Плаўная дэвальвацыя? Курс долара набліжаецца да гістарычнага рэкорду сакавіка 2022 года
Калі паслабленне расійскага рубля працягнецца, то рэкорд беларускай валюты можа быць пабіты ўжо ў кастрычніку, папярэджваюць адмыслоўцы. Адбываецца гэта з-за таго, што Нацбанк РБ узмацніў арыенціроўку беларускага рубля на расійскі.
За апошні тыдзень верасня курс долара на БВФБ вырас на 0,8% (да 3,2851 рубля), курс юаня падняўся на 1,2% (да 4,5106 рубля за 10 юаняў), у той час як расійскі рубель патаннеў усяго на 0,3% — да 3,3821 беларускага рубля за 100 расійскіх.
Увогуле ж афіцыйны курс долара ў Беларусі за студзень-верасень гэтага года вырас на 20,12%. Гэта другі паказчык на тэрыторыі былога СССР, на першым месцы па падзенні нацыянальнай валюты знаходзіцца ўсё тая ж Расія — 38,50%.
Дзеянні Нацбанка па большай прывязцы беларускага рубля да расійскага, верагодна, можна пастлумачыць пагаршэннем стану знешняга гандлю РБ, а таксама жаданнем павялічыць даходы бюджэту, піша select.by. Бо чым слабейшы беларускі рубель, тым больш плацяжы ў бюджэт ад беларускіх экспарцёраў.
У гандлі праблемы тлумачацца тым, што імпарт расце хутчэй экспарту. Характэрная ў гэтых адносінах сітуацыя з Кітаем. У студзені-жніўні 2023 года імпарт з Беларусі ў КНР вырас на 65% — да 1,99 млрд долараў, у той час як экспарт з Кітая ў Беларусь павялічыўся на 119% — да 3,85 млрд долараў.
Намеснік міністра эканомікі Андрэй Картун паведаміў, што дысбаланс паміж дынамікай экспарту і імпарту тлумачыцца зніжэннем сярэдніх цэн экспарту на 13% на фоне павелічэння інвестыцыйнага і спажывецкага імпарту.
Што тычыцца дзяржаўнага бюджэту Беларусі, то, мяркуючы па наяўнай інфармацыі, асаблівых праблем з ім няма, але беларускі Мінфін, як і расійскі, імкнецца фарміраваць бюджэт з прафіцытам, лічачы, што гэта спрыяе стабільнасці беларускіх фінансаў.
Напрыклад, урад РБ вядзе перамовы аб прадастаўленні крэдытаў ад Кітая і Расіі на будаўніцтва і абслугоўванне дарог, хоць гэтыя праекты цалкам можна было б прафінансаваць з уласных сродкаў, прыцягваючы рэсурсы, напрыклад, за кошт размяшчэння дзяржаўных аблігацый у беларускіх рублях.
Як паведаміў начальнік упраўлення развіцця аўтамабільных дарог Мінтранса РБ Сяргей Лявончык, размовы аб крэдытах на будаўніцтва дарог вядуцца на працягу 2023 года, але пакуль рэальных дамоўленасцяў няма, бо партнёры РБ занялі чакальную пазіцыю, што звязана з працай ва ўмовах санкцый з боку заходніх краін.
Праўда, на рамонт і рэканструкцыю аўтамабільных дарог агульнага карыстання ў Беларусі ў бягучым годзе намечана накіраваць сродкаў на 36,5% больш, чым у 2022 годзе, гэта значыць 1,27 млрд рублёў.
Беларускія ўлады разлічваюць атрымаць ад Расіі сродкі і на рэалізацыю новых сумесных інвестыцыйных праектаў. Так, 26 верасня Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што ў тэлефоннай размове з Уладзімірам Пуціным ён абмяркоўваў перспектывы рэалізацыі праектаў па сумеснай вытворчасці і абслугоўванні самалётаў, а таксама па будаўніцтве другой чыгуначнай веткі з РБ у Ленінградскую вобласць. Але грошы на падобныя інвестыцыі, калі і прыйдуць, то няхутка.
Можна чакаць, што ў пачатку кастрычніка рост курсу долара на БВФБ працягнецца, калі, зразумела, у Расіі не выратуюць свой рубель ад чарговага абвалу.