Ці можа Беларусь адмовіцца ад імпарту?

Што больш эфектыўна: павялічваць экспарт ці змагацца з імпартазамяшчэннем?

import_1.jpg

«Нам трэба валюту зарабляць, таму пажадана не вывозіць яе, — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Добрушскай папяровай фабрыкі "Герой працы". — За імпартазамяшчэнне мы возьмемся сур’ёзна. Гэта ж не справа».
Ці палепшыць імпартазамяшчэнне эканамічную сітуацыю ў Беларусі?
Аналітык даследчай групы Business Forecast Аляксандр Муха мяркуе, што адразу ад імпарту адмовіцца немагчыма і нават не мэтазгодна па асобных таварных пазіцыях і па некаторых пазіцыях паслуг знешняга гандлю, якія аказваюць рэзідэнты з іншых дзяржаў.
Важна ўзважваць ўсе «за» і «супраць», тыя выдаткі, намаганні, грошы, інвестыцыі, неабходныя для арганізацыі імпартазамяшчальных вытворчасцей. Трэба параўнаць выдаткі і чаканыя выгады ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве, кіравацца здаровым сэнсам. Напрыклад, бананы ў Беларусі не растуць, і адмовіцца ад іх імпарту не мэтазгодна, — адзначае эксперт.
На яго думку, ёсць пазіцыі па імпарце, якія можна было б скараціць, але гэта вельмі карпатлівая праца. Ёсць пазіцыі, якія Беларусь імпартуе, але вырабляе і сама. Тут можна скарыстацца інструментамі для абмежавання імпарту.
У той жа час Беларусь з’яўляецца краінай-удзельніцай Еўразійскага эканамічнага саюза, мы працуем па тым мытным тарыфе, які існуе ў рамках Мытнага саюза, таму мы не можам узяць і перагледзець увазныя мытныя пошліны на нейкія тавары і паслугі, не ўзгадніўшы з астатнімі партнёрамі, — падкрэслівае Аляксандр Муха.
У 2019-м годзе імпарт тавараў у Беларусь узрос у параўнанні з 2018-м годам на 2,3% да 39,342 мільярда даляраў. А экспарт за гэты перыяд знізіўся на 2,9% да 32,937 мільярда даляраў. У выніку адмоўнае сальда ў знешнім гандлі Беларусі з трэцімі краінамі павялічылася з мінус 4,534 мільярда даляраў да мінус 6,405 мільярда даляраў.
Гэта вялікія для Беларусі грошы, што сведчыць аб істотным пагаршэнні сітуацыі ў знешнім гандлі таварамі, кода адмоўнае сальда павялічылася амаль на 1,9 мільярда даляраў. Заклапочанасць кіраўніцтва краіны з гэтага пункту гледжання выглядае абгрунтаванай. Але я б дадаткова рабіў стаўку на тое, каб павялічваць экспарт беларускіх тавараў і паслуг на знешнія рынкі, пашыраць прысутнасць беларускіх кампаній на рынках замежных дзяржаў і гэтым садзейнічаць павелічэнню паступленняў валютнай выручкі, — кажа аналітык. — Гэта можа быць больш сур’ёзным і эфектыўным інструментам скарачэння адмоўнага знешнегандлёвага сальда Беларусі ў параўнанні з мерамі ў частцы арганізацыі імпартазамяшчальных вытворчасцей.
Гэтае пытанне, мяркуе эканаміст, павінна быць старанна вывучана, каб не паўтарыць негатыўны вопыт, звязаны, напрыклад, з цэментнымі заводамі.
Нам такія інвестыцыі ў імпартазамяшчальную вытворчасць, па вялікім рахунку, не патрэбныя. Лепш засяродзіцца на пашырэнні прысутнасці беларусаў за мяжой, — адзначае суразмоўца.
У гэтым годзе ў Казахстане павінна прайсці міністэрская канферэнцыя Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА), на якой Беларусь можа быць прынята ў гэты міжнародны клуб.
— У гэтым выпадку ў нас дадаткова знізяцца ўвазныя пошліны для беларускіх тавараў з боку трэціх дзяржаў, акрамя таго, у беларусаў пашырацца магчымасці ў частцы абароны сваіх інтарэсаў на знешніх рынках, у тым ліку ў рамках суда СГА. Трэба не абмяжоўвацца арганізацыяй імпартазамяшчальных вытворчасцей, а ўзмацняць, развіваць тыя прадпрыемствы і вытворчасці, дзе Беларусь канкурэнтаздольная на знешніх рынках, магчыма, нават за кошт радыкальнага ўдасканалення дзелавога асяроддзя і інвестыцыйнага клімату ў краіне, — заключае Аляксандр Муха.
Паводле Заўтра тваёй краіны