Паціху прыціскае…
Беларускі ўрад вельмі разлічваў, што за геапалітычныя перамогі ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу Беларусі нешта абломіцца ад місіі МВФ. Аднак, як высветлілася, палітыка — палітыкай, а эканоміка — справа іншая.
![mvfnet2.jpg mvfnet2.jpg](/img/v1/news/full/mvfnet2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
МВФ гатовы абмяркоўваць з Беларуссю новую крэдытную праграму толькі ў выпадку гатоўнасці ўрада да рашучых крокаў па рэфармаванні эканомікі, заяву кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Дэвід Хофман.
«Рашучыя крокі» павінны адбывацца ў самых набалелых месцах «беларускага эканамічнага цуду» — у сферы грашова-крэдытнай палітыкі, курсаўтварэнні, палітыцы заробкаў, дырэктыўным крэдытаванні эканомікі. Фонд выступае за скарачэнне аб’ёму фінансавання дзяржпраграм, ліквідацыю перакрыжаванага субсідавання і павышэнне асобных тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі і транспарт да ўзроўню кампенсацыі выдаткаў да 2017 года. «Такія крокі павінны насіць комплексны характар, прычым асноўныя намаганні варта засяродзіць на пачатковым этапе», — падкрэсліў Хофман. І дадаў, што без уключэння ва ўрадавы план іншых мер дакумент не зможа істотным чынам паўплываць на стан беларускай эканомікі.
Карацей, прапануецца ліквідаваць усё, чым так ганарыцца «сацыяльная дзяржава»: нізкія тарыфы ЖКГ, дзяржпадтрымка вёскі і прамысловых прадпрыемстваў, рэгуляваны валютны курс, рост заробкаў і гэтак далей. Зразумела, кіраўніцтва Беларусі наўрад ці на гэта пойдзе, асабліва напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. А значыць, грошай ад МВФ у хуткім часе нам не ўбачыць, як сваіх вушэй без люстэрка.
Дый не збіраемся мы выконваць гэтыя патрабаванні. Як толькі Хофман з’ехаў, на наступны ж дзень у Беларусі на 3,9% быў павышаны бюджэт пражытачнага мінімуму, а разам з ім на 1,9% павялічыўся мінімальны спажывецкі бюджэт. Гэта не вельмі паўплывае на заробак, але, тым не менш, крыху падвысіцца сацыяльная дапамога, якая разлічваецца менавіта з гэтых паказчыкаў. Вось табе і «рынкавыя адносіны з МВФ».
Расія таксама працягвае наводзіць парадак са сваім харчовым эмбарга. Рассельгаснагляд паабяцаў увесці асаблівы кантроль за беларускімі прадпрыемствамі, якія пастаўляюць прадукцыю на расійскі рынак, паведаміў памочнік кіраўніка ведамства Аляксей Аляксеенка.
«Мы праводзім актыўны маніторынг рыбнай прадукцыі і надаем асаблівую ўвагу дробным прадпрыемствам, якія ў Расію рыбу раней не пастаўлялі. Наш досвед ужо паказаў, што такія прадпрыемствы часцей дапускаюць парушэнні. І, вядома ж, у першую чаргу будуць закрывацца пастаўкі з такіх прадпрыемстваў», — заявіў Аляксеенка.
Ён дадаў, што асаблівы кантроль Рассельгаснагляду закране ўсе віды жывёльнай і расліннай прадукцыі — малака, сыроў, гародніны і садавіны. Па словах Аляксеенкі, пастаўшчыкоў, якія злоўжываюць сітуацыяй, можна злавіць не толькі на парушэнні ветэрынарных і санітарных правілаў, але і ўласна на рээкспарце. Ён заўважыў, што «адлоўліваць» патэнцыйныя партыі рээкспартнага або няякаснага тавару будуць як у Расіі, так і ў Беларусі.
У гэтай сувязі цікава, як гэта будзе адбывацца ў Беларусі. Бо Рассельгаснагляд злавіў за руку ў парушэнні эмбарга не каго-небудзь, а тых, хто і абавязаны ў Беларусі выкананне гэтага эмбарга кантраляваць. А канкрэтна, Галоўную дзяржаўную інспекцыю па насенняводству, каранціну і ахове раслінаў Беларусі.
Схема была простая да прымітыўнасці. Партыя польскіх яблыкаў, каляровай капусты і таматаў у 20 тон па транзітным сертыфікаце Дзяржінспекцыі Беларусі ехала праз тэрыторыю Расіі ў Казахстан. Але да Казахстана не даязджала — машына разгружалася ў Расіі, затым вярталася ў Беларусь, запаўнялася аналагічным асартыментам і па тым жа сертыфікаце (!) зноў ішла ў напрамку Казахстана.
Рассельгаснагляду ўдалося раскрыць гэтую схему дзякуючы адбітку пячаткі ўпраўлення ведамства па Цвярской і Пскоўскай абласцях на адваротным баку фітасанітарнага сертыфіката. «Гэта сведчыць аб тым, што першая партыя прадукцыі была разгружаная на тэрыторыі Расіі, пасля чаго аўтамашына вярнулася ў Польшчу за новай партыяй «транзітнага грузу», — пракаментавалі ў службе. А нашая Дзяржінспекцыя па фітасанітарным кантролі, аказваецца, проста заплюшчвала вочы на тое, хто, што, куды і па якіх дакументах вязе.
Карацей, крыніцаў фінансавання ў Беларусі застаецца ўсё менш і менш. Трэба на чымсьці зэканоміць. І наш «самы сацыяльны» віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік знайшоў, на чым. Аказваецца, зэканоміць можна на дзецях.
На пасяджэнні Прэзідыума Саўміна чыноўнік распавёў, што каля 25 тысяч шасцігодак замест таго, каб пайсці ў школу, застаюцца ў дзіцячых садках. «Бюджэту гэта абыходзіцца амаль у паўтрыльёны рублёў», — адзначыў ён. Акрамя таго, чыноўніка турбуе, што «ўсё больш маці аддаюць у дзіцячыя сады дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, самі ж пры гэтым застаюцца дома». «Гэта яшчэ адзін канал, праз які бюджэтныя сродкі сыходзяць неапраўдана: дзяржава аплачвае маці і дапамогу па догляду за дзіцем, і яго ўтрыманне ў дзіцячым садзе».
Дзівак у нас у віцэ-прэм’ер! Калі маці пойдзе працаваць, дык дзяржава павінная будзе плаціць не толькі дапамогу на дзіцё і за дзіцячы садок, а яшчэ і заробак гэтай маці. Дзе ж тут эканомія? Спрэс выдаткі! Акрамя таго, Тозік, «канешне ж» і «як заўсёды» не распавёў, што рабіць з гэтымі шасцігодкамі ў дзіцячым садку, асабліва калі шэсць гадоў дзіцёнку спаўняецца, напрыклад, узімку — на вуліцу выкідаць да пачатку навучальнага года ці што?
Увогуле, гэтага дзяржчыноўніка трэба праверыць на адэкватнасць. Спачатку ён прапануе штрафаваць бацькоў, чые дзеці па непаважлівых прычынах прапускаюць дзіцячы садок, а зараз, аказваецца, дзяцей трэба з садка выкідваць. Раздваенне асобы тут навідавоку, ці не так?