Танная гарэлка і стабільнасць пры Лукашэнку

Нічога новага гэтыя выбары з сабою не нясуць — іх вынікі вядомыя загадзя, і ў гэтым ніхто не сумняваецца. Танныя спірытусовыя напоі ў школьных (!) сталоўках і нябедныя (па асартыменце) буфеты, пэўна, прыцягнулі выбарцаў. А яшчэ ж было рэкорднае за ўсю гісторыю сучаснай Беларусі датэрміновае галасаванне.  



7527407629bbe34abc280e949ed77013_logo.jpg

Аўтару гэтых радкаў давялося паназіраць 11 кастрычніка, што адбываецца і якая атмасфера на двух выбарчых участках у сталіцы. Адразу можна сказаць, што апазіцыі, якая заклікала да ігнаравання гэтае кампаніі, дасягнуць сваіх мэтаў не атрымалася. І малаколькасныя мітынгі, і нават несанкціянаванае шэсце 10 кастрычніка ў цэнтры Мінска не паўплывалі на стаўленне большасці электарата да сёлетніх “выбараў”.

Так, чэргаў на выбарчых участках, дзе давялося пабываць, не было. Але павольная “двіжуха” не спынялася. Ішлі і старыя, якіх была большасць, і маладыя. На пытанні, за каго галасавалі, пераважна чуўся адказ, што за Лукашэнку. Гэта і ў гімназіі № 18, і ў сярэдняй школе № 73. І тлумачылі гэта апытаныя тым, што дзякуючы Лукашэнку ў Беларусі захоўваецца стабільнась (гэтае слова вылятала з вуснаў усіх рэспандэнтаў), а таксама тое, што ў Беларусі няма вайны. Адна 45-гадовая жанчына сказала так: “У нас стабільнасць, тут не страляюць, заробкі плацяць, дзеці ходзяць у школу, “хуткая дапамога” прыязджае. Што яшчэ трэба?”

У сталоўцы школы №73, дзе было чалавек пяць, на экране з кампутара паказвалі нейкую чарговую “агітку”, якая цалкам была на карысць Аляксандру Лукашэнку. У гэтай агітцы ў выглядзе нібыта дакументальна-аналітычнага фільма аўтары ганьбілі і апазіцыю, і расійскі адыёзны канал НТВ, які перад выбарамі 2010 года паказаў цэлы серял “Хросны бацька”, дзе аўтары без імёнаў напоўніцу бэсцілі афіцыйнага беларускага лідара. Сёлета расійскія афіцыйныя СМІ нічога падобнага не рабілі, але ў беларускай прапаганды добрая памяць. 

Адміністрацыйны рэсурс у Беларусі відавочна спрацаваў. Верны “Санча-панса” Лідзіі Ярмошынай, як яго даўно ўжо ахрысцілі ў медыях, намеснік старшыні Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік раніцай у нядзелю ў інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь-1” паведаміў, што ў дарэрміновым галасаванні па краіне ўзялі ўдзел 36% выбарцаў.

Але якім чынам склалася такая лічба? Вось толькі адзін прыклад для разважання. Як паведаміла “Новаму Часу” незалежная назіральніца Ада Чалей, у першы дзень датэрміновага галасавання на выбарчым участку № 37 Савецкага раёна беларускай сталіцы з 1060 унесеных у спісы для галасавання выбарцаў прагаласавалі 773 чалавекі. Такім чынам, яўка склала 73%, то бок, выбары на гэтым участку адбыліся ўжо ў той жа дзень.

Але справа ў тым, што дадзены выбарчы ўчастак уключае ў сябе студэнцкі інтэрнат і адзін жылы дом. “У першы дзень галасавалі толькі студэнты. Ніводзін жыхар з дома тады галасаваць не прыйшоў”, — адзначыла назіральніца.

Хто ў цвярозым розуме паверыць, што студэнты па ўласнай ініцыятыве кагалам павалілі на датэрміновае галасаванне? Так ці інакш, ніякай інтрыгі і сёлета няма. Пытанне толькі ў тым, якія лічбы 12 кастрычніка агчыць Ярмошына. Калі за Лукашэнку “прагаласуюць” 80% выбарцаў ці каля таго, то гэта ўжо будзе верх цынізма. Бо менавіта такую пажаданую лічбу не саромеючыся днямі агучыў сам галоўны фігурант працэса пераабрання сябе на вышэйшую пасаду ў Беларусі. І яшчэ цікава, якую ацэнку гэтай кампаніі дадуць міжнародня назіральнікі ад БДІПЧ АБСЕ.