Чаму беларускі рубель ідзе курсам расійскага?

 5 кастрычніка на таргах долар ЗША вырас ужо восьмы раз за апошнія дзевяць дзён і набраў у вазе 0,0790 BYN. Агулам з пачатку кастрычніка курс долара вырас на 0,0516 BYN, прыкладна столькі ж беларускі рубель набраў у вазе і па выніках верасня. За год долар ЗША падаражэў прыкладна на 35%. Што адбываецца з беларускім рублём і якіх сюрпрызаў ад яго чакаць? Тлумачыць эксперт BEROC Анастасія Лузгіна.

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

— На паводзіны беларускага рубля ўплывае сітуацыя на расійскім валютным рынку. Беларускі рубель паўтарае дынаміку расійскага, але ягонае падзенне ў адносінах да долара не звязанае з крызіснай сітуацыяй у гандлі Беларусі. З пачатку года валютная карзіна асабліва не змянілася: беларускі рубель знізіўся на 0,5% да валютнага кошыка — зусім невялікія змены.

Чаму? Беларускі рубель вельмі моцна прасеў да долара ЗША — больш чым на 21,8% (па стане на 4 кастрычніка), прасеў да юаня, а да расійскага рубля ўмацаваўся на 11,35%. Таму ў цэлым зніжэнне рубля да валютнага кошыка аказалася зусім невялікім.

У бліжэйшэй перспектыве — да канца года мы будзем назіраць за станам расійскага валютнага рынка, што будзе адбывацца з расійскім рублём. А з расійскім рублём зараз не ўсё добра, таму расійскія ўлады, найперш Цэнтрабанк, прыкладаюць намаганні па стабілізацыі расійскага рубля, прынамсі, спрабуюць не дапусціць ягонага падзення ў адносінах да замежных валют. Гэта робіцца за кошт узмацнення грашова-крэдытнай палітыкі: яны павысілі ўліковую стаўку да 13%. Як заяўляюць эксперты, калі інфляцыя павысіцца да 13%, а сітуацыя не палепшыцца, то не выключана, што ключавая стаўка і надалей будзе расці — да 14-15%. 

Калі сітуацыю не ўдасца стабілізаваць за кошт больш жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі, будуць уводзіцца дадатковыя, магчыма кароткатэрміновыя, валютныя абмежаванні. У любым выпадку, хутчэй за ўсё, рублю не дадуць упасці ніжэй за адзнаку больш за 100 рублёў за долар — гэта псіхалагічны рубеж для расійскага рубля. А з другога боку, раз кошты на нафту зараз падняліся, то да канца года можа палепшыцца і сітуацыя ў знешнім гандлі. 

У бліжэйшы месяц калі і будуць нейкія змены, то зніжэнне расійскага рубля, адпаведна і беларускага, да долара будуць невялікімі, у межах некалькіх працэнтаў, каб расійскі рубель не апусціўся за адзнаку 100 рублёў за долар. А ў перспектыве магчымыя ваганні нават у бок невялікага ўмацавання за кошт стабілізацыі і паляпшэння сітуацыі ў знешнім гандлі. Але тут пытанне: ці зможа расійскі знешні гандаль істотна палепшыцца? 

Кароткатэрміновы прагноз (да канца года) такі: рэзкіх зменаў не будзе, магчыма бліжэйшымі месяцамі некаторае зніжэнне, але моцнага зніжэння чакаць не варта ў сувязі з тым, што расійскія ўлады жорстка кантралююць гэтую сферу.