«Салідарнасць» паказала, што польскае грамадства існуе

Стварэнне «Салідарнасці» — адна з найбольш важных падзей у польскай, а таксама сусветнай гісторыі канца ХХ стагоддзя. Гэта быў момант, які змяніў ленінскую сістэму. Дагэтуль камуністычная партыя мела манаполію на ўладу. У той момант, калі з’явілася «Салідарнасць», гэта змянілася.

s40_fot._zenon_mirota_ecs_do_druku.jpg

Тады таксама сфарміравалася пакаленне дзеячаў, якія пазней селі за стол перагавораў, а затым адыгралі ключавую ролю ў дэмакратычнай Польшчы. Без жнівеньскіх пагадненняў і «Салідарнасці», якая паўстала ў іх выніку, не было б выбараў 4 чэрвеня.
Той факт, што 31 жніўня 1980 года было легалізавана існаванне «Салідарнасці», быў важны па трох прычынах. Па-першае, гэта быў сігнал, што камунізм не вечны. Раней здавалася, што ён непераможны, не хапала фантазіі, каб запрапанаваць яму альтэрнатыву. Па-другое, «Салідарнасць» паказала, што нарадзілася новая пасляваенная Польшча. Што існуе не толькі камуністычная дзяржава, але таксама польскае грамадства, якое не атаясамлівае сябе з ёй. Па-трэцяе, «Салідарнасць» паказала, што ў Польшчы існуе грамадзянская супольнасць, якая сапраўды дыскутуе пра свае вартасці, напрамкі развіцця. «Салідарнасць» зрабіла магчымай такую дыскусію.
У Польшчы наступныя пакаленні апазіцыянераў вучыліся ў папярэдніх, тых, што пратэставалі раней. Такі вопыт у сітуацыі, калі лічыцца супрацоўніцтва, будаванне мяккіх сувязей, з’яўляецца каштоўным капіталам. Забастоўкі — гэта не толькі пратэст, але таксама форма будавання новага руху, стварэння новых структур. Менавіта гэта было найбольш важным у жніўні 1980 года ў Гданьскай суднаверфі. Не трэба гэтыя забастоўкі разглядаць толькі як бунт супраць камуністычных улад. Гэта быў таксама прыклад доўгатэрміновага мыслення, будавання руху.
Падзенне камунізму — гэта таксама наступства палітыкі, якую праводзіў Міхаіл Гарбачоў. Савецкі лідар насамрэч не разумеў, наколькі знешняя імперыя з’яўляецца неад’емнай часткай усёй сістэмы.Сёння расіяне моцна крытыкуюць Гарабачова за рашэнні, якія ён прымаў у канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Але гэта перабольшаная крытыка. Канечне, ён зрабіў тактычныя памылкі, але яго палітычная канцэпцыя была вельмі смелым эксперыментам. Яго сутнасць ён прадставіў Эрыху Хонекеру, камуністычнаму лідару ГДР, якому прама сказаў, што дазваляе кожнай дзяржаве сацыялістычнага блока выбраць уласны шлях развіцця. Гэта быў важны гістарычны крок.
Ён аказаўся тактычнай памылкай, таму што ў Польшчы ўжо тады былі дзеячы, гатовыя адразу выкарыстаць магчымасці, якія з’явіліся. З іншага боку, камуністычныя ўлады — згодна з указаннямі Гарбачова — павінны былі з кімсьці распачаць перагаворы, а ў Польшчы было з кім. Такім чынам распачаўся працэс, які прывёў да дэмантажу камунізму.
Краіны Цэнтральнай Еўропы добра выкарысталі магчымасці, якія з’явіліся пасля падзення камунізму. З адной агаворкай: у працэсе перамен была згублена пераемнасць палітычнай думкі, якая нарадзілася ў 70-х і 80-х. З 1989 года былі ўведзены найбольш простыя схемы дзеянняў, якія зводзілі палітыку да эканамічных пытанняў.
Бяздумна патанаючы ў магчымасцях, якія ствараў свабодны рынак, маючы ўпэўненасць, што ён вырашыць усе праблемы. Але гэта не так. Нельга забываць пра палітыку, таксама падчас увядзення рыначных рашэнняў. Гэтага ў 90-я гады не было. Вельмі хутка і Польшча, і іншыя краіны рэгіёна забылі пра звычайную салідарнасць. 1989 года не было б без руху «Салідарнасць», але таксама без салідарнасці людзей у класічным разуменні. Пазней яна была сапхнута на другі план. Яе адсутнасць у мысленні пра перамены 90-х гадоў адбіваецца на краінах усяго рэгіёна да сённяшняга дня.