Чым адгукнецца Беларусі ўвядзенне санкцый супраць Польшчы і Літвы

Польшча і Літва ўваходзяць у дзясятку найважнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі. Увядзенне санкцый супраць гэтых краін можа пацягнуць сур'ёзныя страты для нацыянальнага бюджэту Беларусі.

static.life.ru

static.life.ru

Магчымая гандлёвая вайна з суседнімі краінамі робіць бессэнсоўным існаванне і беззваротнымі інвестыцыі ў інфраструктурныя праекты накшталт індустрыяльнага парку «Вялікі камень» і транзітнага хаба «Брэміна-Орша», лічаць эксперты «Заўтра тваёй краіны».
Пра магчымасць увядзення санкцый супраць гэтых краін Аляксандр Лукашэнка заявіў на мінулым тыдні падчас наведвання завода «Савушкін-Орша».
«Вось мы ім зараз пакажам, што такое санкцыі. Калі яны яшчэ ў Кітай і Расію праз нас (палякі і літоўцы) баражыравалі, цяпер яны будуць лётаць або праз Балтыку або Чорнае мора гандляваць з Расіяй і іншае. А наконт санкцыйнай прадукцыі (на тую прадукцыю, на якую Расія ўвяла эмбарга) — хай нават не мараць. Яны зажраліся і забыліся, што такое Беларусь. І думалі, што нас можна нахіліць, танкамі папалохаць, ракетамі ... Паглядзім, хто яшчэ каго напалохае. Мы ім пакажам, што такое санкцыі», — сказаў ён.
Па выніках першага паўгоддзя бягучага года Польшча і Літва займалі, адпаведна, 5-е і 6-е месца ў спісе найбуйнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі.
Польшча знаходзіцца ў пяцёрцы краін (у адным шэрагу з Расіяй, Украінай, Кітаем і Германіяй), з якімі таваразварот Беларусі перавысіў 1 млрд долараў. Па выніках студзеня-чэрвеня ён склаў звыш 1,1 млрд долараў. У яго структуры экспартныя і імпартныя пастаўкі прыкладна роўныя з невялікім (каля 50 млн долараў) плюсам для знешнегандлёвага сальда Беларусі. Пры гэтым Польшча з'яўляецца адным з найважнейшых рынкаў збыту для беларускай лесапрадукцыі і займае сёмае месца ў свеце і другое ў Еўропе па спажыванні беларускіх калійных угнаенняў. Увядзенне санкцый, якімі пагражае Лукашэнка, хоць і паўплывае на польскі экспарт, але прыкладна з роўнай сілай ударыць і па айчынных экспарцёрах.
Таваразварот Беларусі з Літвой склаў па выніках першага паўгоддзя каля 640 млн долараў. Паколькі ў яго структуры беларускі экспарт (каля 440 млн долараў) прыкметна перавышае імпарт (каля 200 млн долараў), літоўскі напрамак з'яўляецца крыніцай станоўчага сальда і, адпаведна, валютных паступленняў у бюджэт краіны. За разгляданы перыяд гэта 240 млн долараў і большае значэнне для беларускай казны меў толькі гандаль таварамі з Украінай (плюс каля 595 млн долараў), Казахстанам (каля 300 млн долараў) і Бразіліяй (каля 255 млн долараў).
Падчас выступу ў Оршы Лукашэнка асобна прайшоўся па Літве: «Вось мы і паглядзім, як яны будуць жыць. 30% літоўскага бюджэту фарміруюць нашы грузапатокі праз Літву. Што яшчэ трэба? Зажраліся. Таму паставім на месца».
Але відавочна, што пераарыентацыя грузапатокаў (на якую трэба шмат часу) пазбавіць бюджэт чацвёртай па важнасці крыніцы станоўчага сальда. Акрамя гэтага, аказваюцца страчанымі прыкладна 100 млн долараў, якія, пачынаючы з 2013 года ўклаў і ўкладае ў мадэрнізацыю калійнага тэрмінала ў Клайпедзе, «Беларуськалій».
Польшча і Літва, якія маюць агульныя межы з Беларуссю, выконваюць таксама важнейшыя ролі перавалачных плацдармаў для прадукцыі расійскіх і кітайскіх вытворцаў на рынкі краін Еўрасаюза, Паўночнай Амерыкі і іншых рэгіёнаў. Магчымая гандлёвая вайна з імі фактычна ставіць крыж на такіх важнейшых інфраструктурных праектах як Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» і лагістычна-прамысловы хаб «Брэміна-Орша». Яны ствараліся перш за ўсё пад патрэбы спажыўцоў у Еўропе і з інтэграваннем у іх транзітнай інфраструктуры (напрыклад, як праект China Merchant Group), у тым ліку, на тэрыторыі Польшчы і Літвы.
Яшчэ адно важнае пытанне, якое не можа не паўстаць у выпадку абвастрэння адносін, — далейшае функцыянаванне транзітных газа-і-нафтаправодаў. Адзін з ключавых расійскіх экспартных газаправодаў «Ямал-Еўропа» пасля Беларусі выходзіць на тэрыторыю Польшчы. Праз Беларусь «Газпром» пастаўляе газ і Літве. Беларускі ўчастак нафтаправода «Дружба» на поўдні стыкуецца, у тым ліку, з польскім. Нафтаправод у Вентспілс таксама часткова ідзе па тэрыторыі Літвы.