Легендарны польскі прафсаюз «Салідарнасць» сабраў для пратэстуючых у Беларусі 1 млн злотых

Члены і структуры легендарнага польскага прафсаюзу «Салідарнасць» сабралі для пратэстуючых у Беларусі 1 млн злотых (каля 230 тыс. еўра паводле актуальнага курсу). Пра гэта ў эфіры Польскага радыё сказаў намеснік старшыні прафсаюзу Тадэвуш Майхровіч.

full_solidarnisc_1989_forum_770.jpg


На патрэбы пратэстуючых у Беларусі «Салідарнасць» стварыла спецыяльны рахунак, на які члены і структуры прафсаюзу могуць пераводзіць фінансавыя сродкі. Майхровіч сказаў, што збор грошай будзе працягвацца.
— Апроч матэрыяльнай дапамогі ў выглядзе харчавання, мы стварылі спецыяльны рахунак, на які пераведзена 1 млн злотых. Мы заклікаем нашыя рэгіянальныя структуры і іншыя прафсаюзы, каб яны пераводзілі грошы на гэты рахунак.
Ён зазначыў, што палякі не могуць быць абыякавымі да таго, што адбываецца ў Беларусі, таму што «нашы ўсходнія браты змагаюцца за свабоду і дэмакратыю». Пры гэтым дзеяч прафсаюзу нагадаў 1980 год і адзін з напісаў на сцяне ў пратэстуючым Гданьску: «Чалавек нараджаецца і жыве свабодным». «Беларусы таксама маюць права да таго, каб быць свабодным народам», сказаў Тадэвуш Майхровіч.
Пры гэтым ён пазітыўна выказаўся пра спосаб пратэстаў – паводле яго, гэта правільна, што беларусы пратэстуюць мірным шляхам, робячы забастоўкі і выходзячы на вуліцы, і пазбягаюць канфрантацыі з сілавікамі.