Дзяржава для народа супраць грамадзянскай супольнасці службовых людзей

У студзені-верасні 2023 года аб’ём прамысловай вытворчасці ў Беларусі да ўзроўню студзеня-верасня 2022-га склаў 108,1 працэнта — і ў два разы пераплюнуў аналагічны паказчык у Кітаі. 

the_people_and_bureaucrats_logo.png

Яшчэ трохі — і па тэмпах росту ВУП Краіна пад белымі крыламі пераўзыдзе Паднябесную. Паквартальная дынаміка гэтаму спрыяе. У Беларусі ад квартала да квартала галоўны эканамічны паказчык расце, а ў Кітаі падае.

Зрэшты, у існавання такога беларускага цуду ёсць тлумачэнне. Яго даў журналістам міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў. Уся справа ў выкананні задання, якое паставіў кіраўнік дзяржавы перад урадам.

У тым, што вось ужо амаль тры дзясяткі гадоў заданні ставяцца прафесійна і своечасова, сумнявацца не даводзіцца. Але за кошт чаго ў 2023 годзе іх атрымліваецца выконваць, нягледзячы на санкцыі?

І на гэта пытанне ў міністра ёсць адказ: «Гэта было зроблена ў першую чаргу за кошт мабілізацыі рэзерваў, якія былі ў нас у розных сектарах эканомікі».

З гэтага месца хацелася б паслухаць больш падрабязна, але, на жаль… Атрымліваецца, што ўсе гэтыя гады беларускі ўрад паводзіў сябе падобна генеральнаму штабу падчас зацяжной вайны. Ён не кідаў у бой усе наяўныя ў яго распараджэнні рэсурсы, а зберагаў іх для генеральнага наступу.

Але памыліцца той, хто вырашыў, што гадзіна X надышла. Кіраўнік Мінэканомікі, калі гаварыў пра рэзервы развіцця эканомікі, заявіў: «Рэзервы ёсць у будаўніцтве, гандлі, прамысловасці. Сёння мы будзем праходзіць па ўсіх галінах, каб выявіць нявыкарыстаны патэнцыял. Мы сёння будзем закладваць базу для наступнага года».

Ёсць, ёсць яшчэ, аказваецца, рэзервы! Але яны схаваны, у тым ліку і ад урада. Аднак жа ў высокіх кабінетах не сядзяць склаўшы рукі. У высокіх кабінетах ужо сёння закладваюць базу для наступнага года, для чаго плануюць і па свіранах падмесці, па засеках паскрэбці, што на канцылярскай мове і азначае «прайсціся па ўсіх галінах».

Ці хопіць назбіранага-наскрэбенага, каб зляпіць чарговы Калабок? Ва ўрадзе ўпэўнены, што хопіць.

Відовішча, што раздзірае душу

Тое, як методыка свіранаў і засекаў працуе на практыцы, было прадэманстравана гораду і свету 14 лістапада 2023 года на нарадзе па пытаннях пасажырскіх перавозак.

Нарада пачалася з прызнання наяўнасці ў нашым жыцці неўпарадкаваных пытанняў, прычым па многіх напрамках (Вось яны, схаваныя рэзервы! Мяці не хачу!). Але, каб не расцякацца думкай па дрэве, удзельнікам нарады было прапанавана абмежавацца пасажырскімі перавозкамі і злачыннымі схемамі ў малочнай галіне.

Па першым пытанні дакладчык канстатаваў падлік страт бюджэту ў дзясяткі мільёнаў рублёў за кошт заніжэння выручкі, заробкаў у канвертах і нявыплаты падаткаў «у шалёных памерах». Даручэнне кіраўнікам МУС і КДБ нікога не заспела знянацку: «Няма чаго з імі размаўляць. Падатак не заплаціў — туды».

Такая рашучая выснова была растлумачана адсылкай да досведу краіны, у якой перамогу атрымалі геі і лесбіянкі: «Слухайце, хто нас папракне: у Амерыцы пажыццёвае зняволенне можна атрымаць за нявыплату падаткаў — дэмакратычная краіна».

Ад прыватнага бізнесу ўдзельнікі нарады перайшлі да ААТ «Бабушкина крынка», гэта значыць да бізнесу з перавагай дзяржаўнай уласнасці. І што ж атрымалася высветліць? Прыкладна тое ж, што пабачыў вослік Іа з мульціка пра Віні-Пыха ў свой дзень нараджэння: «Вартае жалю відовішча. Відовішча, што раздзірае душу. Кашмар. Жах! Ну вось, я так і думаў. З гэтага боку зусім не лепей. А ўсё чаму? І па якой прычыне? І якая з гэтага вынікае выснова?»

Пытанні пастаўлены. Адказы не прымусілі сябе доўга чакаць. Пачну з першага — з прычыны.

Некалькі гадоў таму на прадпрыемства «Бабушкина крынка» быў прызначаны новы кіраўнік. Ён сфарміраваў сваю «каманду» з ліку сваякоў і знаёмых і пачаў «новую збытавую палітыку».

Да чаго гэта прывяло, здзіўляцца не даводзіцца: «У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў узяты ў распрацоўку 8 камерцыйных груп, якія ўсталявалі кантроль на выгадных для сябе ўмовах над экспартам у Расію».

Па якой прычыне спецыялісты аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў не засталіся без справы, тлумачаць наступныя цытаты: «Атрыманая інфармацыя паказала, што рэалізацыя схемы не магла ажыццяўляцца без удзелу службовых асоб прадпрыемстваў і дзяржорганаў. Падобная злачынная схема стала магчымай, таму што ва ўрадзе не выпрацавана сістэма рэалізацыі прадукцыі».

І якая з гэтага вынікае выснова? «Мала не падасца нікому. Будзе аж у вачах цёмна. Гэта пытанне дзяржаўнай важнасці». «Я даручыў старшыні КДБ усіх перапісаць, усю ўласнасць. А ўласнасці там нямерана. Усё павінна быць канфіскавана ў даход дзяржавы. Шкоду мы бачым. Уся ўласнасць павінна быць у дзяржавы. Сталі нахабныя да крайнасці».

Іншага спосабу не прыдумана

Спадзяюся, што тыя, хто калісьці вывучаў стандартны курс марксізму-ленінізму, памятаюць пра адзінства і барацьбу супрацьлегласцей. Пра якія супрацьлегласці, што зліліся ў адзінстве, варта весці ў дадзеным выпадку гаворку?

Для адказу на гэтае пытанне мне спатрэбіцца звярнуцца да мадэлі раздатачнай дзяржавы сацыёлага Вольгі Бяссонавай. У адпаведнасці з гэтай мадэллю, мы маем, з аднаго боку, дзяржаву, а з другога — яе Alter ego, прадстаўленае грамадзянскай супольнасцю службовых людзей (гэта значыць, такіх «людзей, якія маюць статус у сістэме, збіраюцца ў лазні, у рэстаране, на паляванні, на рыбалцы, шпацыруюць разам — і вырашаюць праблемы», — як пісаў сацыёлаг Сімон Кардонскі).

Дзяржава імкнецца сканцэнтраваць рэсурсы ў сваіх руках, а службовыя людзі бесперапынна арганізуюць бакавікі для папаўнення сваіх кішэняў. Барацьба ідзе з пераменным поспехам. Завяршыцца ёй не дадзена, бо іншага спосабу задаволіць матэрыяльныя і духоўныя патрэбы службовых людзей, якія пастаянна растуць, у цэнтралізаваных эканоміках не прыдумана.

Не змаглі паўплываць на супрацьстаянне дзяржаўных і прыватных інтарэсаў санкцыі з боку недружалюбных дзяржаў. Як днямі справядліва заўважыла начальніца ўпраўлення прагназавання знешняга гандлю Міністэрства эканомікі Юлія Зубар, «эканоміка Беларусі адаптавалася да санкцыйных шокаў».

Усё гэта сапраўды так, але калі згадзіцца са статусным чыноўнікам, неабходна памятаць, што грамадзянская супольнасць службовых людзей складаецца выключна з патрыётаў-дзяржаўнікаў, якія вызначаюцца фенаменальнай здольнасцю адаптавацца да любых перамен.