Эканоміка Эболы

Cлаба верыцца, што афрыканская зараза дабярэцца да Беларусі. Аднак адчуць яе наступствы нам усё роўна давядзецца. Эпідэмія ахапіла не далёкую галактыку, а краіны, інтэграваныя ў глабальную эканоміку, як і эканоміка «сінявокай».



ebola1.jpg

Пакуль што слова «Эбола» ў Беларусі хутчэй выклікае канатацыі з чымсьці экзатычным. Нават пасля шпіталізацыі хворага на ліхаманку ў суседняй Польшчы, праблема ліхаманкі далёка не ў топе самых актуальных беларускай тэмаў. Гэта абсалютна зразумелая рэакцыя — слаба верыцца, што афрыканская зараза дабярэцца да Беларусі.

Аднак адчуць яе наступствы нам усё роўна давядзецца. Эпідэмія ахапіла не далёкую касмічную галактыку, а краіны, якія даўным-даўно інтэграваныя ў глабальную эканоміку, часткай якой з’яўляецца і эканоміка Беларусі. Таму, магчыма, нас чакаюць змены, ускосна выкліканыя смяротным вірусам.

Хутчэй за ўсё, першымі адчуюць на сабе наступствы эпідэміі айчынныя аматары футболу. У штабе ФІФА ўжо абмяркоўваюць ідэю скасавання турніру Афрыканскага кубку нацый, які мусіў пачацца 17 студзеня ў Марока. Як піша іспанская «El País», мараканскі кароль ужо папрасіў Федэрацыю перанесці дату чэмпіянату на наступнае лета: да гэтага часу спадзяюцца лакалізаваць ачаг эпідэміі. Яшчэ адзін варыянт — перанесці чэмпіянат у іншую краіну. Галоўныя кандыдаты на правядзенне Афрыканскага кубка нацый — Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка і Гана. СМІ пішуць, што канчатковае рашэнне будзе прынятае на пачатку лістапада.

Іншай ахвярай Эболы могуць стаць аматары шакаладу. 70 працэнтаў сусветнай вытворчасці какава-бабоў прыходзіцца на краіны Заходняй Афрыкі. Калі крызіс хутка не скончыцца, варта з вялікай верагоднасцю чакаць росту коштаў, прагназуюць эксперты. Праўда, трэба згадаць, што некалькі гадоў таму ў суседнім Кот-Дывуары (адзін з лідараў па вытворчасці какава-бабоў) была грама­дзянская вайна, але асабліва на кошты шакалада яна не паўплывала.

Шматлікія кампаніі, якія працуюць у зоне распаўсюджвання Эболы, ужо прыпынілі вытворчую дзейнасць і эвакуявалі персанал з небяспечных рэгіёнаў. На думку Сусветнага банка, гэта ўдарыць па бюджэтах карпарацый і акажа ўплыў на біржы. У гэтым плане магчымае падзенне біржавых індэксаў, што прымусіць інвестараў прытармазіць задуманыя аперацыі.

Італьянская прэса ўпэўненая, што распаўсюджванне ліхаманкі Эбола абавязкова адаб’ецца на турызме. Паводле ацэнак экспертаў, пацерпяць, перш за ўсё, тураператары і авіяперавозчыкі, затым уплыў адчуе на сабе рэстаранны бізнес і забаўляльная індустрыя. Праўда, галоўным чынам гэта будзе тычыцца краін, якія маюць развітыя кантакты з рэгіёнам, дзе пануе вірус. Напрыклад, 16 кастрычніка на амерыканскіх біржах на 460 пунктаў упалі акцыі авіякампаній. Аднак наўрад ці нам нешта кажа назва «Delta» (так называецца авіякампанія — адна з ахвяр біржавой панікі).

Як прагназуе выданне «Insider», «здаровы сэнс падказвае, што пры негатыўным сцэнары развіцця падзей хтосьці будзе вымушаны «выйсці з гульні», а ў выпадку з актыўнымі інвестарамі, відавочна, што на рынку авіяцыі і турызму застануцца толькі даволі буйныя брэнды».

Можна прагназаваць, што вядучыя сусветныя рэсурсныя фонды нейкі час будуць надаваць увагу Афрыцы за кошт іншых рэгіёнаў. Прынамсі, на ўкраінскіх інтэрнэт-форумах некаторыя тлумачаць менавіта разгулам Эболы асцярожнасць МВФ наконт пытання выдачы чарговага траншу крэдыту Украіне. Важна падкрэсліць, што МВФ, на думку шмат каго, нясе наўпроставую адказнасць за выбух вірусу. 30 гадоў таму ў С’ера-Леоне па рэцэптах Фонду прайшла структурная рэформа. На практыцы гэта прывяло да замарожвання заробкаў і росту коштаў. Жыхары гарадоў кампенсавалі недахоп сродкаў пераходам на вегетарыянскае меню, што спрыяла дэфіцыту пратэіну і дапамагло ўсялякім хваробам лягчэй пранікаць у арганізм. Таксама абарыгены пачалі ўжываць мяса лясных жывёл, якія таксама хварэюць на вірус.

Дадатковым фактарам распаўсюду хваробы стаў заняпад медычнай публічнай службы — следства выканання інструкцый МВФ пра прыватызацыю медыцыны. Нішу дзяржаўнай медыцыны хутка заняла традыцыйная, аднак сродкаў барацьбы з Эболай у яе, натуральна, няма. Затое адсутнасць медпунктаў на месцах прывяла да татальнай непісьменнасці насельніцтва ў пытаннях эпідэмій і іх прафілактыкі, што спрыяла распаўсюду самых неверагодных плётак пра вірус і метады барацьбы з імі. У Манровіі (сталіца Ліберыі) мелі месца забойствы людзей, якім натоўп па незразумелых прыкметах паставіў дыягназ — ліхаманка Эбола. Адным словам, як лічаць некаторыя ўкраінскія аглядальнікі, з-за моцнай крытыкі на свой адрас МВФ будзе вымушаны спрабаваць неяк рэабілітавацца, накіроўваючы рэсурсы менавіта ў Афрыку.

Цікава, што, паводле статыстыкі, страты краін — ахвяр эпідэміі не такія ўжо і вялікія. Месяц таму Сусветны банк апублікаваў некалькі дакументаў, прысвечаных аналізу эканамічных наступстваў эпідэміі. У 2014 годзе ўспышка ліхаманкі абыдзецца Гвінеі ў $130 мільёнаў (2,1% ВУП), Ліберыі — у $ 66 мільёнаў (3,4% ВУП), С’ераЛеонэ — у $ 163 мільёнаў (3,3% ВУП). Агулам гэтыя дзяржавы недалічацца $ 359 мільёнаў. Для параўнання, у суседняй Украіне ў гэтым годзе з-за вайны і палітычнай нестабільнасці ВУП прасеў на 8 працэнтаў, аднак сітуацыю там нельга назваць катастрафічнай.

Таму, хутчэй, мае месца своеасаблівы псіхалагічны ўплыў на эканамічных акцёраў. Як кажа адзін з чыноўнікаў Сусветнага банку, «вынікі аналізу адназначна сведчаць пра тое, што чым хутчэй мы прымем належныя меры, накіраваныя на стрымліванне эпідэміі, пераадоленне страху і зніжэнне нявызначанасці, тым хутчэй мы зможам абмежаваць уздзеянне Эболы на эканоміку».

У гэтым плане можна браць прыклад з іспанцаў. Навіны пра тое, што ў кагосьці быццам знайшлі Эболу, выклікалі не жах, а бум смеху. Іспанскія сатырыкі толькі і робяць, што стрыгуць купоны, эксплуатуючы тэму эпідэміі. Напрыклад, святкаваць Хэлоўін ў гэтым годзе прапануецца ў касцюмах санітараў эпідэміялагічнай службы. Гэта дакладна напужае.