Даўгі на 1,2 мільярда. Як справы на «БелАЗе», супраць якога ўвялі санкцыі

21 чэрвеня ЕС увёў сектаральныя санкцыі супраць Беларусі. Пад іх падпаў і вытворца кар’ерных самазвалаў — «БелАЗ». «Свабода» разбіралася, што адбываецца з заводам.

682f56d1_c84d_4357_b7a2_a8910af47939_w1023_r1_s.webp

Прыбытак у першым квартале — 36 мільёнаў рублёў

У першым квартале гэтага года «БелАЗ» зарабіў 36 мільёнаў рублёў, годам раней былі чыстыя страты на 60 мільёнаў. Такія даныя вынікаюць са справаздачы на адзіным партале фінансавага рынку.

У завода 371,4 мільёна даўгоў па доўгатэрміновых крэдытах і 880,7 мільёна — па кароткатэрміновых, агулам больш за 1,2 мільярда рублёў. Летась у гэты ж перыяд даўгоў было больш — 1,4 мільярда.

Чысты прыбытак «БелАЗа» за мінулы год — 30 мільёнаў рублёў, годам раней было 265 мільёнаў рублёў. То бок за год чысты прыбытак скараціўся ў 8 разоў. Колькасьць персаналу скарацілася на 571 чалавека за год.

Што з продажамі самазвалаў

Белстат прыбраў аператыўную статыстыку па продажах кар’ерных самазвалаў. Летась кар’ерных самазвалаў Беларусь прадала ў ЕС на 3,3 мільёна долараў. Гэта толькі 10 адзінак. Агулам жа за год у розныя краіны Беларусь прадала 435 адзінак гэтай тэхнікі. З краін ЕС самазвалы куплялі Польшча, Балгарыя.

Найбольш самазвалаў купляла Расія (на $106 млн.), Індыя (на $83 млн.), Узбекістан (на $55 млн.).

Якія кампаніі адмовіліся ад супрацоўніцтва з «БелАЗам»

Амерыканская кампанія «Cummins», адзін з пастаўшчыкоў рухавікоў на «БелАЗ», перастала адпраўляць прадукцыю на «БелАЗ» і яго дылерам.

Гэтым летам пра поўнае спыненне супрацоўніцтва з «БелАЗам» абвясціў «Rolls-Royce». Раней пастаўкі ішлі праз іх нямецкую даччыную кампанію «MTU Friedrichshafen GmbH». Гэтыя дзве кампаніі — асноўныя пастаўшчыкі рухавікоў і сілавых установак для завода.

Раней сёлета ад супрацоўніцтва з «БелАЗам» адмовіліся сусветныя кампаніі «Becker Group», «Liebherr» і «Danfoss».

Нямецкая «Becker Group», у прыватнасці, заявіла, што «пасля ўвядзення санкцый ЕС у дачыненні да "БелАЗа" спыніла ўсе аперацыі з "БелАЗам" з 9 ліпеня 2021 года». Кампанія пастаўляла фарбу для «БелАЗа» праз фінскага дыстрыб’ютара «Geramatic OY».

Іншы нямецкі канцэрн, «Liebherr», які раней пастаўляў станкі і іншае абсталяванне для «БелАЗа», таксама пацвердзіў, што яго «палітыка (заключаецца) у захаванні норм і правілаў».

На пачатку ліпеня міжнародная горна-металургічная група кампаній «Мэтінвест» заявіла, што адправіла ў Еўракамісію запыт з просьбай даць тлумачэнні наконт магчымасці закупаў у «БелАЗа», які падпаў пад санкцыі.

Пазней крыварожскі горна-металургічны камбінат «ArcelorMittal» паведаміў, што прыпыняе закупы ў «БелАЗа» і адпраўляе гэтае пытанне на аналіз у свой юрыдычны аддзел.

Усе выпадкі прыпынення супрацы звязаныя з санкцыямі ці з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі.

Наколькі паўплываюць адмовы ў пастаўках дэталей

Пастаўшчыкоў камплектуючых для кар’ерных самазвалаў не так шмат. Паводле фінансавага аналітыка «Альпары Еўразія» Вадзіма Іосуба, «Rolls-Royce» быў адным з асноўных пастаўшчыкоў рухавікоў.

«Такія рухавікі робяць у прамыслова развітых краінах — ЗША, Японія, Заходняя Еўропа. Тэарэтычна, пры санкцыях можна наладзіць пастаўкі праз серыю пасярэднікаў, але гэта, хутчэй за ўсё, робіць працэс даражэйшым і падаўжае тэрміны паставак. Наўрад ці атрымаецца схаваць пастаўку рухавікоў для "БелАЗа", таму праблемы з вытворчасцю будуць сур’ёзныя», — кажа Вадзім Іосуб.

На думку старшага навуковага супрацоўніка «Beroc» Льва Львоўскага, праблемы могуць узнікнуць нават з кітайскімі пастаўшчыкамі.

«З санкцыямі ніхто звязвацца не хоча. Зразумела, што адмовіліся амерыканскія кампаніі. Кітайцы не спяшаюцца пастаўляць свае рухавікі, таму што Кітай, калі глядзець на эканоміку, — гэта адна з найбуйнейшых эканомік свету, ЗША для іх — важны партнёр. Чакаць кітайскіх матораў таксама не варта. Застаецца Расія. Буйныя кампаніі таксама не хочуць быць звязаныя з санкцыямі. У "БелАЗа" прыбытковасць не была на высокім узроўні, таму як яны будуць цяпер выжываць — сур’ёзнае пытанне. Хутчэй за ўсё, дзяржава будзе імкнуцца іх фінансаваць», — кажа Леў Львоўскі.

Глядзім, якія рухавікі стаяць на «БелАЗах», што завод прадае цяпер праз свой сайт.

Напрыклад, мадэль 7545 на 45 тон — рухавік ад кампаніі «Cummins». А вось мадэль 75440 грузападымальнасцю 32 тоны мае рухавік «ЯМЗ» — ад Яраслаўскага маторнага завода.

Мадэль 75320 грузападымальнасцю 290 тон мае рухавік «Cummins», мадэль грузападымальнасцю 450 тон — рухавік нямецкага вытворцы «MTU» («Rolls-Royce»), які таксама спыніў пастаўкі на «БелАЗ». Мадэль грузападымальнасцю 360 тон таксама мае рухавік ад «MTU». Мадэль 75310 грузападымальнасцю 240 тон мае рухавік ад «Cummins».

Як бачым, большасць мадэлей маюць рухавікі кампаній, якія цяпер адмовіліся ад супрацоўніцтва з «БелАЗам».