Чаму свабодныя эканамічныя зоны не сталі лакаматывамі беларускай эканомікі?
Для чаго ў Беларусі створаны свабодныя эканамічныя зоны і які ў іх сэнс — пра гэта эканаміст Леў Марголін.
На нарадзе аб мерах па павышэнни эфектыўнасці работы свабодных эканамічных зон кіраўнік беларускай дзяржавы пацікавіўся, ці патрэбныя на сучасным этапе СЭЗ у тым выглядзе, у якім яны існуюць.
— Свабодныя эканамічныя зоны ствараюцца наогул для таго, каб прыцягнуць стратэгічных інвестараў. Гэта як бы дэманстрацыйная зала Беларусі, дзе інвестары, якія насцярожана ставяцца да краіны, прыходзяць, бачаць, што не так усё страшна, і пачынаюць дзейнічаць, — кажа Леў Марголін. — Яшчэ яны ствараюцца для стымулявання развіцця сектараў, у якіх вельмі зацікаўлена дзяржава. Інвестарам у такіх СЭЗ ствараюцца пэўныя льготныя ўмовы.
Але лёсавызначальныя прарывы нашы СЭЗы не даюць. Так, імі цікавяцца інвестары, таму што кожнаму хочацца плаціць менш і мець ільготы, але галоўная праблема — гэта надзейнасць інвеставання, паколькі ў СЭЗ інвестар гэтак жа рызыкуе сваёй маёмасцю, як і ў любой іншай зоне.
— Хто сёння атрымлівае найбольшую выгаду ад ужо існух у нашай краіне СЭЗ?
— Перш за ўсё, рэзідэнты гэтых эканамічных зон. І я не ўпэўнены, што гэта заўсёды адпавядае інтарэсам дзяржавы. І, напэўна, часцяком рэзідэнтамі становяцца не тыя, у кім зацікаўлена дзяржава, а тыя, у каго ёсць выхад на патрэбных людзей. На мой погляд, варта ствараць нармальныя прывабныя ўмовы не ў асобных эканамічных зонах, а па ўсёй краіне ў цэлым, і самыя галоўныя ўмовы — гэта дэмакратычная заканадаўства і сістэма прыняцця законаў, а таксама нармальная судовая сістэма.
— Калі ўявіць сабе ў ідэале свабодную эканамічную зону — што гэта павінна быць такое?
— У ліберальнай эканоміцы таких зон не мае быць па азначэнні. Уся краіна павінна быць свабоднай эканамічнай зонай. У краінах з дырэктыўнай эканомікай гэта спроба зацікавіць інвестара, патрэбных людзей. Часам бо ў нас нават калі вытворчасць не знаходзіцца на тэрыторыі СЭЗ, то яго дырэктыўным парадкам далучаюць да гэтай зоны.
У іншых краінах бывае так: ёсць неабходнасць цалкам загрузіць, напрыклад, велічэзны аэрапорт не толькі пасажырамі, але і таварнымі патокамі, і ў раёне гэтага аэрапорта ствараюць льготныя ўмовы, напрыклад, на пяць гадоў.
Часам такія зоны выкарыстоўваюцца для ўзняцця дэпрэсіўных рэгіёнаў. Але зноў-такі гэта часцей за ўсё мае пэўны тэрміновы характар. У нас жа пакуль у цэлым гэтая шчыліна для мінімізацыі падаткаабкладання.
— Дзе ў Беларусі трэба было б ствараць сапраўды неабходную СЭЗ?
— У нас мела б сэнс стварыць экстэрытарыяльных СЭЗ — малыя гарады і сельская мясцовасць. У прынцыпе, патроху гэта і робіцца. Ёсць пэўныя льготы для тых інвестараў, якія ствараюць працоўныя месцы ў райцэнтрах, у сельскай мясцовасці. Гэта мела б сэнс, каб усе не рваліся ў Мінск, а неяк больш раўнамерна размяркоўваліся па тэрыторыі краіны. Але рабіць так, як гэта ёсць цяпер, калі ў кожнай вобласці маецца свая зона, якая фармуецца вакол абласнога цэнтра, — не мае ніякага сэнсу.
Паводле Заўтра тваёй краіны