Эксперт: Пасля выбараў валютны кошык дадасць у вазе

Самая, бадай, маштабная за 2015 год падзея на палітычнай арэне Беларусі ўжо не за гарамі. У бліжэйшую нядзелю, 11 кастрычніка, адбудуцца выбары прэзідэнта Беларусі. Усе папярэднія выбары кіраўніка дзяржавы традыцыйна суправаджаліся тымі ці іншымі негатыўнымі наступствамі для эканомікі: паслабленнем нацыянальнай валюты, ростам коштаў або спусташэннем крамных паліц. Карэспандэнт КРЫНІЦЫ.INFO звярнуўся да старшага аналітыку «Альпары» у Мінску Вадзіма Іосуба з просьбай зрабіць прагноз магчымых паводзінаў курсу рубля на перыяд пасля выбараў.



1551915.jpg

«Блізкія прэзідэнцкія выбары нельга назваць нейкай важнай мяжой для валютнага рынку Беларусі, бо нічога штучнага на гэтым рынку зараз не адбываецца. У той жа час, зыходзячы з эканамічных перадумоў, можна казаць аб тым, што нацыянальная валюта працягне здаваць пазіцыі», — лічыць Вадзім Іосуб.

«Сёння многія звяртаюць увагу на падзенне даляра, якое пачалося літаральна на гэтым тыдні. На гэтай падставе людзі спрабуюць будаваць нейкія тэорыі, але гэта не падстава для дыскусіі. Бо на фоне паслаблення даляра расійскі рубель актыўна расце. Прычым расце ён мацней, чым падае даляр», — дадаў эксперт.

Сітуацыя, якая склалася, прыводзіць да павышэння кошту валютнага кошыка, адзначае старшы аналітык. Па словах эксперта, з нейкім штучным умацаваннем беларускага рубля гэта ніякім чынам не звязана.

«Умацавання гэтага няма. Мы бачым, што нацыянальная валюта працягвае сваё падзенне. Тым больш, што літаральна ў гэты аўторак, 6 кастрычніка, беларускі рубель абнавіў свой гістарычны мінімум», — удакладніў Вадзім Іосуб. У гэты дзень курс даляра склаў 17 629 рублёў, еўра —19 756 рублёў, а расійскага рубля — 270,5 рубля.

«Паколькі няма штучнага рэгулявання курсу рубля, то і пасля прэзідэнцкіх выбараў сітуацыя на валютным рынку істотна не зменіцца», — перакананы аналітык.

Вадзім Іосуб чакае, што пасля выбараў кошт валютнага кошыка працягне свой плаўны рост, а паводзіны асобных валют — долара, еўра, расійскага рубля — будуць залежаць ад сітуацыі на знешніх рынках. «У першую чаргу, ад таго, як будзе змяняцца цана на нафту. І ўслед за гэтым — што чакае курс расійскага рубля», — растлумачыў эксперт.

«Калі казаць пра тое, у чым беларусам бяспечней трымаць свае зберажэнні, то з майго пункту гледжання аптымальны спосаб захавання грашовых сродкаў змяняецца пад уздзеяннем кан’юнктуры рынку. Таму падзяліць свае зберажэнні: 50% захоўваць у замежнай валюце, 50% — на дэпазіт у беларускіх рублях», — рэзюмаваў Вадзім Іосуб.

Паводле: krynica.info