У дзень выбараў рэпер Вожык выпусціў песню пра набалелае
Рэпер Вожык прэзентуе на сайце «Арт Сядзібы» свой новы твор пра набалелае — песню «Абіраем Лукашэнку». «Назва трэку гучыць як агітацыя ў дзень цішыні, але насамрэч усё трошкі складаней», — кажа рэпер
«Гэтая песня — адлюстраванне таго, як я адчуваю сёлетнія выбары. Менавіта з такім настроем я пражыў гэтыя перадвыбарчыя месяцы. Таму ў гэты хмуры і безнадзейны дзень я зычу ўсім сонечнага настрою», — зазначае Вожык.
— Мне падаецца, што Вожыку ў сваёй песні ўдалося сказаць тое, пра што маўчаць апазіцыйныя палітыкі і СМІ, — кажа прадусар рэпера Мікіта Броўка. — Мы вінавацім ва ўсім «крывавы рэжым», а насамрэч вінаватыя мы самі. Гэта мы кожныя пяць год выбіраем Лукашэнку. Выбіраем не на выбарах, а сваёй абыякавасцю да ўсяго, што робіцца ў краіне. Бяздзеянне і апатыя большасці ёсць тыя самыя віртуальныя галасы за тое, каб у краіне нічога не мянялася, — рэзюмуе Мікіта.
Нагадаем, што нядаўна Вожык прэзентаваў на сайце «Арт Сядзібы» свой EP «Лікёры», які стаўся першым крокам да вяртання рэпера ў беларускую прастору. Зараз Вожык актыўна працуе над новым альбомам, які плануецца выпусціць праз некалькі месяцаў.
Спампаваць і паслухаць песню можна тут.
Паводле: Арт Сядзіба