Чаму абясцэньваецца беларускі камбайн
Дзе-небудзь за Уралам гомсельмашаўскі камбайн можна набыць танней, чым на заводзе ў Беларусі. А нягледзячы на наяўнасць тавару на складзе, далёка не кожны зможа хутка і танна набыць беларускі цуд тэхнікі. Чаму?
Дзякуючы выбарам у мясцовыя Саветы дэпутатаў у 2014 годзе былі апублікаваныя падатковыя дэкларацыі кандыдатаў. Цікаўныя беларусы тады змаглі зазірнуць у кашалёк тых кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў, якія вырашылі стаць народнымі абраннікамі.
Вельмі сімвалічна, што ў Гомельскай вобласці лідарам па сукупным гадавым даходзе стаў генеральны дырэктар ААТ «Гомсельмаш» Аляксандр Камко. Яго сярэднямесячны сукупны гадавы даход, указаны ў падатковай дэкларацыі, склаў звыш $ 7000. Акрамя генеральнага дырэктара высокія даходы пазначылі ў падатковых дэкларацыях і іншыя прадстаўнікі топ-менеджменту ААТ «Гомсельмаш»: намеснік генеральнага дырэктара па якасці зарабляў больш за $ 3000, намеснік дырэктара Дэпартамента рэгіянальных продажаў — $ 2300.
Як жа так атрымалася, што прадпрыемства, здольнае забяспечыць высокі даход сваіх топ-менеджараў, дакацілася да такога вартага жалю стану?
Адказ на пытанне цалкам відавочны для тых, хто хоць аднойчы спрабаваў заняцца продажам тэхнікі ААТ «Гомсельмаш».
Ад прадстаўнікоў некалькіх не звязаных паміж сабой арганізацый давялося пачуць практычна ідэнтычныя гісторыі, агульную сутнасць якіх лаканічна можна выказаць так: «Без наяўнасці пэўных сувязяў купіць прадукцыю ААТ «Гомсельмаш» вельмі цяжка».
Бачыш прадукцыю на складзе? — Так. — А яе няма!
Можа, камусьці гэта здасца парадаксальным, але прадукцыю ААТ «Гомсельмаш» можна назваць дэфіцытнай. Нягледзячы на тое, што склады прадпрыемства апошнія гады не пустуюць, афіцыйныя дылеры ў большасці выпадкаў змогуць паставіць тэхніку толькі праз некалькі месяцаў пасля паступлення адпаведнага заказу.
Хтосьці толькі адкрыўся, хтосьці нядаўна ліквідаваўся, але ўсе яны з гонарам заяўляюць аб прамой працы з заводам-вытворцам, нягледзячы на адсутнасць іх у пераліку афіцыйных дылераў на сайце ААТ «Гомсельмаш». Прычым гэтыя фірмы гатовыя прадставіць пакупніку максімальна шырокі асартымент у любыя тэрміны. Гэта значыць, ажыццявіць тое, што не могуць ні збытавыя службы завода, ні афіцыйныя дылеры. Знайсці адрасы гэтых фірмаў не ўяўляе ніякай складанасці любому ахвочаму, паколькі яны актыўна прапануюць свае паслугі праз інтэрнэт.
Інфляцыя прадукцыі як беларускае ноу-хау
Як усё гэта працуе? Уся справа ў тым, што дадзеныя камерцыйныя структуры супрацоўнічаюць з ААТ «Гомсельмаш» на ўмовах узаемазаліку. Схема даволі простая: фірма пастаўляе «Гомсельмашу» камплектуючыя з пэўнай гандлёвай надбаўкай, а наўзамен атрымлівае тэхніку па цане завода-вытворцы. Чым вышэй будзе гандлёвая надбаўка, закладзеная ў кошт камплектуючых, тым больш заробіць фірма ад продажу тэхнікі. Больш за тое, нават прадаючы тэхніку танней самога завода, фірма можа забяспечыць сабе зайздросную рэнтабельнасць.
Паколькі дадзены працэс працягваецца ўжо не адзін год, то з часам прадукцыя «Гомсельмаша» набыла ўласцівасці сродку плацяжу для рынку сельскагаспадарчай тэхнікі, падмяняючы сабой грошы.
У выніку адбываецца парадаксальная сітуацыя, калі, напрыклад, малдаўскай кампаніі больш выгадна купіць беларускі камбайн дзе-небудзь за Уралам, чым набыць яго ў Беларусі непасрэдна ў вытворцы.
Адказ на тое, хто стаіць за ўсімі гэтымі камерцыйным схемамі і наколькі яны правамерныя, павінны даваць кампетэнтныя органы. Фактычна на шляху патэнцыйных пакупнікоў узнікаюць рознага кшталту «дзялкі», якія прапануюць правесці валютныя патокі праз іх. Акрамя таго, выкарыстанне «непразрыстых» схем сёння пазбаўляе завод не толькі валютных паступленняў, але і дадатковых продажаў.
Калі прадукцыя «Гомсельмаша» паступова губляе ў кошце, то цалкам нядзіўна, што абясцэньваецца і сам завод. За 2015 год, паводле дадзеных Міністэрства фінансаў, чыстыя актывы кампаніі скараціліся на 1883 мільярдаў рублёў. У доларавым выражэнні кошт маёмасці ААТ «Гомсельмаш» за год скарацілася амаль у 7 разоў, з $ 205 мільёнаў да $ 30 мільёнаў.
Цікава, ці адлюстроўваецца гэта на прыбытках топменеджменту «Гомсельмаша»? Магчыма, даведаемся гэта ўжо падчас кампаніі па выбарах у беларускі парламент.