«Дачка» Беларусбанка падае на банкруцтва «Прастормаркета». Што адбываецца з рытэйлерам «Прастор»?
«Нашай Ніве» стала вядома, што «АСБ Лізінг» — «дачка» Беларусбанка, падала позву аб банкруцтве кампаніі з сеткі рытэйла «Прастор» — «Прастормаркет».
Выглядае, што ўсё гэта — працяг гісторыі з банкруцтвам чыжоўскага «Трайпла». Патрабаванні банка звязаныя з паручальніцтвам за іншую кампанію «Прастора» — «Прастор-Трэйд».
Гэтая кампанія
ўжо фігуравала ў непрыемнай гісторыі з «Arena City» на праспекце Пераможцаў. Сэнс схемы быў
такі: ва ўласніка маёмасці — «Белаграпрамбанка», якому памяшканне ў сувязі з
крызісам перайшло па дамове зваротнага лізінгу, кампанія «Прастор-Трэйд» брала
ў лізінг памяшканне крамы і пераздавала яго іншаму «Прастору» —
«Прастормаркету», які плаціў або менш, або з доўгай адтэрміноўкай, у выніку
чаго дачынная кампанія заганялася ў даўгі перад лізінгавай.
У выніку
Эканамічны суд Мінска прызнаў нікчэмнай такую дамову арэнды, цяпер там іншая
крама.
Выглядае, што
гісторыя паўтараецца. Цяпер асноўная юрыдычная асоба «Прастора» называецца
«Прасторрытэйл».
Але абавязкі
дачыннай кампаніі, якія не могуць быць пагашаныя, складаюць 37 мільёнаў 871
тысяч рублёў. Сума актываў, якія мае кампанія — 22 мільёны 918 тысяч рублёў.
Выглядае, што ў
гэтай суме павінна быць нерухомасць. Але якая дакладна — пакуль невядома.
«Пакуль магу
сказаць толькі тое, што праводзіцца работа, скіраваная на пошук маёмасці
кампаніі», — сцісла кажуць ва ўпраўляючай справы аб банкруцтве кампаніі
«Камільорэ».
Атрымаць
каментарый у «Прастора» не атрымалася. Сын Юрыя Чыжа Сяргей сказаў, што «яго
гэтае пытанне больш не асабліва хвалюе».
Згодна з
працэдурай, цяпер наяўныя актывы павінны быць ідэнтыфікаваны і перададзеныя
банку.
Як стала вядома,
крамы «Прастора» адна за адной мяняюць вывескі і знаходзяць новых уладальнікаў
— так, замест «ProStore» ў ГЦ «Горка Дом» на Каменнай Горцы ўжо
восенню будзе працаваць «Карона». «ProStore» не мог гасіць
свой доўг перад банкамі.
«У "ProStore" была вялікая крэдытная нагрузка, шмат будоўляў,
не вельмі добрыя аператыўныя паказчыкі, перакрыжаваныя субсідыярныя адказнасці,
агульныя заклады, да таго ж невядома, у якіх памерах грошы сыходзілі на
фінансаванне іншых праектаў Трайпла, вынік заканамерны», — кажа аналітык з
гандлёвых колаў.
Агулам у рытэйле складваецца бязрадасная сітуацыя: вядома пра закрыццё некаторых сетак («Домашний», «Biggz»), а таксама складаную сітуацыю ў «Віталюра» і «Еўраопта».