоду», кампаніі «Гавары праўду» і Партыі БНФ пры падтрымцы БСДП (Грамада) і аргкамітэту па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу збіраліся подпісы ў падтрымку прапанаванага рэспубліканскага рэферэндуму па пытаннях адукацыі, аховы здароўя, забеспячэння замацаванага ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь імкнення краіны да нейтралітэту, дэмакратычнага і дзейснага мясцовага самакіравання, эканамічнай інтэграцыі з Еўразвязам і механізму прыватызацыі.

У прэсавай канферэнцыі, што адбылася з гэтай нагоды ў Мінску, прынялі удзел лідар кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў, намеснік старшыні Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і кіраўнічка БСДП (Грамада) Ірына Вештард.

Яны распавялі, што 50 тысяч беларусаў (з прыблізна 230 тысяч, якія былі азнаёмлены з ідэяй рэферэндуму) паставілі свае подпісы за тое, каб вышэйназваныя сацыяльна-эканамічныя і палітычныя праблемы былі пастаўлены ў парадак дня «Народнага рэферэндуму». Прычым подпісы суправаджаюць лісты да кожнага з 107 парламентарыяў з заклікам скарыстацца паўнамоцтвамі дэпутата Палаты прадстаўнікоў, каб голас 50 тысяч падпісантаў, якія падтрымалі ідэю правядзення рэферэндуму, быў пачуты заканадаўчым органам краіны.

У дзень адкрыцця восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 2 кастрычніка, у парламент перададзеныя першыя 50 тысяч подпісаў грамадзянаў — удзельнікаў кампаніі «Народны рэферэндум». Падпісныя лісты прыняў загадчык аддзелу па працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў Палаты прадстаўнікоў Віктар Сазон.

narref_2_logo.jpg

Арганізатары кампаніі «Народны рэферэндум» нясуць у парламент подпісы 50 тысяч грамадзянаў.

Арганізатары кампаніі ў Мінску і рэгіёнах ужо сустрэліся з 15 парламентарыямі, цягам восені плануюць сустрэцца з кожным дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, каб падрабязна распавесці пра сутнасць пытанняў «Народнага рэферэндуму» і высветліць рэакцыю заканадаўцаў на волю народа. Працягнецца і правядзенне грамадскіх слуханняў па праблемах кампаніі. Па выніках слуханняў будуць складзены рэкамендацыі па зменах у той ці іншай галіне. Гэтыя рэкамендацыі будуць пердадзены кіраўнікам профільных ведамстваў.

Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі выказалі спадзяванне, што парламент, як суб’ект ініцыявання рэспубліканскіх рэферэндумаў, разгледзіць гэтую прапанову 50 тысяч грамадзянаў на пленарных пасяджэннях Палаты прадстаўнікоў.

Лідары кампаніі плануюць сабраць ў падтрымку «Народнага рэферэнлуму» 500.000 подпісаў, які паводле вынікаў вераснёўскага апытання НІСЭПД застаецца самым прымальным праектам дэмаратычнай апазіцыі.