Атаман Улаховіч: Я супраць рэформаў і зменаў

Старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, кандыдат у прэзідэнты Мікалай Улаховіч прагаласаваў на 54 участку ў Мінску.



d6886483648ce1d0d97646384337aae4.jpg

«Я ўжо перамог. Мяне працэнты не хвалююць. Я паказаў сваю партыю, паказаў беларускае казацтва. А за каго я галасаваў, не скажу, хай будзе інтрыга. Мы дасягнулі свайго выніку: няма ніякіх рэвалюцыйных дзеянняў, няма "Плошчы", няма крыку і гаму », —распавёў кандыдат журналістам, не патлумачыўшы, праўда, хто такія мы.

Улаховіч паабяцаў працаваць да парламенцкіх выбараў і сказаў, што, прыйшоўшы ў палітыку, ён з яе, мабыць, ніколі не сыдзе.

Улаховіч заявіў, што яго не турбуе амаль 70% датэрміновай яўкі на гэтым участку: «Я разумею настроі студэнтаў: хутка-хутка — і паехаць да дому. Гэта не паказчык. А тое, што па краіне 36%, — гэта нічога страшнага. Чаго баяцца? У ЗША 40% папярэдне галасуюць».

Кандыдат заявіў, што "мы не гатовыя да рэформаў, не трэба нам пераменаў». «Беларусі трэба спакойна перажыць эканамічны крызіс», які будзе доўжыцца, на яго думку, два гады, і ў гэты час не займацца ніякімі рэформамі.

Улаховіч не хавае, што ведае, хто пераможа: «Я не сумняваюся, што Лукашэнка пераможа. Яшчэ не вырасла яму замена. Чалавек у палітыцы 20 гадоў! Вы думаеце, што, у яго электарат слабей, чым у мяне? Я рэальны чалавек. Я, вядома, перамог, перамог сябе. Перамог, што адважыўся на гэты крок. А вырашыцца было няпроста».

Кандыдат заявіў, што будзе працаваць на тое, каб «у нашага прэзідэнта былі пераемнікі». «А пераемнікам я бачу толькі партыю. У прэзідэнта будзе свая партыя, а яна народзіць новага прэзідэнта, на гэта я спадзяюся. На гэта працаваў і я, і мае канкурэнты на гэтых выбарах — мы ўсё рабілі дзяржаўную справу».

Паводле: Белорусский партизан