Эксперт: інфляцыю адкаціць назад не атрымаецца

У лютым заўважаны рост спажывецкіх цэн — у гадавым выражэнні 8,7%. У параўнанні са студзенем, паводле даных Белстата, інфляцыя ў лютым склала 1,9%.

scale_1200_14.webp


У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю растлумачылі, што павышаны рост цэн у лютым, у прыватнасці, абумоўлены «захаваннем неспрыяльнага ўплыву падаражання імпартуемых тавараў, а таксама адмены падатковых ільгот».

Якія яшчэ фактары паўплывалі на цэны і могуць адбіцца ў далейшым? Якой будзе інфляцыя ў сакавіку? Пра гэта ў каментары Myfin.by распавёў фінансавы кансультант Міхаіл Грачоў.

— Інфляцыя вось ужо некалькі месяцаў ідзе ўверх. У лютым прырост спажывецкіх цэн у гадавым выражэнні склаў 8,7%, перад гэтым у студзені быў 7,7%, у снежні мінулага года — 7,4%... Гэта значыць, тыя мінімумы ў раёне 5-5,5%, на якія Беларусь выйшла год таму, на жаль, засталіся ў мінулым.

Прычын дастаткова шмат. І тут кошт імпартных тавараў не з’яўляецца асноўным фактарам. На самой справе ўнутры гэтай інфляцыі вялікую ролю адыгрываюць іншыя фактары. Гэта, безумоўна, у першую чаргу адміністрацыйна рэгуляваныя цэны і тарыфы. Яны з пачатку 2021 года выраслі значна больш істотна, чым за папярэднія год ці два.

Па імпартных таварах там пазіцый лічаныя адзінкі, а ўсё астатняе — гэта энерганосьбіты, камунальныя паслугі і іншае. Яны ў большай ступені ўплываюць на фарміраванне цэн, таму што цягнуць за сабой, як паравоз, усе астатнія «вагончыкі».

Прыгнятальна выглядае і тое, што расце базавая інфляцыя, і гэта больш індыкатыўны паказчык: базавая інфляцыя ў лютым паднялася да значэння 8,3%. І як у гэтай сітуацыі ўрад зможа выйсці на планавыя 5,5-6% да канца года — вялікае пытанне.

Мы бачым, напрыклад, што аўтамабільнае паліва ў бягучым месяцы даражэла некалькі разоў. Хай на капеечку, але гэтая капеечка ў выніку збярэцца ў рублі, якія зноў выльюцца ў працэнт інфляцыі, таму што падаражанне энерганосьбітаў па ланцужку цягне за сабой падаражанне ўсіх астатніх прадуктаў і паслуг.

Магчыма, у сакавіку па інфляцыі будзе невялікі адкат ад гэтых лютаўскіх 8,7%, але істотнае зніжэнне або тым больш вяртанне да 5,5-6%, мяркую, малаверагоднае.

Не выключана, што ў сакавіку інфляцыя будзе прыкладна на тых жа узроўнях, што і ў лютым, а вось з пачаткам красавіка, траўня можа спрацаваць так званы сезонны фактар. Тады з’явіцца ўжо свежая гародніна і іншая сезонная прадукцыя.

Ёсць яшчэ спадзяванне, што пачне ажываць сусветная эканоміка — і асабліва, што пачне разагравацца эканоміка нашага найбліжэйшага партнёра — Расійскай Федэрацыі. Гэта будзе адбывацца па меры таго, як ідзе вакцынацыя ад каронавіруса, як растуць цэны на нафту, энерганосьбіты. Усё гэта падтрымлівае расійскую эканоміку.

Але, з іншага боку, мы бачым падаражанне расійскага рубля на нашым, беларускім валютным рынку. У пачатку бягучага года расійскі рубель падаражэў на 1, 92%.

А дарагі расійскі рубель — гэта зброя, што можа страляць у абодва бакі. З аднаго боку, гэта дадатковы даход для нашых экспарцёраў. Але імпартуем мы з Расіі таксама вельмі шмат: гэта, у першую чаргу, энерганосьбіты, метал...

Мы на побытавым узроўні глядзім, у асноўным, па цэнах на мяса, каўбасу, яйкі і іншыя асноўныя прадукты, але спажывецкі кошык і інфляцыя датычацца значна большай колькасці тавараў і паслуг.

І ў сукупнасці названыя фактары працуюць не на карысць таго, каб інфляцыя ў бліжэйшы час вярнулася да значэнняў, якія мы назіралі год-два таму.