Фінскія ўладальнікі «Лідскага піва» за паўгода не знайшлі пакупнікоў на завод. Цяпер ужо не варта шукаць

Кампанія «Olvi» прызнала, што прадаць прадпрыемства ў Лідзе, якім яна валодае 14 гадоў, не ўдалося і ўжо не ўдасца ў бліжэйшы год.

bdfa461fb5b5a096f7c06d681135701c.jpg

У сувязі са зменамі ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусі, якое рэгулюе працэдуру продажу актываў замежных кампаній, фінскі ўладальнік прадпрыемства прыйшоў да высновы, што продаж ААТ «Лідскае піва» ў бліжэйшыя 12 месяцаў «наўрад ці адбудзецца», напісала кампанія.

Зыходзячы з фінансавых стандартаў групы, «Лідскае піва» больш не можа ўваходзіць у пералік актываў, прызначаных для продажу, і зноў уключаецца ў кансалідаваную справаздачнасць кампаніі. У прамежкавай справаздачы, апублікаванай 19 кастрычніка 2022 года, выказвалася думка, што продаж адбудзецца не пазней, чым цягам наступных 12 месяцаў. Таксама «Olvi» скасоўвае кароткатэрміновы прагноз, у якім не ўлічваўся аперацыйны прыбытак «Лідскага піва».

Папярэдні прагноз, агучаны кампаніяй у справаздачы 19 кастрычніка, не ўключаў гаспадарчую дзейнасць «Лідскага піва» і прадугледжваў зніжэнне аперацыйнага прыбытку за 2022 год у параўнанні з папярэднім.

Завод у Лідзе існуе з 1876 года, нагадвае «Св*бода». Паводле даных Інстытута гісторыі НАН Беларусі, гэта найстарэйшы бровар на тэрыторыі краіны. Фінскі холдынг «Olvi plc» валодае «Лідскім півам» з 2008 года. Кампаніі належыць 96,4% акцый. Таксама фіны маюць свае актывы ў Эстоніі, Латвіі і Літве.

У сакавіку 2022 года, праз дапамогу Лукашэнкі Расіі з ваенным уварваннем ва Украіну, «Olvi» заявіла, што пачынае згортваць свой бізнес і шукае пакупніка на актыў у Лідзе.

«Сітуацыя ва Украіне надзвычай сур’ёзная, і нашы думкі на баку пацярпелых ад вайны ўкраінцаў. Мы рашуча асуджаем напад на Украіну. Мы імкнёмся працаваць у адпаведнасці з каштоўнасцямі «Olvi», і гэта адзінае разумнае рашэнне для забеспячэння доўгатэрміновай і адказнай дзейнасці», — казаў тады Пэнці Хакарайнен, старшыня праўлення «Olvi».

Кампанія гарантавала працу і аклад супрацоўнікам лідскага завода да моманту яго продажу. Аднак пакупніка не знайшлі, а затым урад у Мінску пачаў ствараць спісы актываў, якія замежныя інвестары не могуць прадаць. Лукашэнка прыгразіў, што калі замежны капітал пойдзе з Беларусі, яго актывы ў Беларусі нацыяналізуюць.

Паводле ранейшай статыстыкі, «Лідскае піва» забяспечвала каля 32% агульнага аб’ёму продажаў групы «Olvi».