Эканаміст пра новы план уладаў: «Гэта горшае, што можна прыдумаць»
Беларускі ўрад распрацаваў план нарошчвання экспарту ў Еўразвяз на наступныя тры гады. Згодна з ім продажы нашых тавараў у краіны Аб’яднанай Еўропы павінны расці на $300-350 мільёнаў штогод і ў 2020 годзе павінны скласці $6,244 млрд.
«У нас была раўнаважная сітуацыя. Па 35 % экспарту — Расія і ЕЗ, астатнія краіны СНД і рэшта свету. Была добрая канфігурацыя, зараз яна пачала ламацца, таму чыноўнікі і прыдумляюць як бы вярнуцца да сітуацыі нулявых, дзясятых гадоў», — звяртае ўвагу эканаміст Леанід Заіка.
Нафтагазавая ігла
Галоўным драйверам росту Савет міністраў вызначыў «Белнафтахім», які мусіць прынесці палову экспартавага прыбытку. Летась з-за нафтагазавай спрэчкі паміж Мінскам і Масквой а таксама з-за падзення сусветных коштаў на нафту Беларусь экспартавала нафтапрадуктаў на суму ў 40% меншую, чым пазалетась.
У 2018 годзе «Белнафтахіму» трэба прадаць прадукцыі на суму пад $2,82 млрд, у 2019-м — амаль $ 3млрд, а ў 2020-м яшчэ на $150 мільёнаў болей.
«Да 40% беларускага экспарту гэта былі нафтапрадукты, што згуляла трагічную ролю для беларускай прамысловасці і псіхалогіі. Гэта лёгкія грошы, якія як прыходзілі, так і зыходзілі. Што тычыцца праграмы павелічэння экспарту нафтапрадуктаў у Еўразвяз гэта горшае, што можна прыдумаць», — упэўнены спадар Заіка.
Другім лакаматывам экспарту стане айчыннае міністэрства прамысловасці
Якое з кожным годам мае прадаваць у Еўразвяз на 15% прадукцыі больш, чым у папярэдні год. Гучыць прывабна, але як сведчаць лічбы Даследчага цэнтру «ІПМ», доля высокатэхналагічнага прадукту ў беларускім экспарце складае мізэрныя 3%, доля ж сярэднетэхналагічных скарачаецца з кожным годам. Летась гэта была толькі траціна ад экспарту тавараў прамысловасці.
«З ЕЗ зараз трэба не пра гандаль думаць, а пра выхад на новы тэхналагічны ўзровень. Пра такія рэчы як IT, 3D друк, электратранспарт, робаты. Займіцеся лепш тэхнічным станам нашых прадпрыемстваў, калі будзе моцная тэхніка, у нас яе будуць набываць. Не трэба планаў па нарошчванні экспарту, не трэба ніякіх планаў», – упэўнены Заіка.
Саўмін мае іншыя планы
Бліжэйшым часам урад вызначыць чыноўнікаў, адказных за выкананне планавых паказчыкаў. Варта будзе запомніць іх імёны, а праз некалькі гадоў праверыць, наколькі гэтыя вясёлкавыя планы спраўдзіліся.
Паводле belsat.eu