Чацвёрты пакет санкцый пазбаўляе Беларусь 4% усяго экспарту

ЕС практычна цалкам узгадніў сектаральныя санкцыі, якія закрануць нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні, тытунёвую прадукцыю, тэлекамунікацыі і фінансавую сістэму. Тэлеграм-канал Экономика Беларуси разважае, якія ў гэтага могуць быць наступствы.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Па сутнасці гэта першыя сур'ёзныя санкцыі ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі. Калі прааналізаваць афіцыйную статыстыку па экспарце ў ЕС груп тавараў, якія трапілі пад санкцыі, і супаставіць з сумарным экспартам усіх тавараў ва ўсе краіны (29 млрд.дол. у год), то экспарт тавараў, якія трапілі пад санкцыі, складае каля 4%. Дакладна ацаніць гэтую суму цяжка ў сувязі з тым, што з 2016-га года даныя па экспарце тытунёвай прадукцыі закрытыя.
Самы адчувальны ўдар санкцыі нанясуць па нафтаперапрацоўчых заводах, бо у краіны ЕС экспартуецца 22.7% усіх нафтапрадуктаў. Доля экспарту калійных угнаенняў у ЕС складае 8.1%, і гэтыя аб'ёмы ў той ці іншай ступені могуць быць пераарыентаваны на іншыя рынкі.
Нягледзячы на параўнальна невялікі працэнт скарачэння агульнага экспарту, гэта вельмі сур'ёзны ўдар. Па-першае ў беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў мізэрны чысты прыбытак пры вельмі высокай выручцы, у выніку чаго санкцыі зробяць іх і зусім стратнымі, хоць раней яны прыносілі істотныя падатковыя паступленні ў бюджэт.
Акрамя таго, у Беларусі адмоўнае сальда гандлёвага балансу тавараў. У 2020 годзе экспарт быў ніжэй імпарту на 14%. Санкцыі даводзяць гэтую розніцу да 19%. Улічваючы рэлакацыю IT-спецыялістаў і абмежаванні ў авіяцыйнай сферы пасля інцыдэнту з Ryanair, сальда гандлёвага балансу паслуг таксама паменшыцца, у выніку чаго сумарнае сальда вельмі моцна знізіцца, што выкліча моцны ціск на нацыянальную валюту.