Крыніцы: У Гуцэрыева праблемы — кітайцы замарозілі $580 млн на буданіцтва Нежынскага камбіната
Пад пагрозай амбіцыйны праект будаўніцтва Нежыскага горна-узбагачальнага камбіната, які гуцэрыеўскі «Слаўкалій» узводзіць на крэдытныя сродкі Кітая пад гарантыю беларускага ўрада.

Кітай у сувязі з санкцыямі замарозіў выдачу наступных траншаў крэдыта, будаўнічыя кампаніі з'язджаюць з пляцоўкі, піша «Наша Ніва».
З канца чэрвеня прыпыненыя будаўнічыя работы — паводле праекта выкарыстана ўжо 820 мільёнаў долараў, але яшчэ 580 завіслі на кітайскім баку.
«Слаўкалій» летам не атрымаў з іх чаканы транш у 103 мільёны па прычыне ўведзеных санкцый.
Кампанія Міхаіла Гуцэрыева разам з беларускімі дзяржаўнымі структурамі спрабуе пераканаць кітайцаў вырашыць праблему.
Склаўся цэлы санкцыйны пасьянс: пад забарону трапіў як сам Гуцэрыеў, так і Беларусбанк, які з’яўляецца крэдытным аператарам, праз якога кітайскія грошы аказваюцца ў «Слаўкалія» — драбнейшыя прыватныя банкі проста не падыходзяць па патрабаваннях для «пераварвання» шматмільённых транзакцый.
Крыніцы паведамляюць, што забудоўшыкі з'язджаюць з пляцоўкі, «Слаўкалій» мае перад імі даўгі.
«Нас сабралі на нараду і замест канкрэтыкі з аплатай работы прапанавалі браць крэдыты самастойна і дабудоўваць, маўляў, наш бос мільярдэр, думаеце, для яго гэта грошы, ён усё верне, нават калі кітайцы не разлічацца», — сказаў «Нашай Ніве» адзін з забудоўшчыкаў.
Па яго словах, абяцанням веры няма, удзельнікі нарады ўспрынялі гэта як сігнал да згортвання.
Нагадаем, распрацоўка Нежынскага радовішча — амбіцыйны праект Міхаіла Гуцэрыева, якому ў свой час Лукашэнка прапаноўваў удзельнічаць у прыватызацыі Беларуськалія, але ў выніку ўсё перайгралася і выйшла іначай — у 2011-м дзяржаўныя СМІ рапартавалі, што «расійскі мільярдэр укладзе ў эканоміку рэспублікі 1,5 мільярда даляраў для распрацоўкі Нежынскага радовішча калію пад Любанню».
Па факце Гуцэрыеў узяў у кітайцаў крэдыт на 1,4 мільярды долараў на будаўніцтва горна-ўзбагачальнага камбіната пад гарантыі беларускага ўрада. Сваіх грошай, па розных ацэнках, ён уклаў ад 250 да 600 мільёнаў долараў.