Дзяржаўны доўг: колькі вінная Беларусь?
Найбліжэйшыя гады для Беларусі з пункту гледжання вяртання даўгоў стануць вельмі непрыемнымі, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы». Нават у межах аднаго года давядзецца аддаваць дастаткова шмат — аж да 13 млрд долараў.
Надыходзіць час, у якім любая дакладная інфармацыя аб эканамічных паказчыках Беларусі становіцца на вагу золата. Урад прыкладае ўсе больш намаганняў, каб мы ведалі як мага менш па ўсіх напрамках, напрыклад аб тым, каму і колькі мы павінны.
І калі ў ЗША дзяржаўны доўг — лічба на табло, якое размешчана на адной з вуліц Нью Ёрка, то ў Беларусі з нядаўніх часоў гэта інфармацыя, якой дзеляцца неахвотна. Але ўсе ж нешта прасочваецца для шырокай аўдыторыі. Відаць, па інэрцыі.
Што адбываецца з валавым знешнім доўгам Беларусі? Гэта паказчык, які ўключае ў сябе знешнія даўгі дзяржавы, банкаў і бізнесу, а таксама прамыя інвестыцыі ў выглядзе міжфірменнага крэдытавання. Такія даныя публікуюць раз у квартал, апошнія з'явіліся нядаўна. Зыходзячы з гэтай інфармацыі можна ацаніць не толькі, колькі мы павінны, але і калі нам трэба будзе аддаваць тыя ці іншыя пазыкі.
І яшчэ адна маленькая рэмарка — да нядаўняга часу Беларусь, як Ланістары, заўсёды была гатовая плаціць па сваіх даўгах. Цяпер нібыта як такое жаданне таксама прысутнічае, толькі расплачвацца мы можам у асноўным беларускімі рублямі (чытай — каралямі з ракавінак), якія цывілізаваны свет мала цікавяць.
Што ж мы бачым? Сумарна валавы знешні доўг Беларусі за апошні год нават крыху знізіўся, але пры гэтым застаецца досыць вялікім: $41,5 млрд па асноўным доўгу і $8,9 млрд па працэнтах. Даўгоў у краіны становіцца менш не таму, што мы перасталі мець патрэбу ў крэдытах, а таму, што нам перасталі даваць у доўг. Таксама вельмі важна разумець якасць цяперашніх даўгоў, бо старыя запазычанні ўзятыя пад больш выгадныя ўмовы, чым нам цяпер прапануе Расія.
Вывучаючы структуру доўгу, можна адзначыць, што з $41 млрд $18,8 млрд складаюць запазычанні дзяржавы, банкі запазычылі $7,2 млрд, бізнес — $13,3 млрд, яшчэ $2,2 млрд — гэта прамыя інвестыцыі ў выглядзе міжфірменнага крэдытавання.
Таксама мы можам убачыць, што Беларусь, як дзяржава, займала раней і працягвае займаць цяпер на доўгі тэрмін. А вось бізнес арыентаваўся на кароткатэрміновыя пазыкі. Паглядзеўшы на дыяграму, мы ўбачым, як суадносяцца даўгі па часе, праз які іх прыйдзецца аддаваць. Умоўна слупкі можна падзяліць так: з левага боку больш тых, што ўзяў бізнес, з правага — тых, што ўзяла дзяржава. Напрыклад, даўгі, аддаваць якія прыйдзецца праз 5 гадоў, у дзяржавы набраныя на $7,2 млрд, а ў бізнесу — на $1,6 млрд.
Не трэба быць вялікім спецыялістам, каб выказаць здагадку, што найбліжэйшыя гады для Беларусі стануць з пункту гледжання вяртання даўгоў вельмі непрыемнымі. Нават у межах аднаго года давядзецца аддаваць дастаткова шмат ($12,9 млрд), а калі паглядзець на больш аддаленую перспектыву, там усё яшчэ больш сумна. Ёсць верагоднасць, што ўрад працягне заяўляць, што даўгі ён прызнае, але не мае магчымасці плаціць па ім у цвёрдай валюце.
Мы не ведаем, хто з'яўляецца трымальнікам розных выпушчаных урадам аблігацый. Калі гэта еўрапейскія інвестары, то існуе верагоднасць, што ім проста не аддадуць грошы. Такое ўжо адбываецца. Але напэўна немалую частку трымальнікаў гэтых папер складаюць свае, «патрэбныя» людзі. І аддаваць менавіта ім даўгі прыйдзецца ў любым выпадку. Грошы могуць быць канфіскаваныя з эканомікі, хоць недахоп сродкаў нават на самыя базавыя патрэбы толькі нарастае.